![]() |
7.99 р.
Вага: 330 г
Памеры: 150x210 мм
|
На службе князя Радзівіла: аповесць/ Алег Рукаль. – Мінск : Юніпак, 2013. – 196 с. : іл.
ISBN 978-985-6802-58-7
Аповесьць “На службе князя Радзівіла” прысьвечана падзеям Інфлянцкай вайны другой паловы XVI стагодзьдзя. На старонках твору паўстаюць гістарычныя постаці вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста, канцлера Вялікага Княства Літоўскага і ваяводы віленскага князя Мікалая Радзівіла Чорнага, найвышэйшага гетмана літоўскага князя Мікалая Радзівіла Рудога і іншыя.
15 студзеня 1563 году да заезнай карчмы, разьмешчанай на адлегласьці шасьцідзесяці вёрстаў ад Полацка, наблізіўся конны аршак. Дваццаць вершнікаў суправаджалі пяць вялікіх гружаных санак, якія цяжка сьлізгалі па сьнезе. На двары падарожныя прывязалі коней да канавязаў і пасьпяшаліся да шынкара.
Карчма была напоўнена людзьмі. Зямяне і месьцічы грэліся з дарогі і голасна размаўлялі. Слугі сноўдалі паміж лавамі і абслугоўвалі наведнікаў.
Карчмар пачціва павітаў прыбылых рыцараў і запрасіў іх заняць месца за вялікім дубовым сталом. Недалёка ад іх разьмясьціўся яшчэ адзін гурт ваяроў. Яны тоўпіліся за адным сталом і вялі ажыўленую размову. Адзін з іх, убачыўшы тых, хто ўвайшоў, ускочыў і радасна закрычаў:
– Вітковіч!
На гэты вокліч адгукнуўся камандзір знаёмага нам аршаку, высокі мужчына сарака гадоў з коратка падстрыжанымі валасамі і пышнымі чорнымі вусамі.
– Каверскі!
Імгненьне і абодва рыцары ўзялі адзін аднаго ў абдоймы.
– Сябры, – зьвярнуўся да сядзеўшых з ім за сталом зямянаў Каверскі, – дазвольце адрэкамэндаваць вам майго даўняга прыяцеля, пана Вітковіча, паручніка гусарскай харугвы князя Мікалая Радзівіла Чорнага.
Ваяры ўзьняліся са сваіх месцаў і па чарзе пазнаёміліся з Вітковічам: Даліва, Гамылка, Ляхоўскі…
– Далучайцеся да нашага стала, пан паручнік, – запрасіў Даліва.
– З вялікім задавальненьнем, – адказаў Вітковіч.
– У якой справе вы сьпяшаецеся да Полацка? – запытаўся Каверскі.
– Мы вязем у горад порах ад князя Радзівіла. А вы?
– А мы кіруемся ў Вільню. Пан ваявода выправіў нас да цэйгаўзу. Са сталіцы будзем суправаджаць абоз са зброяй.
– Чакаеце на маскавітаў?
– Так. Іхныя вялізныя сілы сабраныя ў Мажайску. Хутчэй за ўсё, будзе выправа на Полацак.
– А горад падрыхтаваны да аблогі?
Каверскі паціснуў плячыма.
– Цяпер маем інтэнсіўную работу над умацаваньнем замку. Прыходзяць абозы з порахам, серай і сьвінцом. З віленскай людвізарні майстра Брайфуса нядаўна прыбылі два фальконы...
Слоўнік імёнаў і тэрмінаў
Аканом – гаспадарчы кіраўнік маёнтку.
Аршак – невялікі конны атрад.
Астроскі Канстанцін (1460–1530) – адзін з самых славутых гетманаў Вялікага Княства Літоўскага. Сучасьнікі называлі яго “другім Ганібалам”. Атрымаў 64 перамогі над маскавітамі і татарамі, у тым ліку і ў
славутай бітве пад Воршай у 1514 г.
Бітва пад Воршай 1514 г. – адбылася 8 верасьня 1514 г. на рацэ Крапіўне непадалёк ад Воршы паміж ліцьвінскімі і маскоўскімі войскамі. 35тысячнае войска К. Астроскага дазваньня разграміла 80тысячную маскоўскую армію і ўратавала краіну ад захопу.
Бона Сфорца (1494–1557) – каралева польская і вялікая княгіня літоўская, маці Жыгімонта Аўгуста.
Гакаўніца – ручная агняпальная зброя, якая выкарыстоўвалася для абароны фартэцаў, а таксама ў адкрытым баі.
Гарадзельскі прывілей – заканадаўчы акт, прыняты ў 1413 годзе, які прадугледжваў перавагу каталікоў у Вялікім Княстве Літоўскім пры заняцьці дзяржаўных пасадаў.
Гарадня – прастакутны драўляны зруб з бярвёнаў ці брусоў, частка сьцяны драўлянага абарончага збудаваньня (гроду, замку ды інш.). Для ўзмацненьня сьценаў гародні маглі рабіць у дзьве ці тры сьцяны, а
ўнутраную прастору засыпаць зямлёй, друзам ці каменьнем.
Глябовіч Ян (1544–1590) – кашталян менскі, пазьней падскарбі (міністар фінансаў) Вялікага Княства Літоўскага. Адзін з лідараў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Знакаміты веданьнем Бібліі і гарачым патрыятызмам. Падчас захопу Полацку маскоўскім войскам у 1563 г. быў узяты ў палон. Цудам выжыў. У многім дзякуючы Яну Глябовічу быў
прыняты Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588г., які зрабіўся асновай беларускага заканадаўства і дзейнічаў больш за 240 гадоў.
Дворныя і земскія ўрадоўцы – прыдворныя і
дзяржаўныя чыноўнікі.
Драб – пяхотнік, пешы ваяр Вялікага Княства
Літоўскага.
Жыгімонт Аўгуст (1520–1572) – вялікі князь
літоўскі з 1544 г., адначасова кароль польскі – з 1548 г. Пры ягоным кіраваньні ў Вялікім Княстве Літоўскім пашырылася і перамагла Рэфармацыя,
была праведзена аграрная рэформа 1557 г. і зацьверджаны Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 г. У 1569 г. падпісаў акт Люблінскай вуніі, паводле якой Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае стварылі канфэдэрацыю – Рэч Паспалітую Абодвух Народаў (палякаў і ліцьвінаў). Апошні з дынастыі Ягайлавічаў.
Залога – гарнізон.
Збор – эвангельская, пратэстанцкая царква (ад
слова “збор” “сабраньне” вернікаў).
Земскі скарб – нешта падобнае да дзяржаўнага
бюджэту.
Іван IV Жахлівы (1530–1584) – вялікі князь маскоўскі (1533–1584). У 1547 г. абвясьціў сябе царом “усяе Русі”. Праводзіў вельмі жорсткую ўнутраную і замежную палітыку. Разьвязаў шэраг войнаў на
захадзе і на ўсходзе, у тым ліку супраць Вялікага Княства Літоўскага. Увёў апрычніну. У расейскай гістарычнай традыцыі вядомы як Иван Грозный, у
ангельскай – як John the Terrible, у французскай – Ivan le Terrible, у нямецкай – як Iwan der Schrekliche.
Казнадзей – прапаведнік.
Капа – грашовалікавая адзінка ў Вялікім Княстве Літоўскім роўная 60 грошам.
Карона – Польскае каралеўства (Карона Польская).
Корд – кароткі меч, у баі выконваў функцыі кінжала.
Літва – Вялікае Княства Літоўскае, беларуская дзяржава ў XIIIXVIII стст. Утварылася ў сярэдзіне ХІІІ ст. са сталіцай у Наваградку (цяпер раённы цэнтар Гарадзенскай вобласьці). У 1323 г. вялікі князь літоўскі Гедзімін перанёс сталіцу ВКЛ у Вільню.
Лютары – зьняважлівая назва эвангельскіх хрысьціянаў у XVI ст.
Людвізарня – майстэрня, у якой адліваліся
гарматы.
Маентнасьць – маёмасьць.
Мартыра – гармата вялікага калібру з кароткай руляй. Прымянялася для разбурэньня ўмацаваньняў праціўніка.
Маярат – атрыманьне ў спадчыну нерухомасьці паводле прынцыпу першародзтва ў сям’і.
Мікалай Радзівіл Руды (1512–1584) – найвышэйшы гетман Вялікага Княства Літоўскага, адзін з лепшых палкаводцаў краіны. У 1564 г. разьбіў маскоўскае войска пад Улай, чым уратаваў краіну ад захопу. Разам са стрыечным братам Мікалаем Радзівілам Чорным (“Чорным” і “Рудым” Радзівілы
называліся паводле колеру барады) быў лідарам Рэфармацыі ў Беларусі.
Мікалай Радзівіл Чорны (1515–1565) – канцлер
Вялікага Княства Літоўскага, “некаранаваны кароль Літвы”. Галоўны лідар Рэфармацыі ў Беларусі. У 1553 г. публічна вызнаў эвангельскую веру. Заснаваў шэраг пратэстанцкіх збораў, школаў, друкарняў, дзякуючы чаму Вялікае Княства Літоўскае фактычна зрабілася пратэстанцкай краінай (большасьць эліты складалі пратэстанты). Удзельнічаў у распрацоўцы
аграрнай рэформы 1557 г., рыхтаваў рэдакцыю Статуту 1566 г. Дзякуючы ягонай падтрымцы выдавалася шматлікая хрысьціянская літаратура, у тым ліку “Катэхізіс” Сымона Буднага ў 1562 г. і Берасьцейская Біблія ў 1563 г. Час ягонага канцлерства лічыцца адным з найбольш слаўных пэрыядаў Залатога Веку Беларусі.
Міністар – служыцель, так называлі пратэстанцкіх сьвятароў.
Паны-рада – (у дакумэнтах на лацінскай мове – сэнат) – найвышэйшы орган дзяржаўнага кіраваньня Вялікага Княства Літоўскага, які разьвязваў галоўныя пытаньні палітыкі і эканомікі, адыгрываў істотную ролю ў абраньні вялікага князя, абароне дзяржавы, падрыхтоўцы законапраектаў.
Пахолкі – слугі, слугізбраяносцы.
Почт – вайсковае фармаваньне, якое ствараў (наймаў) і ўзначальваў арыстакрат Вялікага Княства Літоўскага.
Прэнг – эшафот.
Рагаціна – разнавіднасьць дзіды. Найчасьцей выкарыстоўвалася пад час паляваньня, радзей на вайне.
Ручніца – агняпальная ручная зброя.
Рыдван – невялікая конная каляска.
Сагайдак – камплект з калчана са стрэламі і лука
ў налуччы.
Сойм – парлямэнт у Вялікім Княстве Літоўскім.
Сэрпантына – палявая гармата, якая характарызавалася доўгім ствалом і малым калібрам.
Фартэца – крэпасьць.
Фальканэт – гармата малога калібру прымялася пры абароне невялікіх замкаў і як палявая зброя пяхоты.
Фалькон – тое самае, што фальканэт, толькі фалькон мог мець большы калібар.
Цэйгаўз – складзкое памяшканьне для захоўваньня запасаў зброі і вайсковага рыштунку.
Чакан – разнавіднасьць баявой сякеры з вузкім кароткім лязом.