Катлярчук Андрэй. У ценю Польшчы і Расеі. Вялікае княства Літоўскае і Швэцыя ў часе эўрапейскага крызісу сярэдзіны XVII ст.

Катлярчук Андрэй. У ценю Польшчы і Расеі
21'000 р.
Вага: 430 г
Памеры: 165x240 мм
5
Сярэдняя: 5 (усяго галасоў 3)

Менск, 2010. – 305 с.

ISSN 1392-9682

Тэрытарыяльныя спрэчкі за Літву і Беларусь былі галоўнай прычынай швэдзка-расейскіх, польска-расейскіх і ўкраінска-расейскіх сутыкненьняў. Відавочная роля літоўскай, казацкай ці трансыльванскай эліты ва ўсходнеэўрапейскім крызісе. У той час кожная зь іх мела ўласныя геапалітычныя мэты, дзеля дасягненьня якіх супрацоўнічала з магутнымі суседзямі. Усё гэта ўплывала ня толькі на разьвіцьцё гэтых паўнезалежных пэрыфэрыйных дзяржаў, але і на балянс сіл ва Усходняй Эўропе ў цэлым.

20 кастрычніка 1655 г., у Кейданах Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае і Швэцыя падпісалі дамову аб утварэньні супольнай фэдэратыўнай дзяржавы. У выніку вуніі былі прыняты тры асноватворныя дакумэнты. Па-першае, акт аб дзяржаўным саюзе паміж Швэцыяй і Літвой. Гэтае пагадненьне падпісалі 1172 прадстаўнікі літоўскай палітычнай нацыі. Па-другое, літвіны прынялі зварот да эўрапейскай супольнасьці, у якім патлумачылі прычыны разрыву вуніі з Польшчай і заключэньня саюзу са Швэцыяй. Па-трэцяе, 23 кастрычніка 1655 г. была заснавана Рада швэдзкай Літвы на чале з Бэнгтам Шутэ, намесьнікам швэдзкага караля ў Літве.

Галоўнымі юрыдычнымі пунктамі Кейданскай уніі былі палітычны разрыў з Польшчай і заснаваньне швэдзка-літоўскага саюзу, у рамках якога ВКЛ спадзявалася адрадзіцца ў якасьці самастойнага суб'екта міжнародных адносін. Кейданская вунія сымбалізавала новы – балтыйскі – выбар для ВКЛ.

ЗЬМЕСТ

Сьпіс мапаў
Сьпіс ілюстрацыяў
Сьпіс скарачэньняў
Прадмова да беларускага чытача

1. Прадмова
1.1. Уводзіны
1.2. Назвы і трансьлітарацыя
1.3. Тэарэтычныя асновы, выбар мэтадаў і мэтаў дасьледаваньня
1.4. Папярэднія дасьледаваньні
1.5. Апісаньне крыніцаў

2. Сэпаратызм і польская палітыка
2.1. Вялікае Княства Літоўскае пасьля Люблінскай уніі
2.2. Партыя Радзівілаў: пратэстанцкая яднота і контрарэфармацыя
2.3. Гандлёвыя аспэкты літоўска-швэдзкіх адносінаў
2.4. Швэдзка-літоўскія дачыненьні
2.5. Кантакты паміж пратэстантамі Літвы і Швэцыі
2.6. Партыя Радзівілаў і швэдзкая геапалітыка
2.7. Высновы

3. У пошуках бясьпекі: швэдзкі напрамак
3.1. Кейданская дэклярацыя 17 жніўня 1655 г.
3.2. Нараджэньне швэдзка-літоўскай фэдэрацыі: Кейданская унія 20 кастрычніка 1655 г.
3.3. Роля Кейданскай уніі ў зьмене балянсу сіл у рэгіёне: асьвятленьне уніі ў Эўропе
3.4. Швэдзкая Літва і яе ўлада
3.5. Антышвэдзкае паўстаньне ў Жамойці і канец Кейданскай уніі
3.5.1. Матывы паўстаньня і яго першы этап
3.5.2. Швэдзкі "Drang nach Жамойць"
3.5.3. Езуіты і Расея
3.5.4. Ад паўстаньня да хаосу і грамадзянскай вайны
3.6. Адыход Жамойці пад швэдзкую апеку і выхад з-пад яе
3.7. Высновы

4. Змаганьне за Вялікае княства Літоўскае
4.1. Парадоксы вайны: тры вялікія князі літоўскія і адзін гетман
4.2. Роля занятых Расеяй літоўскіх земляў у швэдзка-расейскім канфлікце
4.2.1. Перамовы паміж Расеяй і літоўскай шляхтай
4.2.2. Роля літоўскай шляхты ў пачатку расейска-швэдзкай вайны
4.3. Літва Багуслава Радзівіла: Радноцкая дамова і аблога Берасьця 1657 г.
4.4. Украінска-расейскі канфлікт вакол Беларусі
4.5. Беларускае і літоўскае пытаньне ў швэдзка-ўкраінскіх дачыненьнях
4.6. Спроба Ўкраіны далучыць да Гетманшчыны Пінскі павет
4.7. Месца Вялікага княства Літоўскага ў швэдзкай палітыцы ў 1658–1661 гг.
4.8. Высновы

5. Агульныя высновы
5.1. Паваенны крызіс у ВКЛ
5.2. Заняпад пратэстантызму
5.3. Самаўсьведамленьне шляхты ВКЛ пасьля вайны
5.4. Эўрапейскі крызіс: выпадак ВКЛ
5.5. Літва і Швэцыя пасьля эўрапейскага крызісу

Дадатак I. Дэклярацыя ў Кейданах 17 жніўня 1655 г.
Дадатак II. Публічнае абвяшчэньне пра дамову ў Кейданах 20 кастрычніка 1655 г.

З прадмовы Андрэя Катлярчука да беларускага чытача:

Беларускі чытач атрымаў манаграфію пасьля яе выхаду ў Швэцыі і Нямеччыне. Спадзяюся, менавіта ў Беларусі кніга займее найбольшы розгалас. Пошукі альтэрнатыўных шляхоў палітычнага разьвіцьця дасюль застаюцца актуальным для Беларусі пытаньнем. У 1655 г. пратэстанцкая частка палітычнай эліты ВКЛ марыла пазбавіцца залежнасьці ад Польшчы і Расеі ды далучыцца ўсьлед за Эстоніяй і Латвіяй да дынамічнай Швэдзкай дзяржавы. На жаль, мары патрыётаў ня зьдзейсьніліся. Контрарэфармацыя зьнішчыла ўсе асяродкі іншадумства, скасавала моцныя повязі з найбольш разьвітымі народамі сьвету. У XVIII ст. краіна нашых продкаў пачала разам з Польшчай тэхналягічна і культурна адставаць ад перадавых эўрапейскіх дзяржаваў. Па зьнікненьні Рэчы Паспалітай з малы сьвету Беларусь і Літва, наагул апынуўшыся ў ізаляцыі, "праспалі" прамысловую рэвалюцыю і пераход ад фэўдалізму да буржуазнага дэмакратычнага ладу. Калі сяляне Швэцыі ўвесь час былі вольнымі, а з XVI ст. мелі ўласную фракцыю ў сойме і рэальна бралі ўдзел у кіраваньні дзяржавай, дык беларускія сяляне заставаліся прыгоннымі шляхты да 1861 г., а прыгнёт таталітарных сыстэмаў цярпелі ажно да канца XX ст. Як гісторык, мушу зазначыць: адказ на пытаньне, чаму штодзённы лад жыцьця беларускіх вёсак і гарадоў сёньня так моцна розьніцца ад швэдзкага, – менавіта ў гэтай трагічнай спадчыне.

Вядома, што значная частка беларускага грамадзтва марыць пра эўрапейскія пэрспэктывы. Трэба адзначыць: Эўразьвяз як адзіная дэмакратычная, юрыдычная і культурная прастора ўжо існаваў у XVI-ХVIIІ стст., да зьяўленьня навачаснага нацыяналізму. Беларускія студэнты масава вучыліся на Захадзе, выдадзеныя на Беларусі дыплёмы, тэстамэнты і прывілеі без праблемаў прызнаваліся ў Швэцыі або Партугаліі. Галоўныя падпісанты Кейданскай уніі Януш і Багуслаў Радзівілы шчыра сябравалі зь вядучымі швэдзкімі палітыкамі, вучыліся разам з Магнусам Дэлягарды і Бэнгтам Шутэ ў Галяндыі, ва ўнівэрсытэце Ляйдэна. І размаўлялі яны са швэдамі безь перакладнікаў – на нямецкай і лацінскай мовах. Абодва літвінскія палітыкі ўважліва сачылі за новымі тэхналёгіямі і зьдзяйсьнялі маштабныя эканамічныя рэформы на Радзіме. Колькі сучасных беларускіх палітыкаў маюць падобныя здольнасьці?

Далучэньне да Эўропы – доўгі працэс, які патрабуе карпатлівай, разьлічанай не на адно дзесяцігодзьдзе працы цэлага пакаленьня, каб палепшыць эканамічны, праўны і духоўны стан грамадзтва. Акурат так было пасьля скону дыктатуры Франка ў Гішпаніі – на той момант адной з найбяднейшых краінаў кантынэнту, а сёньня лідэра Эўропы. Найбольш адукаваныя людзі нашага краю яшчэ ў XVII ст. зразумелі: без прававой дзяржавы і павагі да правоў чалавека няма дабрабыту. Сёньня для эўрапейскага грамадзтва гэта аксіёма.

Спадзяюся, што ўважлівы чытач знойдзе ў гэтай кнізе, прысьвечанай нібыта далёкім ад нас падзеям, адказы на актуальныя пытаньні сучаснага жыцьця.

Андрэй Катлярчук


Раім таксама паглядзець:
Латышонак Алег, Мірановіч Яўген. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пач
21'000 р.
5
Сярэдняя: 5 (усяго галасоў 2)

Латышонак Алег, Мірановіч Яўген. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст.

Хоць асноўнай мэтавай аўдыторыяй дадзенага падручніка зьяўляліся беларусы, якія сёньня жывуць у Польшчы, цікавасць яна ўяўляе і для жыхароў мэтраполіі, г. зн. Рэспублікі Беларусь. Ужо на самым пачатку кнігі, ва ўступе, аўтары прадэкляравалі, што "мы будзем адстойваць перш за ўсё беларускі, а ня польскі пункт гледжаньня на гістарычныя падзеі, але без празьмернага шанаваньня беларускіх гістарычных мітаў".

Мальдзіс Адам. Як жылі нашы продкі ў ХVIIІ стагоддзі. Восень пасярод вясны
25'100 р.
4.666665
Сярэдняя: 4.7 (усяго галасоў 3)

Мальдзіс Адам. Як жылі нашы продкі ў ХVIIІ стагоддзі. Восень пасярод вясны

У кнізе разглядаюцца творы мемуарнай літаратуры ХVIIІ ст., якія ўзніклі на тэрыторыі Беларусі або цесна звязаныя з ёй. Аўтар дае яскравыя партрэты магнацтва, шляхты, мяшчанства і сялянства, расказвае пра грамадскае і сямейнае жыццё, матэрыяльную і духоўную культуру тагачаснай Беларусі.

Камінскі Анджэй Суліма. Рэспубліка супраць аўтакратыі
14'400 р.
5
Сярэдняя: 5 (1 голас )

Камінскі Анджэй Суліма. Рэспубліка супраць аўтакратыі

Кніга апавядае пра перыяд зацішша, калі нічога не мянялася на ўсходзе Еўропы. Але то было зацішша перад бурай, калі адны бяздарна гублялі шанцы, а другія паслядоўна рыхтавалі змену ў балансе сілаў.