Паэзія Міхася Башуры вельмі эмацыянальная і свавольная, бо яна гаворыць пра вечныя чалавечыя каштоўнасці. Вершы, прадстаўленыя ў выданні, разгортваюць перад чытачом каляровую гаму новага свету, дзе няма месца здрадзе, нянавісці і падману. Гэта – светлая кніга, якая рэкамендуецца ўсім прыхільнікам паэтычнага слова.
Артыкулы, эсэ, пятрогліфы. — Мінск: Галіяфы, 2009. — 200 с. — (Другі фронт мастацтваў).
Пісьменнік і навукоўца Пятро Васючэнка сузірае класіку беларускай літаратуры (творы Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Гарэцкага, А. Гаруна, У. Караткевіча) з пазіцыі сучаснасці.
“Вілейскі павет” – гісторыка-краязнаўчы гадавік, які будзе знаёміць з гісторыяй пэўнага рэгіёна – Вілейшчынай. Гэта пляцоўка для даследчыкаў – падзяліцца сваімі адкрыццямі, а для чытачоў – атрымаць займальнае і пазнавальнае чытанне пра край.
Разбурэнне рамана як класічнай буйной формы. Трынаццаць частак твора "Замак пабудаваны з крапівы" – гэта, з аднаго боку, кампіляцыя асобных занатовак, замалёвак, казак, журналістыкі і бог ведама чаго, з другога – цэласны тэкст са сваёй выразнай архітэктонікай. Структура прадстаўленай кнігі будзе вымагаць ад чытача рэканструкцыі ўласных эмоцыяў і досведу. Перадусім раман Змітра Вішнёва можа выклікаць абурэнне або захапленне, але не абыякавасць.
Два творы на адным дыску: знакамітая казка клясыка сусьветнае літаратуры Вільгельма Гаўфа ў перакладзе аднаго з самых вядомых беларускіх пісьменьнікаў новае генэрацыі Альгерда Бахарэвіча з камэнтарамі і ПАСЬЛЯМОВАЙ – новым Альгердавым раманам пра прыгоды нікому не вядомага перакладніка, які падчас працы над казкай сам становіцца пэрсанажам дзіўнай, містычнай гісторыі...
Казкі Сяргея Календы блізкія да чароўных, хаця ў іх няма пафасных цмокаў, самотных прынцаў ды непрадказальных феяў, няма чароўных прадметаў ад барады да лямпы. Аднак тут ёсць матывы ўвядзення, матывы пошукаў іншага сусвету і падарожжа ў яго, тут ёсць ініцыяцыі, без якіх немагчыма чароўная казка. Галоўнае – героі ды адносіны паміж імі.
Раман вугорскага пісьменніка Імрэ Кертэса "Страчаны лёс" (1975), шмат у чым аўтабіяграфічны, уражвае не так апісаннямі "жахаў" і "пекла канцлагераў", як незвычайнай інтанацыяй аповеду, пазбаўленай пафасу і празмерных эмоцыяў.
Вандроўка на субмарыне па затопленым Менску спакваля пераўтвараецца ў экскурсію па нетрах падсвядомасці аўтара, знаёмства з яе флорай і фаўнай. Кніга населеная безліччу эфемерных і яўна прыдуманых істотаў, якія і далі ёй назву. Часам публіка нібы адчувае сябе за кулісамі аматарскага тэатру, дзе любая трагедыя пераўтвараецца ў фарс. Але ўсё ж напрыканцы гэтага трыпа вас можа наведаць нязмушаная надзея на сапраўднасць...
У кнізе паэта, музыкі, радыёвядоўцы Віктара Сямашкі прадстаўлены цыкл вершаў "ReRa". Тэксты пісаліся пераважна ў другой палове 2008 г. падчас візітаў аўтара на Лагойшчыну. Рэра - гэта беларускае дыялектнае слоўца", якое абазначае неахайнага чалавека.
У зборнік “Габітацыя” ўвайшлі тры цыклі вершаў, створаныя Віктарам Сямашкам у перыяд з кастрычніка 2006 г. да траўня 2008 г.: “Габітацыя”, “Дафарэнцыя” і “Гзымс”. У прадстаўленых тэкстах аўтар апісвае рознабаковыя стасункі з рэчаіснасьцю й робіць тое бязь лішніх фантазіяў, але з наданьнем сакральнага зьместу кожнай дэталі.
Кніга дыялогаў складзеная з фрагментаў гутарак, дыскусій ды палемік, у якіх аўтар браў удзел пачынаючы з 1994 г. Усе пытанні і адказы задзіночаныя паводле пэўных тэмаў: гісторыя, культура і рэлігія, літаратура, філасофія, прыватнае жыццё. Кожнай тэме папярэднічае міні эсэ аўтара. Кніга разлічаная на тых, хто ўласнаруч будуе Беларусь.
Анталогія латвійскай паэзіі — гэта ўнікальны праект, які аб’яднаў на сваіх старонках аўтараў з Латвіі XX і XXI ст. Нягледзячы на геаграфічную блізкасць нашых краін, творчасць латвійскіх паэтаў малавядомая ў Беларусі. Кніга будзе цікавая ўсім тым, хто неабыякавы да сучаснай паэзіі і перакладаў.
"Палімпсэст" – першы буйны празаічны твор вядомага паэта, эсэіста, стваральніка Таварыства вольных літаратараў Алеся Аркуша. Рэальныя героі маладосьці пісьменьніка трапілі ў "бурштын" творчага пераасэнсаваньня мінулага і набылі другое, гэтым разам літаратурнае жыцьцё.
Апокрыф-правакацыя. – Мінск: Галіяфы, 2009. – 142 с.
"Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша" – пародыя на афіцыйную мінуўшчыну трох спадкаемцаў міфалагічнай істоты Homo Slavіanikus’а, у якой дастаткова выразна прачытваецца гісторыя трох сусветна знаных народаў.
Культура і гісторыя, літаратура і кіно, мроі і спадзяваньні, асабістае і грамадзкае, вечнае і надзённае, Беларусь як частка Эўропы і Эўропа як беларускі сон — вось толькі некаторыя з тэмаў, якія зрабіліся вызначальнымі для гэтай кнігі. Кнігі пра сваё, напісанай тут і цяпер.
Шабаны. Адно з сакральных месцаў сёньняшняга Менску. Канцавая станцыя мітычных аўтобусаў і нікому не цікавых лёсаў. Шабаны як брама, Шабаны як пастка. Іхняя тапаніміка вяртае ў чужое мінулае, іхняя геаграфія сягае далей за вызначаныя ім межы, іхняя гісторыя больш загадкавая, чым можа падацца на першы погляд.
Гераіня аповесці "Рай даўно перанаселены" займаецца падрабязнай рэканструкцыяй уласнага дзяцінства, бязлітасна аналізуючы існаванне трох пакаленняў жанчын, якія нарадзіліся "пад халоднымі сонцамі ўяўных велічыняў". Узаемаадносіны беларускай эмігранткі і былога салдата вермахта – у цэнтры вострасюжэтнай аповесці "Дараванне", дзеянне якой адбываецца ў сучаснай Нямеччыне. У кнігу таксама ўвайшлі першая аповесць аўтаркі "Бязлітасны мой воін" і шэраг апавяданняў.
Творчасць фантаста Алеся Бычкоўскага ахоплівае невядомыя сегменты Сусвету, дзе адбываюцца неверагодныя прыгоды і адкрыцці і дзе можна па-іншаму ад прывычнага адчуць час і прастору. У кніжцы ёсць караблі-зоркалёты і мужныя космапраходцы, хітрыя кантрабандысты. Два супертворы сучаснай беларускай фантастыкі змешчаныя ў гэтай кнізе: дзве фантастычныя навелы "Ён прыйдзе апоўначы" і "Муары Лідлу". А разам з імі – захапляльныя аповесці і твор па-за жанрам – "Хвалі. Бязмежная плынь" – для тых, хто любіць філасофскія вандроўкі.
У кніжцы надрукаваныя артыкулы, што рыхтаваліся цягам апошніх дваццаці гадоў. У матэрыялах разглядаюцца самыя розныя творчыя постаці — паводле ўзросту і эстэтычных поглядаў. Фактычна, перад чытачом вымалёўваецца своеасаблівы культурны ландшафт.
Кніга Дар’і Вашкевіч "Баваўняная дзяўчынка" — пра і для дзяўчатак і хлопчыкаў ад двух да ста дзевятнаццаці гадоў. Яе можна чытаць удзень і ўначы, нашча ці толькі што пад’еўшы бабулінага супчыку, лежачы пад коўдраю або ўскараскаўшыся на яблыну. Галоўнае пры гэтым — кагосьці любіць. А астатняе — дэталі.