|
109'900 р.
Вага: 980 г
Памеры: 210x295 мм (усяго галасоў 3)
|
Фотаальбом. – Мінск : Логвінаў, 2011. – 159 с.
ISBN 978-985-6991-63-3
Зварот арганізатараў
Шаноўныя сябры!
Гэты альбом стаўся вынікам другога конкурсу "Прэс-фота Беларусі". Мы атрымалі больш за 2000 конкурсных здымкаў за 2010 год ад 72 айчынных фотажурналістаў, супрацоўнікаў дзяржаўных і недзяржаўных медыяў.
Пад гэтай вокладкай вы знойдзеце фатаграфіі пераможцаў і некаторых фіналістаў конкурсу ў 8-мі намінацыях: "Навіны", "Людзі ў навінах", "Штодзённае жыццё", "Спорт", "Партрэт", "Мастацтва і забавы", "Прырода" і "Народныя традыцыі" (апошняя рубрыка з'явілася ў конкурсе ўпершыню).
Сёлета журы ацэньвала асобна адзінкавыя здымкі і серыі. Мяркуем пакінуць гэтую практыку і надалей.
Конкурс прэс-фатаграфіі паўстаў у мінулым годзе. Арганізатарамі выступілі прафесійныя беларускія фотарэпарцёры.
За два гады існавання конкурсу здымкі нашых пераможцаў дэманстраваліся ў Мінску, Гродне, Брэсце, а таксама за мяжой – у Маскве, Кіеве, Львове, Кракаве, Варшаве ды іншых гарадах.


Рубрыка "Архіў"
Гісторыя беларускай прэс-фатаграфіі сёння не толькі не ўсвядомленая, але і не даследаваная. Нас яшчэ чакае доўгі шлях асэнсавання спадчыны фотажурналістыкі, дый беларускай фатаграфіі агулам. Аргкамітэт конкурсу "Прэс-фота Беларусі" распачынае публікацыю рэтраспектыўнага цыклу, які пазнаёміць з вядучымі фотажурналістамі Беларусі, што ў свой час сфармавалі погляд на краіну і вызначылі вектар развіцця беларускай фотажурналістыкі сёння.
Сяргей Брушко нарадзіўся 28 мая 1958 года ў Гарадзеі, што непадалёк ад Нясвіжа. Скончыўшы школу з залатым медалём, адслужыўшы ў войску і не паступіўшы на геаграфічны факультэт БДУ, Сяргей Брушко ў пошуку прафесіі вяртаецца да свайго юнацкага захаплення – фатаграфіі. Ён паступае ў Маладзечанскае ПТВ на фатографа-тэхнолага і па сканчэнні накіроўваецца ў Салігорск у мясцовае фотаатэлье. Амаль адразу пасля ўладкавання на новым месцы пачынае супрацоўнічаць з мясцовай раённай газетай, а затым з рэспубліканскай "Чырвонай Зменай" і досыць хутка перабіраецца ў Мінск штатным фотакарэспандэнтам выдання.
На хвалі перабудовы, у другой палове 80-х, фатаграфіі Сяргея Брушко становяцца вострасацыяльныя, даследуюць савецкі побыт, беларускую вёску. Таксама ў гэты перыяд пачынаецца праца над тэмай наступства выбуху на Чарнобыльскай атамнай станцыі. У 1998 годзе ў межах беларуска-швейцарскага праекту выйшла адзінае выданне аўтара пры жыцці "У пошуках Беларусі. Год дванаццаты пасля Чарнобыля".
Працы Сяргея Брушко параўноўваюць з творамі Карт'е-Брэсона (Cartier-Bresson) за дакладнасць у працы з кампазіцыяй пры перадаванні дакументальнай выявы. Маючы свой аўтарскі стыль і дакладнае ўспрыняцце рэальнасці, ён стварыў значны архіў здымкаў канца ХХ стагоддзя, якія можна аднесці да візуальных дакументаў эпохі станаўлення незалежнасці Беларусі. Напрыканцы 90-х гадоў у фатографа выявілася невылечная хвароба Рэйно, з якой ён змагаўся апошнія пяць гадоў жыцця. 28 жніўня 2000 года Сяргея Брушко не стала. Фатографа пахавалі на радзіме, у паселішчы Гарадзея.


Прэс-фота Беларусі – незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ў Беларусі. Мэтай конкурсу з'яўляецца падтрымка і развіццё прафесійнай прэс-фатаграфіі ў краіне. Ён закліканы стымуляваць развіццё фотажурналістыкі, падтрымаць абмен досведам і ведамі паміж пакаленнямі беларускіх фатографаў, сфармуляваць высокія прафесійныя стандарты ў фотажурналістыцы і спрыяць свабоднаму і неабмежаванаму абмену прафесійнай інфармацыяй.
Даведацца пра конкурс падрабязней і паглядзець здымкі пераможцаў можна тут.