![]() |
11.99 р.
Вага: 450 г
Памеры: 205x220 мм
|
Дзе Купала начавала. Народныя песні, калыханкі, прыказкі і прымаўкі / укладанне Алены Масла. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. — 86 с. : іл. — Цвёрдая вокладка.
ISBN 978-985-02-1320-4
Беларускія народныя песні, калыханкі, прыказкі і прымаўкі ў шыкоўным аздабленні карцін таленавітай беларускай мастачкі Ганны Сілівончык — цудоўнае выданне для сямейнага чытання і падарунак усім, хто любіць прыгожае.
ЗМЕСТ
Тым, хто любіць родны край. Алена Масла
Народныя песні
Калыханкі
Прыказкі і прымаўкі
Тым, хто любіць родны край (Прадмова да кнігі)
Гэтая кніга пачалася з карцін мастачкі Ганны Сілівончык. Убачыўшы іх, я загарэлася ідэяй падабраць да карцін тэксты, знайсці ім адпаведнікі ў словах. Эксперыментавала з вершамі, казкамі беларускіх пісьменнікаў, пакуль не здагадалася звярнуцца да вуснай народнай творчасці. І адразу (нібы адгадала таямнічы код) асобныя карціны і беларускія народныя песні, калыханкі, прыказкі і прымаўкі, як пазлы ў мазаіцы, сабраліся ў кнігу, якую шаноўны чытач трымае ў руках.
Тут падаецца тое-сёе з багатай фальклорнай спадчыны беларускага народа, якая, дарэчы, сцвярджаюць навукоўцы, найбагацейшая ў славянскім свеце.
Чаму мы такія багатыя на фальклор? Тлумачэнне гэтага факта — у няпростай гісторыі беларускай культуры. Беларуская мова і ў часы Расійскай імперыі, і яшчэ раней, у часы Рэчы Паспалітай, была выведзеная са сферы афіцыйнага ўжытку. Але наш магутны, таленавіты народ, не зважаючы на афіцыйныя забароны, на сваёй роднай мове складаў чароўнай красы песні, казкі, легенды.
У прыказках і прымаўках перадаваў нашчадкам спасцігнутую праз доўгія вякі жыццёвую мудрасць. Людзі, не маючы ні друкаваных, ні электронных носьбітаў для захавання інфармацыі, з вуснаў у вусны перадавалі найлепшыя ўзоры ўласнай творчасці, каб у кожным наступным пакаленні чароўныя словы доўжылі сваю варажбу, абуджалі нашчадкаў да стваральнай працы.
У гэтай кнізе чытач знойдзе і песню, якая дала назву зборніку. Вось колькі радкоў з яе:
— Я прысніла бедных дзетак,
Што згубілі родну хатку,
Родну хатку, зямлю-матку,
Што забылі сваю песню.
Мая песня ў цёмным лесе.
— Хто ж цяпер яе спявае?
— Той, хто любіць родны краю.
Крыўдна стаць «беднымі дзеткамі» сёння, у эпоху развітых тэхналогій, кнігадрукавання, інтэрнэту і аддаць сваё непаўторнае слова, культуру ў пастку глабалізацыі. Балазе, цяпер Беларусь — самастойная незалежная краіна, а беларуская мова мае статус дзяржаўнай.
Шчыра спадзяюся: гэтая кніга знойдзе водгук у сэрцах усіх, хто любіць родны край, і абудзіць душы тых, хто блукае па зямных прасторах, забыўшыся, што ў найхарашэйшай і выбітнай замежнай краіне мы — госці.
I толькі тут — дома.
Алена Масла
Камэнтары
Прабачце, калi ласка, але цi
Прабачце, калi ласка, але цi зявiцца гэта кнiга у продажу? дзякуй.