Бутэвіч Анатоль. Каралева не здраджвала каралю

Бутэвіч Анатоль. Каралева не здраджвала каралю
3.49 р.
Вага: 400 г
Памеры: 135x200 мм



Раман. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. – 320 с.

ISBN 978-985-6941-35-4

Займальны аповед пра прыгоды і каханне 17-гадовай беларускай князёўны Соф’і Гальшанскай і 70-гадовага вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы, чацвёртае шлюбаванне якога адбывалася ў беларускім Новагародку ў лютым 1422 года. У выніку ў Польшчы запачаткавалася вядомая на ўсю Еўропу каралеўская Ягелонская дынастыя.

У рамане цесна пераплецены палітыка і каханне, інтрыгі і канфлікты, замешаныя на абвінавачваннях у здрадзе кажнай з чатырох жонак Ягайлы. Нават Соф’і давялося прылюдна даказваць, што яна не здраджвала каралю.


Ад аўтара

Шмат загадак тоіць у сабе наша далёкая і шматаблічная гісторыя. I хоць апошнім часам многія з іх удалося адгадаць, а нямала старонак айчыннага часапісу стала набыткам зацікаўленага чытача, ды яшчэ не менш, напэўна, чакае свайго ўдумлівага і дасведчанага прачытання. Незвычайна плённым на адкрыцці мае быць далёкі час запачаткавання нашай агульнай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, яго барацьба за свой лёс не толькі пад сонцам, а і ў еўрапейскай лучнасці.

У гэтым гісторыяпісанні асаблівае месца займае перыяд напярэдадні і пасля Крэўскай уніі 1385 года, калі Княству давялося не толькі стаць адной з магутных еўрапейскіх дзяржаў, але і ўпарта адстойваць права на самастойнасць і незалежнасць, каб пазбегнуць інкарпарацыі ў склад свайго саюзнага пабраціма – Каралеўства Польскага.

Усё гэта быў час разлому. Разлому па лініі Крэўскай уніі.

Але гэта быў час узвышэння і хітрай ды мудрай палітычнай дзейнасці Вітаўта, названага сучаснікамі Вялікім. Час узыходжання на заўсёды вабны для еўрапейскіх манархаў польскі каралеўскі пасад вялікага князя літоўскага Якава-Ягайлы, які з Крэўскага замка ўпэўнена ступіў у стольны польскі Кракаў каралём Уладзіславам II і стаў пачынальнікам знанай і паважанай не толькі ў Польшчы Ягелонскай дынастыі.

Той час пазначаны і вастрынёй рэлігійных адносін, якія накладвалі адбітак на ўсё жыццё, у тым ліку ў каралеўскім Вавельскім замку, на беларускай зямлі. Якім багам пакланяцца, якія малельні будаваць, каго вылучаць на высокія ўладныя пасады – рэлігійных ці свецкіх асоб? Праваслаўе, каталіцызм, язычніцтва – хто перад кім мае перавагу?

Гэта быў пакручасты, багаты на вострыя канфлікты і сапраўды лёсавызначальны час, калі для многіх дзяржаў і княстваў неадольна стаяла пытанне: быць альбо не быць? Тыя ж выпрабаванні выпалі і на долю Вялікага княства Літоўскага, ягонага гаспадара Вітаўта Вялікага. Куды хінуцца – на ўсход альбо на захад? I не адно крыжакі ці мангола-татары вінаватыя ў гэтым. Віраванне гістарычнага катла было такім крутым, што пагражала сарваць накрыўку, выбухнуць усеаіульным пажарам. Патрабаваліся вялікія палітычныя высілкі і моцныя вайсковыя сілы, каб апанаваць сітуацыяй, а тым больш уплываць на яе. Рабіць гэта маглі толькі моцныя асобы.

Ягайла і Вітаўт былі ў ліку такіх дзяржаўных дзеячаў і палітыкаў. Хоць часам і не ладзілі, сварыліся, нават бунтавалі адзін супраць другога, але самім лёсам ім было прадвызначана і наканавана жыць і дзейнічаць поплеч. Сумеснымі намаганнямі ў Грунвальдскай бітве народаў яны перамаглі непераможны да таго Тэўтонскі ордэн, развеялі міф пра ягоную ўсеўладнасць. Разам будавалі лёс Княства і Кароны і гэтым самым уплывалі на палітычнае становішча ў Еўропе.

Але не адной палітыкай альбо вайной жылі манархі. Як часта здаралася ў высокім свеце і ў асяроддзі сапраўдных рыцараў, якія сваёй храбрасцю вызначаліся не толькі на полі бітвы, траплялі ўладары і ў нерат пазасямейнага кахання, у сямейныя трохкутнікі і нават многавугольнікі, і іх уцягвалі ў непатрэбныя канфлікты. Яны самі кахалі, і іх кахалі. Ім здраджвалі, і яны не заставаліся ў даўгу. Падчас адлучак з высокапасаднага замка і манархі не былі мніхамі. А раз былі навідавоку, то ім больш чым каму даставалася вострых стрэлаў ды абгавораў.

Не быў выключэннем вялікі князь літоўскі Ягайла, які пасля хрышчэння па каталіцкім абрадзе стаў каралём польскім Уладзіславам II, альбо, як на польскі манер, Ягелонам. За сваё больш чым васьмідзесяцігадовае жыццё зведаў ён і радасць асалодных стасункаў з найпрыгажэйшай у Еўропе каралевай польскай – маладзюткай Ядвігай, за якую (а мо не так за яе, як за яе Каралеўства?) у сталым веку сасваталі вялікага князя высокія кракаўскія паслы, і горыч расчараванняў. Але як не павялося з першай жонкай, так не пашчасціла і з дзвюма наступнымі. Невядома, як там было з каханнем, толькі жыццё ў іх было кароткае, не даваў Бог спадчыннікаў, каб мог Ягайла законна трон каралеўскі і пасад вялікалітоўскі сынам перадаць.

Апантаны жаданнем мець сыноў, Ягайла мусіў ужо ў даволі паважным узросце адважыцца на чацвёрты ў сваім жыцці шлюб, на гэты раз з маладой ліцьвінскай князёўнай Соф'яй з роду Гальшанскіх (тэрмін ліцьвін у рамане азначае беларус). 3 таго самага – знакамітага Гальшанскага замка, услаўленага незабыўным Уладзімірам Сямёнавічам Караткевічам. Не памыліўся Вітаўт, які высватаў Ягайлу маладую князёўну, нарадзіла яна сыноў. Але раптам спалохаўся сам Вітаўт: што нарабіў? Няўжо сваімі рукамі пазбавіў сябе магчымасці ўзысці на польскі каралеўскі пасад? I тады ён гучна абвінаваціў Соф'ю Гальшанскую ў здрадзе свайму мужу каралю польскаму Ягайлу...

А што было далей – пра тое ў творы. I не толькі пра сямейныя непамыснасці і выпрабаванні, пра пакуты кахання Ягайлы і Соф'і, але і пра першых Ягайлавых абранніц, якім таксама няпроста жылося на самым высокім уладным пасадзе, з імі не заўсёды знаходзіў паразуменне муж, а вакол было так шмат сапраўдных рыцараў...

Гістарычная прысутнасць і гістарычны фон у рамане даволі моцныя, бо і каханне, і адказныя дзяржаўныя справы заўсёды ішлі поруч, а то і перапляталіся на шкоду адно другому. Але, каб не надта дакучаць і замінаць каханню, працяг гістарычнага аповеду ўключаны ў друіую частку рамана – «Паміж Княствам і Каронай», дзе падаецца надзвычай багатая і шмат у чым новая, пашыраная хроніка падзей ад запачаткавання Вялікага княства Літоўскага да Люблінскай уніі, гэта своеасаблівы часапіс Ягайлавай дынастыі. Прасачыць варункі кахання праз строгія даты і факты, вядома, складана. Аднак усе гістарычныя звесткі пазначаны «чалавечай падсветкай», каб можна было адчуць гістарычны водар, які ахінаў тагачасныя падзеі, з'явы, асобы. Таму амаль кожная дата расшыфравана, часам дапаўняецца паданнямі і легендамі, выказваннямі і сведчаннямі сучаснікаў Ягайлы і гісторыкаў. Побач з дакументальнасцю прысутнічае і пэўная займальнасць, што надзяляе лічбы жывой плоццю.

Скандэнсавана, але займальна пададзены таксама персаніфікаваны жыццяпіс Ягайлы і ягоных спадчыннікаў, яго атачэння, вялікіх князёў літоўскіх, іншых гістарычных асоб, чыё жыццё тым ці іншым чынам звязана з часам Соф'і Галынанскай і Ягайлы. Уключаны таксама звесткі пра прадстаўнікоў Ягелонскай дынастыі, якая доўжылася каля двух стагоддзяў (з 1377 да 1572 года), пра дзяржаўныя ўтварэнні, што з'яўляліся суб'ектамі тагачаснай гісторыі.

Усё гэта цесна знітавана з агульнаеўрапейскім кантэкстам, са з'явамі і падзеямі ў іншых землях, калі яны закраналі інтарэсы Княства. Такі падыход дапамагае глыбей зразумець сэнс і вынікі Крэўскай уніі для Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага, для Ягайлы і Вітаўта, ддя літоўцаў (гэтым тэрмінам пазначаны ўсе жыхары ВКЛ) і палякаў, зрэшты, для ўсёй Еўропы. Заканчваецца Ягайлаў часапіс Люблінскай уніяй, якая адбылася 1 ліпеня 1569 года, у выніку чаго на карце з'явілася новая дзяржава, адна для «двух народаў» – Рэч Паспалітая.

 

Анатоль Бутэвіч – Анатоль Іванавіч Бутэвіч (псэўданім Максім Валошка; нар. 15 чэрвеня 1948 году на хутары Язавец Нясьвіскага раёну Менскай вобласьці) – беларускі пісьменьнік, палітык і дыплямат. Скончыў аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры філялягічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1971). Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў з 1994 году, сябра Беларускага саюза журналістаў з 1972 году. Працуе ў сфэры дзіцячай літаратуры, гістарычнай, публіцыстыкі, крытыкі, у галіне перакладу.

Артыкул пра аўтара ў Вікіпедыі.


Раім таксама паглядзець:
Бутэвіч Анатоль, Ягоўдзік Уладзімір. На далонях вечнасці
12.99 р.

Бутэвіч Анатоль, Ягоўдзік Уладзімір. На далонях вечнасці

Кніга расказвае пра найбольш памятныя і значныя падзеі, з'явы, помнікі прыроды, культуры і гісторыі, пра выбітныя асобы, якімі адметна сярод іншых наша Беларусь. Даўнія падзеі і героі нібыта клічуць нас зазірнуць за намітку гісторыі, за яе небакрай, каб даведацца: а што ж было там і тады, дзе і калі не было нас, сённяшніх, як і дзеля чаго жылі нашы далёкія продкі, што рабілі чым займаліся, што пакінулі пасля сябе?

Дайнека Леанід. Меч князя Вячкі
4.99 р.

Дайнека Леанід. Меч князя Вячкі

Прыгодніцкі раман Леаніда Дайнекі мае гістарычную аснову. Гэта – гераічная барацьба гараджан старажытнага полацка з тэўтонскімі рыцарамі-крыжаносцамі.

2.28 р.

Бутэвіч Анатоль. Раскіданае гняздо крывіцкай славы

Незвычайная вандроўка па Крэўскіх мурах. – Мінск, Беларуская навука, 2008. — 127 с., [16 с.] іл.

Бутэвіч Анатоль. Паміж Княствам і Каронай
17.99 р.

Бутэвіч Анатоль. Паміж Княствам і Каронай

Гэтая кніга — другая, дакументальная частка рамана «Каралева не здраджвала каралю...». Чытач знойдзе шмат цікавага і ў многім новага матэрыялу пра час ад запачаткавання Вялікага Княства Літоўскага і Крэўскай уніі 1385 года да Люблінскай 1569 года.

Бутэвіч Анатоль. Таямніцы мірскага замка
13.99 р.

Бутэвіч Анатоль. Таямніцы Мірскага замка

Гэта кніга пра нашу зямлю, якую некалі называлі краінай замкаў. Але найперш яна пра выдатны помнік – сусветна вядомы Мірскі замак і яго ўладальнікаў. Кніга разлічана на ўсіх, каму хочацца зазірнуць за намітку гісторыі, каб убачыць, што і як адбывалася, пазнаёміцца з выбітнымі асобамі беларускай даўніны. Вакол замка дагэтуль не сціхаюць спрэчкі вучоных і даследчыкаў, узнікаюць новыя версіі, здагадкі, меркаванні. Усё гэта дадае кнізе займальнасці, бо пра сёе-тое згадваецца ў шырокім ужытку ўпершыню.