![]() |
0.99 р.
Вага: 640 г
Памеры: 145x210 мм
|
Мінск: Радыёла-плюс, 2006. — 596 с., 12 іл.
ISBN 985-448-065-8
Гэтая кніга – самы поўны на сённяшні дзень інтэграваны выклад найважнейшых з’яваў літаратуры ХІХ—пачатку ХХІ ст., у якім беларуская літаратура разглядаецца як неад’емная частка сусветнага літаратурнага працэса. Кніга з’яўляецца своеасаблівым працягам папулярных нарысаў Л.Баршчэўскага “Літаратура ад старажытнасці да пачатку эпохі рамантызму”, што выйшлі ў 2003 г.
Адрасуецца старшакласнікам, настаўнікам, абітурыентам, студэнтам, выкладчыкам — усім, хто цікавіцца мастацкім словам, пытаннямі беларускай і сусветнай літаратуры і культуры.
Замест уводзінаў.
Канец XVIII і пачатак ХІХ стагоддзя — пераломны час у гісторыі літаратур Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Для творцаў гэтай пары ўсё меншае значэнне маюць усталяваныя раней каноны літаратурнай творчасці. Не жанр, не стылёвыя сродкі, а сам аўтар робіцца галоўным чыннікам поспеху альбо няпоспеху таго ці іншага твора. Адбываецца працэс выразнай індывідуалізацыі стылю: менавіта індывідуальны, аўтарскі стыль цяпер супрацьстаіць норме, аўтарытэт якой раней лічыўся непахісным. Творчае, прасякнутае мыслядзеяннем “я”, падпарадкоўвае сабе універсальную норму, перамагае традыцыяналізм, які цягам шматлікіх стагоддзяў прадвызначаў сутнасць літаратурнага працэсу ў Еўропе і Азіі. Вырашальную ролю ў гэтых рэвалюцыйных зменах адыграла ўзнікненне і развіццё рамантычнай плыні, фармаванне рамантычнага метаду мастацкага адлюстравання рэчаіснасці.
Сярэдзіна ХІХ стагоддзя — зорная часіна рэалістычнага спосабу асваення свету. Рэалізм не адмяняў творчых дасягненняў сваіх папярэднікаў-рамантыкаў, а працягваў адкрываць шматстайнасць навакольнай рэчаіснасці і духоўнае багацце чалавечай асобы, сцвярджаў нацыянальную самабытнасць і гістарычную канкрэтнасць мастацкага вобраза..Многія пісьменнікі, якія пачыналі як рамантыкі, пазней станавіліся на пазіцыі рэалізма (Бальзак, Стэндаль, Гюго, Міцкевіч, Пушкін). Рэалізм паказваў жыццё ў “формах самога жыцця”, ствараючы вобраз пры дапамозе тыпізацыі рэальных фактаў (“тыповыя характары ў тыповых абставінах”), і быў у гэтых сэнсе раўназначным паняццю жыццёвай праўды.
У другой палове ХІХ стагоддзя рэалізм дасягнуў сваёй вяршыні ў творчасці Флабера, Дзікенса, Талстога, Дастаеўскага — яны імкнуліся да ўсеабдымнай шматстайнасці светаразумення, да паказу складанасці і супярэчлівасці чалавечай натуры, трагічнай раз’яднанасці людзей і народаў, сутыкнення ў невырашальных канфліктах асобы і грамадства, народа і ўлады. У рэалістычнай — бальзакаўска-талстоўскай — канвенцыі аўтар набываў функцыі творцы мастацкай мадэлі рэчаіснасці і ў пэўнай ступені ўступаў у суперніцтва з самім Богам як першастваральнікам Сусвету. Пазнавальныя магчымасці рэалізма пазней раскрыліся ў шматтомных раманных цыклах, у жанры “сямейнай сагі” Заля, Ралана, Франса, Галсуорсі, Т.Мана, Горкага, Драйзера, К.Чорнага, І.Мележа і іншых.
На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў літаратурны працэс прыкметна палярызаваўся. Натуралізму, які абапіраўся на дасягненні прыродазнаўства, супрацьстаяў дэкаданс, які паўстаў супраць крайняй рацыяналізацыі жыцця і стаў эстэтычнай прадумовай узнікнення мадэрнізма. ХХ стагоддзе ў аснове сваёй стагоддзе мадэрнізма, які з’явіўся на арэне спачатку еўрапейскай, а затым і сусветнай гісторыі ў акружэнні шматлікіх літаратурных плыняў і школ імпрэсіянізма, сімвалізма, экспрэсіянізма, футурызма, акмеізма, дадаізма, сюррэалізма, імажынізма, “плыні свядомасці”, экзістэнцыялізма, “новага рамана”, “драмы абсурду”. Мадэрнізм узнік на фоне трагічных катаклізмаў, войнаў і рэвалюцый і глабальнага расчаравання ў чалавечых каштоўнасцях і ў самім прагрэсе.
Канец ХХ і пачатак ХХІ стагоддзяў праходзіць пад знакам філасофіі і эстэтыкі постмадэрнізма, які адкрывае ў чалавеку яго унікальнае “я” і адначасова “другога” ў іншых людзях, які абуджае глабальнае мысленне і здольнасць спалучаць у свядомасці розныя эпохі, культуры, стылі, спасцігаць рэальнае шматмоўе свету, супярэчлівыя ідэі і погляды, быць талерантным і свабодным. Постмадэрнізм нараджае ў кожным чалавеку мастака. Побач з паняццем аўтара ён сцвярджае паняцце чытача, які на свой лад і розум інтэрпрэтуе творы.
На Парнасе агульначалавечай культуры і нацыянальнай літаратуры нікому не цесна. Набеліянты знаходзяцца ў добрым суседстве з майстрамі мастацкага слова, якія не дачакаліся пры жыцці прэстыжных прэмій і чые персаналіі таксама ўключаны ў гэтую кнігу, бо яны, паводле агульнага прызнання знаўцаў, маюць усе падставы заняць “свой пачэсны пасад” у пантэоне сусветнай літаратуры.
ЗМЕСТ
Замест уводзінаў
ЛІТАРАТУРА РАМАНТЫЗМУ
Асаблівасці развіцця рамантызму ў Беларусі
Ян Баршчэўскі (каля 1974-1851)
Творчасць Адама Міцкевіча як вяршыня паэзіі польскага і беларускага рамантызму
Беларуская літаратура 1830-х гадоў: асноўныя тэндэнцыі развіцця
Асаблівасці англійскага рамантызму
Ранні расійскі рамантызм
Жыццё і творчасць Аляксандра Пушкіна
Жыццёвы і творчы шлях Міхаіла Лермантава
Паўночнаамерыканскі рамантызм. Генры Лангфэла
Далейшае развіццё рамантычнай плыні ў літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя. Беларускамоўныя творцы-рамантыкі
АСВЕТНІЦКІЯ ПЛЫНІ Ў БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ
Асветніцкі класіцызм у беларускай літаратуры
Далейшае развіццё сентыменталісцкай плыні
Творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
Асветніцка-рэалістычныя тэндэнцыі ў беларускай літаратуры першай паловы 1860-х гг.
РЭАЛІЗМ ХІХ СТАГОДДЗЯ
Анарэ дэ Бальзак
Мастацкія адкрыцці Флабэра
Рэалізм у англійскай літаратуры
Станаўленне рэалізму ў расійскай літаратуры
Росквіт рэалістычнай плыні ў расійскай літаратуры другой паловы ХІХ стагоддзя
Габрэйская рэалістычная літаратура ў Расійскай імперыі.
Польская літаратура: ад рамантызму да рэалізму
Беларуская літаратура 1870-х—1890-х гг.: асноўныя тэндэнцыі развіцця
Рэалістычная проза і драматургія ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя
ДЭКАДАНС, ІМПРЭСІЯНІЗМ, СІМВАЛІЗМ І НЕАРАМАНТЫЗМ
Скандынаўскі сімвалізм: творчасць Генрыка Ібсэна
Французскі і бельгійскі сімвалізм
Расійскі сімвалізм
Акмеізм як апазіцыя расійскаму сімвалізму
Натуралізм як "дэкадансны" рэалізм
"Наша Ніва" і літаратары-"нашаніўцы"
Асоба і творчасць Янкі Купалы
Якуб Колас
Максім Багдановіч
Жыццё і творчасць Алеся Гаруна
Змітрок Бядуля
Максім Гарэцкі
ГІСТАРЫЧНАЯ І ЛІТАРАТУРНАЯ ПАНАРАМА ХХ СТАГОДДЗЯ (уводзіны)
ШЛЯХІ МАДЭРНІЗМУ Ў ХХ СТАГОДДЗІ
Мадэрнізм і беларуская літаратура
Райнэр Марыя Рыльке
Гіём Апалінэр
Марсэль Пруст
Джэймс Джойс
Франц Кафка
Лірыка Барыса Пастарнака
Творчасць Уладзіміра Маякоўскага
Алесь Разанаў
"Тэатр абсурду"
МАЙСТРЫ РЭАЛІЗМУ ХХ СТАГОДДЗЯ
Джон Голсуарсі
Іван Бунін
"Сялянская паэзія" і Сяргей Ясенін
Уільям Фолкнер
Проза Эрнэста Хемінгуэя
Творчы даробак Максіма Горкага
Сацыялістычны рэалізм
Літаратурны працэс у СССР у 20-я гады
Літаратурныя суполкі ў Расіі
Міхаіл Шолахаў
Літаратурныя суполкі ў савецкай частцы Беларусі
Літаратура Заходняй Беларусі
Кузьма Чорны
Творчасць Аркадзя Куляшова
Літаратурная апазіцыя
Эмігранцкая літаратура
Беларуская эміграцыя
Працяг рэалістычнай лініі ў пасляваенным беларускім рамане
Традыцыі рэалістычнай школы ў расійскай літаратуры. Расійская "вясковая" проза
ПАШЫРЭННЕ МАГЧЫМАСЦЯЎ РЭАЛІЗМУ Ў ЛІТАРАТУРЫ ХХ —ПАЧАТКУ ХХІ СТАГОДДЗЯ
"Эпічны тэатр" Бертальта Брэхта
Міхаіл Булгакаў
"Магічны рэалізм" Габрыэля Гарсія Маркеса
Інтэлектуальная літаратура
Інтэлектуалізм у беларускай літаратуры
Антыўтопія
Антытаталітарны рэалістычны раман у пасляваеннай Заходняй Еўропе
Экзістэнцыялізм
Таталітарызм і літаратура
Сацыялістычны рэалізм у творчасці Івана Шамякіна
Творчы пошук беларускіх паэтаў пасляваеннага пакалення
Беларуская пасляваенная проза
Беларуская драматургія апошніх дзесяцігоддзяў
Сучасны раман і эсэ
Беларуская эсэістыка сёння
Змена квадры ў беларускай літаратуры: канец 1980-х — пачатак 1990-х гадоў
Постмадэрнізм: творчасць Борхеса
Постмадэрнісцкая плынь у беларускай літаратуры
Масавая культура і развіццё беларускай літаратуры
Заключэнне
Выбраная бібліяграфія
Паказальнік літаратуразнаўчых і іншых паняццяў
СУСВЕТНАЯ ГІСТОРЫЯ І ЛІТАРАТУРА Ў ХІХ—ПАЧАТКУ ХХІ СТ.
(сінхраністычная табліца)
БІЯГРАФІЧНАЯ НАТАТКА