У рамане "Чужая бацькаўшчына", які ўваходзіць у вядомы пісьменніцкі цыкл празаічных твораў, адзначаных Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа, Вячаслаў Адамчык стварыў вобраз заходне-беларускай вёскі ва ўмовах даваеннай польскай дзяржавы. Празаік зарэкамендаваў сябе як выдатны псіхолаг, знаўца чалавечае душы і традыцый вясковага побыту.
Ян Баршчэўскі — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Галоўны яго твор – "Шляхціц Завальня", дзе ўпершыню шырока выкарыстоўваюцца беларускія казкі і паданні, дзе ў кожным слове "чуваць беларуса".
У кнігу народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава (1924 – 2003) увайшлі аповесці "Альпійская балада" і "Дажыць да світання" пра цяжкія франтавыя будні і лёс чалавека на вайне.
У кнігу ўвайшлі п’есы-казкі вядомага беларускага драматурга Сяргея Кавалёва, напісаныя ў розныя гады. Гэта творы вельмі разнастайныя паводле жанру (міфалагічныя, чарадзейныя, авантурныя, філасофскія), прызначаныя як для самастойнага чытання, так і для школьнага тэатра.
Адзін з найлепшых гістарычных раманаў у беларускай літаратуры. Уладзімір Караткевіч па-майстэрску ўзнаўляе панараму жыцця краю напярэдадні паўстання 1863 года. Чытач трапляе ў магнацкі палац і сялянскую хату, у гімназічны клас і на велікасвецкі баль і разам з галоўным героем рамана Алесем Загорскім адкрывае для сябе прыгажосць, веліч і трагедыю сваёй радзімы – Беларусі.
Гэта твор пра сярэдневякоўе, пра тыя змрочныя часы, калі наш народ знаходзіўся пад прыгнётам царквы і феадалаў. "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" – своеасаблівая мастацкая энцыклапедыя народнага жыцця Беларусі XVI стагоддзя. Гэта трагічная і адначасова надзіва жыццесцвярджальная кніга.
У кнігу ўвайшлі аповесць "Чазенія" і такія апавяданні, як "Паром на бурнай рацэ", "Сіняя-сіняя...", "Кніганошы" і інш. Творы прасякнутыя любоўю да прыроды і гісторыі роднай Беларусі, у іх апяваецца хараство і духоўная прыгажосць чалавека.
Вінцэсь Каратынскі (1831 – 1891) – пісьменнік і журналіст. Дэмакратызм, гуманістычны пафас яго творчасці зрабілі адчувальны ўплыў на станаўленне беларускай літаратуры. У кнізе найбольш поўна сабрана ўсё лепшае з яго творчай спадчыны.
Алег Лойка – вядомы паэт, крытык, празаік, аўтар рамана пра Янку Купалу "Як агонь, як вада...". Герой яго кнігі "Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае" – славуты першадрукар Ф. Скарына. Аўтар апавядае пра жыццё і дзейнасць Скарыны ў Празе, Вільні, Полацку, Кракаве, пра яго любоў да свайго народа, да роднага краю.
У кнігу выдатнай беларускай пісьменніцы, асветніцы, грамадскага і рэвалюцыйнага дзеяча Цёткі (Алаізы Пашкевіч, 1876 – 1916) увайшлі творы з яе літаратурнай спадчыны: вершы, апавяданні, артыкулы, нарысы, адметная рыса якіх рэвалюцыйная палымянасць, пафас барацьбы за народную справу, вера ў лепшую будучыню роднага краю.