Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Сасноўскі Зміцер. Гісторыя беларускіх музычных уплываў

Сасноўскі Зміцер. Гісторыя беларускіх музычных уплываў
3.99 р.
Вага: 210 г
Памеры: 135x200 мм



Кніга прысвечаная ўплыву беларускай музыкі на музычнае мастацтва блізкіх і далёкіх суседзяў, а таксама яе прысутнасці ў свеце. Разглядаецца творчасць кампазітараў беларускага паходжання за мяжой і іх еўрапейскае прызнанне, уключэнне беларускіх народных мелодый у творы вядомых кампазітараў, пашырэнне ў замежжы беларускіх нотных матэрыялаў.

Мінск : Медысонт, 2009. – 140 с.

ISBN 978-985-6887-30-0

Кніга прысвечаная ўплыву беларускай музыкі на музычнае мастацтва блізкіх і далёкіх суседзяў, а таксама яе прысутнасці ў свеце. Разглядаецца творчасць кампазітараў беларускага паходжання за мяжой і іх еўрапейскае прызнанне (Міхал Клеафас Агінскі, Станіслаў Манюшка, Напалеон Орда ды іншыя), уключэнне беларускіх народных мелодый у творы вядомых кампазітараў (Людвіг ван Бетховен, Фрыдэрык Шапэн, Мадэст Мусаргскі, Пётр Чайкоўскі), пашырэнне ў замежжы беларускіх нотных матэрыялаў. Чытач знойдзе цікавыя звесткі пра навучанне ў Беларусі замежных музыкаў і музычнае жыццё беларускай эміграцыі ў XX ст.

ЗМЕСТ

Прадмова
Выезд беларускіх музыкаў на працу за мяжу
Беларускія інструменты і фальклор у культуры іншых народаў
Беларускі нотны матэрыял за мяжой
Вядомыя кампазітары і музыкі беларускага паходжання
Беларускі фальклор у творах вядомых кампазітараў
Атрыманне адукацыі ў Беларусі замежнымі музыкамі
Прафесійныя музыкі беларускай эміграцыі XX ст.
Падсумаванне
Літаратура

 

Прадмова

Беларуская музыка, якая мае багатую гісторыю, у розныя перыяды уплывала на музычнае мастацтва блізкіх і далёкіх суседзяў. Шмат якія кампазітары беларускага паходжання набылі агульнаеўрапейскае прызнанне – Міхал Клеафас Агінскі, Станіслаў Манюшка, Напалеон Орда, Мечыслаў Карловіч, Ганна Мейчык, Чэслаў Немэн... Многія расійскія і польскія кампазітары (Пётр Чайкоўскі, Мікалай Рымскі-Корсакаў, Фрыдэрык Шапэн ды іншыя) уключалі ў свае творы беларускія народныя мелодыі. У Беларусі атрымалі музычную адукацыю такія выдатныя музыкі, як Фёдар Стравінскі (бацька Ігара Стравінскага), Сяргей Мігай, Марыя Гулегіна, Ірма Яўнзем...

Часам беларускія ўплывы мелі доўгачасовы характар: нашыя музыкі працавалі ў Польшчы пры дварах каралёў Ягайлы, Аляксандра, Жыгімонта I, Жыгімонта II і Жыгімонта III; падручнікі па тэорыі музыкі рэктара Полацкага калегіума Жыгімонта Ляўксміна выдаваліся ў Мангейме, Кёльне, Вене. Часам беларускія ўплывы былі адзінкавымі з'явамі: беларускія народныя мелодыі ў 9-й сімфоніі Людвіга ван Бетховена, а таксама ў "Grand Fantasie" Фрыдэрыка Шапэна, у оперы "Барыс Гадуноў" Мадэста Мусаргскага...

Асаблівым відам беларускіх уплываў трэба прызнаць тое, што кампазітары нашага краю першымі ў Еўропе рабілі значныя музычныя адкрыцці. Напрыклад, беларускія кампазітары выкарыстоўвалі вакальныя цыклы задоўга да афіцыйнага адкрыцця гэтага жанру Л. Бетховенам, а паланэзы Мацея Радзівіла з'яўляюцца самымі раннімі аркестравымі ўзорамі гэтага танца ў Еўропе. Міхал Казімір Агінскі падказаў Ёзэфу Гайдну сюжэт яго славутай араторыі "Стварэнне свету". За восем гадоў да напісання Вольфгангам Амадэем Моцартам оперы "Вяселле Фігаро" мелодыя каванціны Фігаро ўжо прагучала ў вакальным цыкле "Да Касі" Міхала Клеафаса Агінскага. Заснавальнікам расійскай гітарнай школы стаў музыка з Вільні Андрэй Сіхра. Першую оперу "Фаўст" у супрацоўніцтве з Ёганам Вольфгангам Гётэ напісаў Антоні Генрык Радзівіл. У "Фаўсце" Радзівіла Мефістофель упершыню заспяваў тэнарам, і толькі пазней гэта сустракаецца ў оперы Сяргея Пракоф'ева "Агнёвы анёл". Джузэпэ Вэрдзі пачынае першую карціну "Рыгалета" музыкай, якая літаральна паўтарае "д'ябальскія скокі" Мефістофеля з "Фаўста" Антонія Генрыка Радзівіла. Акрамя гэтага, Антоні Генрык Радзівіл апярэдзіў свой час у сістэме лейтматываў, якую пазней увёў у оперную практыку Рыхард Вагнер. Антонію Генрыку Радзівілу прысвячалі свае творы Людвіг ван Бетховен, Фрыдэрык Шапэн, Фелікс Мендельсон і Марыя Шыманоўская. Высокую ацэнку яго творам давалі Ферэнц Ліст і Роберт Шуман.

Шмат якія дасягненні беларускай музыкі капіявалі кампазітары суседніх краін, асабліва П. Чайкоўскі, які ў "Пікавай даме" выкарыстаў паланэз беларускага кампазітара Восіпа Казлоўскага, а раманс Міхала Клеафаса Агінскага "Абуджэнне" зрабіў "секстай Ленскага" ў оперы "Яўгеній Анегін" (той жа раманс "Абуджэнне" трапіў у Сімфонію № 6 П. Чайкоўскага).

Несумненна, самым папулярным беларускім кампазітарам, чыя творчасць паўплывала на музычную культуру многіх краін, быў Міхал Клеафас Агінскі. Апрача ўжо пералічаных фактаў (апярэджванне Моцарта, "пазычанне" мелодый П. Чайкоўскаму), Міхал Клеафас Агінскі зрабіў значны ўплыў на творчасць Габрыэля Грубера, Роберта Шумана, Ферэнца Ліста і Фрыдэрыка Шапэна. Асабліва прыкметна яго ўздзеянне на рамансавую культуру Расіі. Раманс Міхала Клеафаса Агінскага "Каля цябе" паслужыў правобразам "старинных русских романсов" XIX ст., стыль раманса Міхала Клеафаса Агінскага "Завялая ружа" скапіяваны ў рамансе Міхаіла Глінкі "Сумненне".

Некаторыя беларускія музыкі станавіліся вельмі вядомымі за межамі Беларусі. Ганна Мейчык, дачка мінскага адваката Д. Мейчыка, з поспехам выступала ў нью-ёркскай Metropoliten opera, стала салісткай міланскай La Scala і лісабонскай оперы San Carlush. Беларускі патрыёт славуты спявак Міхась Забэйда-Суміцкі атрымаў прызнанне ў Італіі, Чэхіі і Польшчы. Вядомы беларускі скрыпач і кампазітар Міхаіл Ельскі паспяхова канцэртаваў у Польшчы і Германіі. Шклоўскі віртуоз Міхаіл Гузікаў з беларускімі народнымі "брусочкамі" (правобраз ксілафона) з вялікім поспехам гастраляваў у Польшчы, Аўстрыі, Германіі і Бельгіі. Заўжды памятаў пра свае беларускія карані легендарны польскі спявак і кампазітар Чэслаў Немэн.

Даследаванне беларускіх музычных уплываў і прысутнасці беларускай музыкі ў свеце дагэтуль адбываецца эпізадычна і носіць несістэмны характар. Дадзенай тэме не прысвечана ніводнай манаграфіі. Многія факты гісторыі беларускай музыкі яшчэ не ўведзеныя ў навуковы ўжытак. Гістарычнае музыказнаўства ў Беларусі толькі пачынае развівацца. 3 гэтых прычынаў дадзеная праца з'яўляецца ў многіх аспектах эксперыментальнай і мае на мэце папярэднюю сістэматызацыю факталагічнага матэрыялу і яго першаснае асэнсаванне. Выказаныя ў кнізе меркаванні заснаваныя на даступных крыніцах і могуць быць удакладненыя ці нават абвергнутыя пры супастаўленні іншага набору фактаў ці адкрыцці новых гістарычных крыніц.

Прапанаваная структура працы падаецца аўтару аптымальнай, але не пазбаўлена недахопаў. Напрыклад, раздзел "Выезд беларускіх музыкаў на працу за мяжу" вельмі блізкі па зместу да раздзела "Вядомыя кампазітары і музыкі беларускага паходжання". Утвараецца пэўная штучнасць у падзеле беларускіх музыкаў за мяжой на малавядомых і вядомых, бо часам вядомыя музыкі страчвалі сувязь з Радзімай і цалкам успрымалі музычную культуру новай краіны. У кнізе адсутнічае раздзел аб выданні за мяжой твораў беларускіх кампазітараў, бо гэтае пытанне асветленае ў біяграфіях саміх кампазітараў.

Пры аднясенні музычнай з'явы да пэўнага раздзела улічана тое, які бок гэтай з'явы найбольш вызначыўся як беларускі музычны ўплыў. Напрыклад, Станіслаў Манюшка, які актыўна выкарыстоўваў беларускі фальклор, апошнюю частку жыцця правёў у Польшчы. Яго творчасць разглядаецца ў раздзеле "Вядомыя кампазітары і музыкі беларускага паходжання", а не ў раздзеле "Беларускі фальклор у творах замежных кампазітараў". Іншы прыклад: Вячаслаў Селях-Качанскі – выдатны спявак беларускага паходжання, але яго творчы шлях разглядаецца не ў раздзеле "Вядомыя кампазітары і музыкі беларускага паходжання", а ў раздзеле "Прафесійныя музыкі беларускай эміграцыі", бо апошнюю частку жыцця ён актыўна ўдзельнічаў у жыцці беларускай эміграцыі ЗША.

Існуе таксама праблема карэктнага выкарыстання гістарычных тэрмінаў.

Старабеларуская народнасць была дэмаграфічным падмуркам Вялікага Княства Літоўскага і арэал яе рассялення ў XV – XVIII стст. ахопліваў большую частку гэтай дзяржавы. Старабеларуская мова была дзяржаўнаю мовай Вялікага Княства. У выніку палітонім "ліцвіны" ў XV – XVIII стст. надзвычай часта выкарыстоўваўся ў дачыненні да прадстаўнікоў старабеларускай народнасці. Пры гэтым для азначэння праваслаўнага насельніцтва Княства Літоўскага выкарыстоўваліся тэрміны "русін", "русінскі", "рускі". Тэрміны "літоўскі" і "рускі" знаходзіліся ў складанай узаемазалежнасці. У гэтай сітуацыі вызначальнай становіцца геаграфічная лакалізацыя прадмета даследавання.

Сучасныя дзяржаўныя межы Рэспублікі Беларусь не ахопліваюць усяго арэала этнаграфічнага рассялення беларусаў. Аднак усе без выключэння этнічныя беларускія землі на працягу многіх стагоддзяў былі паўнавартаснымі ўдзельнікамі мастацкіх працэсаў у межах старабеларускай народнасці і пазней беларускай нацыі. Абшар беларускага этнасу ахоплівае землі ад Заходняй Смаленшчыны да Беласточчыны (Падляшша), ад Паўднёвай Латгаліі і Віленскага краю да Палесся. Адпаведна, музычным мастацтвам Беларусі будзем лічыць усе музычныя з'явы, якія ўзніклі і сфармаваліся на вызначанай тэрыторыі.

Падрабязней пра кнігу "Гісторыя беларускіх музычных уплываў" тут.


Раім таксама паглядзець:
Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі
1.50 р.

Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі

Гэтая кніга — першая ў гісторыі Беларусі спроба сабраць пад адной вокладкай інфармацыю пра асобащ і калектывы, якія ў той ці іншай ступені засьведчылі сябе ў розных стылях і кірунках таго, што можна лічыць папулярнай музыкай.

Чатыры стагоддзі беларускай вакальнай музыкі
1.60 р.

Чатыры стагоддзі беларускай вакальнай музыкі

Беларусь – спеўная краіна. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова зазірнуць у шматтомныя зборы беларускага фальклору. Не менш выразнай выглядае і акадэмічная традыцыя вакальнай культуры беларусаў.

Сасноўскі Зміцер. Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўска
3.99 р.

Сасноўскі Зміцер. Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага

Падрыхтоўка рыцара абавязкова ўключала засваенне комплексу сігналаў, неабходных для вайсковага побыту, вартавой службы і арганізаванага ўдзелу ў бітвах. У "Слове пра паход Ігаравы" пра жыццё сапраўднага ваяра сказана, што ён народжаны пад вайсковымі трубамі: "под трубами повиты, под шлемами взлелеяны, с копья вскормлены".