![]() |
6.49 р.
Вага: 300 г
Памеры: 145x200 мм
|
Дакумэнты і матэрыялы пра дзейнасьць мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падзем’я (1948 – 1950 гг.). – Менск : выдавец А. М. Вараксін, 2013. – 154 с. – (Такая гісторыя).
ISBN 978-985-7062-05-8
Дадзеная кніга распавядае пра адну з найяскравейшых старонак пасьляваеннага антыкамуністычнага супраціву ў Беларусі, раскрывае гераічную постаць кіраўніка падзем'я Расьціслава Лапіцкага ды яго паплечнікаў. Дасьледаваньне грунтуецца на ўспамінах ўдзельнікаў і сьведкаў тых падзеяў, а таксама выпісках з судовых справаў.
Укладальнік кнігі, Міхась Міхайлавіч Чарняўскі (1938 – 2013), пасьпеў унесьці ўсе неабходныя праўкі ў першае выданьне, якое пабачыла сьвет сем гадоў таму.
Гэтая кніга зьяўляецца бліскучым прыкладам таго, якіх вынікаў можна дасягнуць ва ўмовах недаступнасьці архіваў, што ёсьць пэўным запаветам нашага выбітнага археоляга й гісторыка маладым дасьледнікам.
ЗЬМЕСТ
Уступ
Біяграфіі
Успаміны і дакумэнты
Ахрамовіч Зянон. Улёткі вырашылі друкаваць на хутары
Ашукоўская (Галумян) Часлава. Мы выжылі, бо з намі быў Бог
Ашукоўская Валянціна. За тое, што ведалі, але не данесьлі
Байкачова (Копач) Тацяна. Вельмі здольны быў
Бяліцкая (Камарніцкая) Таіса. Прыйшлі і забралі нашага Славіка
Ватаева Тамара. Горад быў засыпаны ўлёткамі
Дзяргач Іван. Жвавы, энэргічны... Як агонь!
Іваноўскі Канстанцін. На судзе трымаўся па-геройску
Карней Анатоль. За свае погляды атрымаў напоўніцу
Каспарэўская (Саладоўнікава) Лідзія. Гэта была мая таямніца Каспарэўская Любоў. Хрыста больш ня мучылі, як яго
Каспарэўскі Часлаў. Мы адзін аднаго дапаўнялі
Качэрга Юзаф. На змаганьне я ішоў сьведама
Качэрга (Мелец) Вераніка. Цэлую ноч шапталіся на кухні
Лапыцька (Лапіцкая) Софія. Абразкі для ўсіх прывёз зь Вільні
Мілька Люцыян. Бог абдарыў яго ўсім
Несьцяровіч (Таразевіч) Ядвіга. “Ці першымі ў калгас, ці высылаем у Сібір”
Пашкевіч Зьбігнеў. “Перажыў польскую ўладу, нямецкую, і камуністаў перажыву!”
Русаковіч Васіліна. Вялікім розумам валодаў
Салагуб Сьцяпан. Усе былі з завязанымі вачыма
Сташкевіч (Прышчэпава) Аляксандра. “Гэтую ўладу я бачыў зь сярэдзіны”
Хацілоўскі Тадэвуш. Як абвяшчалі прысуд, ня ўстаў
Цыбоўская (Дамброўская) Леакадзія. Што мы перажылі, такога сьвет ня бачыў
Цыбоўская (Пятрова) Ядвіга. І заўсёды ягоная праўда была
Шабовіч Віктар, Мелец Антон. Гэта быў такі чалавек!
Юшкевіч (Буцько) Тацяна. Было гэта перад Днём канстытуцыі
З судовых справаў Маладзечанскага абласнога суду за 1949–1950 гг.
Артыкулы Крымінальнага кодэксу БССР 1928 г., на падставе якіх былі асуджаныя ўдзельнікі мядзельска-смаргонскага падзем’я
The Miadziel-Smarhoń anticommunist underground (1948–1950)
Biographies
Асноўная літаратура і крыніцы
Імянны паказьнік
Геаграфічны паказьнік
УСТУП
Часам можна пачуць меркаваньне, што ў «саветызаванай» Беларусі не было пасьляваеннага антыкамуністычнага руху, адсутнічалі спробы супраціву рэжыму. Гэтакая думка ня мае нічога агульнага з рэчаіснасьцю. У Беларусі быў шырокі антыкамуністычны супраціў. Але наша краіна знаходзілася тады пад вельмі шчыльным «каўпаком», і таму зьвесткі пра змаганьне і рэпрэсіі не траплялі на старонкі эўрапейскіх газэт, у перадачы радыёстанцый вольнага сьвету. Беларускія змагары за дэмакратыю і нацыянальныя правы не маглі спадзявацца на нейкі розгалас, маральную падтрымку, на памяць у будучым. Лёс іх трагічны, яны сыходзілі ў невядомасьць.
Дасьледаваньне паваеннага антыкамунізму ў Беларусі сутыкалася і сутыкаецца з шматлікімі цяжкасьцямі. У часе камуністычнага панаваньня, зразумела, гэта была цалкам забароненая тэма. Але й сучаснай афіцыйнай гістарычнай навукай яна амаль не закранаецца. Толькі асобныя энтузіясты, з уласнай ініцыятывы, спрабуюць вярнуць з забыцьця, ачысьціць ад хлусьні афіцыйнай прапаганды сьветлыя імёны тых, хто хацеў бачыць Беларусь у сям'і вольных і дэмакратычных краін Эўропы. Аднак гэтыя дасьледнікі сустракаюць сур'ёзныя перашкоды, бо судовыя справы ўдзельнікаў супраціву па-ранейшаму знаходзяцца ў сховах Камітэта дзяржбясьпекі і практычна не даступныя гісторыкам. Застаецца спадзявацца на ўспаміны яшчэ жывых нямногіх удзельнікаў змаганьня, іх нашчадкаў ды знаёмых і на сьціплыя сямейныя архівы.
У Беларусі, і асабліва ў яе заходняй частцы, у пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе былі істотныя прычыны для актывізацыі антысавецкага руху. Запаланеньне дзяржаўных установаў прыхаднямі з усходу, непасільныя падаткі на сялянства, выцясьненьне беларускай мовы з грамадзкага жыцьця, уціск моўна-культурных памкненьняў нацыянальных меншасьцяў, рэпрэсіі супраць сьвятарства, жорсткі перасьлед усіх незадаволеных савецкімі парадкамі стваралі стан акупацыі. Асабліва брутальны наступ на элемэнтарныя правы і свабоды грамадзян разгарнуўся ў сувязі з распачатай прымусовай калектывізацыяй, калі ад сялян адбіралі пакаленьнямі нажытую маёмасьць, а найперш зямлю, калі найбольш працавітых і заможных дэпартавалі ў Казахстан і Сібір. Рэпрэсіі ўзмацняліся і ў сувязі з разьвязанай маскоўскай камуністычнай імпэрыяй «халоднай вайной» з дэмакратычным сьветам. Характэрна, што ў пачатку 1950 году было адноўленае пакараньне сьмерцю, часова скасаванае неўзабаве пасьля вайны.
3 іншага боку, у Заходняй Беларусі захоўваліся традыцыі патрыятычных рухаў і супраціву камуністычнаму рэжыму. Беларускія школы ў часы германскаіі акупацыі, арганізацыі Саюзу беларускай моладзі, беларускія газэты і кнігадрук, насуперак памкненьням фашыстаў за тры гады пасьпелі выхаваць ў беларускім патрыятычным духу шмат моладзі. На паўночным захадзе краіны сярод значнай часткі насельніцтва трымалася памяць збройнага змаганьня польскай Арміі Краёвай. У дадатак распаўсюдзілася чаканьне таго, што халодная вайна пяройдзе ў сутыкненьне заходніх альянсаў з савецкай імпэрыяй. «Непазьбежная вайна нясе нам вызваленьне», – пісалі ўвосень 1949 году смаргонскія падземнікі ў сваіх улётках. Усё гэта ўзмацняла супраціў. Незадаволеныя, актыўныя, ініцыятыўныя пачалі ўтвараць розныя суполкі і арганізацыі. Найбольш радыкальна настроеныя ішлі ў лясы. Менавіта ў 1949-1950 гадох зноў актывізаваліся “лясныя браты”. Іх шэрагі поўніліся тымі, хто ўцёк ад высылкі, пазьбегнуў арышту. У лес пайшлі і так званыя «дэзэртыры» – юнакі, «прымусова-добраахвотна» пасланыя на шахты Данбаса ды лесараспрацоўкі Карэліі.
У пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе абласныя суды (а іх у краіне на той час было 12) штогод разглядалі па некалькі дзясяткаў палітычных спраў. Няспынна працавалі і ваенныя трыбуналы. Абвінавачаньні былі аднолькавыя: антысавецкая агітацыя і прапаганда, захоўваньне антысавецкай літаратуры або зброі, удзел у антысавецкай партызанцы або дапамога ёй, удзел у арганізацыях, якія ставілі за мэту «ліквідацыю савецкай улады, адрыў Беларусі ад СССР і ператварэньне яе ў буржуазную дзяржаву».
Найбуйнейшыя антыкамуністычныя арганізацыі былі зьліквідаваныя карнымі органамі ў першыя пасьляваенныя гады. Аднак і пазьней зноў і зноў знаходзіліся людзі, асабліва сярод моладзі, якія аб'ядноўваліся дзеля змаганьня за свабоду і дэмакратыю. У гэтым шэрагу выдатнае месца займае мядзельска-смаргонскае падзем'е вучнёўскай моладзі (1948-1950 гады).
На пачатку 1948 году ў Мядзельскай сярэдняй школе ўзьнікла нелегальная арганізацыя вучняў. Яе пачынальнікам і ідэолягам стаў васьміклясьнік Расьціслаў Лапіцкі (01.09.1928 – 27.10.1950) – перакананы антыкамуніст і беларускі патрыёт, які ўжо меў досьвед падземнай працы сярод моладзі паўднёва-ўсходняй Віленшчыны. Акрамя Лапіцкага актыўнасьцю ў Мядзельскай арганізацыі вылучаліся мясцовыя вучні Юзаф Качэрга і Генадзь Нафрановіч, а таксама Факунда Несьцяровіч, які пасьля сканчэньня 7-й клясы вучыўся ў Менскім палітэхнікуме. Усяго ж аднадумцаў набралася да дзясятка хлопцаў і дзяўчат ды і маладых мужчын з навакольных вёсак і мястэчка Кабыльнік (зараз вёска Нарач Мядзельскага раёну).
Падземнікі ладзілі свае сустрэчы ў Мядзелі, часам сустракаліся і ў недалёкім Мікасецку, дзе жыў Лапіцкі. Іх дзейнасьць пераважна абмяжоўвалася вуснай антыкамуністычнай прапагандай. Р. Лапіцкі змайстраваў прыймальнік, з дапамогай якога яны атрымлівалі інфармацыю заходніх радыёстанцый аб міжнародным становішчы, якую пашыралі сярод аднаклясьнікаў і мясцовых сялян. Адначасова на друкавальнай машынцы, якую меў Ю. Качэрга, рабілі ўлёткі і распаўсюджвалі іх у Мядзелі ды навакольных вёсках. Улёткі вылучаліся антыкамуністычным радыкалізмам:
«Сьмерць вырадкам роду чалавечага!
Партызаны!
Падпольшчыкі!
Стойце на абароне сваёй справы! Беражыце ў сабе сьвятую нянавісьць да камунізму, які нявечыць і разбэшчвае чалавецтва. Біце сталінскіх шакалаў!
Моладзь!
Не губляй сумленьня, змагайся супраць тых, хто сьлепа верыць ў падман камунізму, узначаленага хрыстапрадаўцамі Юдамі. Яны хочуць усіх нас расьпяць на пяціканцовай зьвязьдзе.
Да зброі! Ня бойцеся ахвяраў і пакут!
Уперад, да сьветлай будучыні!
Вашыя браты.»
Падземнікі, рыхтуючыся да пачатку блізкай вайны з заходнімі дэмакратыямі і пашырэньня антыкамуністычнай партызанкі, планавалі і больш актыўныя дзеяньні – у некаторых пры ператрусах пачатку 1950 году знайшлі зброю і выбуховыя матэрыялы.
Восеньню 1949 году Р. Лапіцкі з маці, ратуючыся ад голаду і нястач, перабраўся ў Смаргонь. Пайшоўшы вучыцца ў 10-ю клясу мясцовай школы, ён і тут распачаў актыўную працу па стварэньні антыкамуністычнай арганізацыі. Гэтаму спрыяла атмасфера пасіўнага і актыўнага супраціву, што панавала ў тым краі.
Падземны рух аб'яднаў каля паўтара дзясятка пераважна школьнікаў 7-10-х клясаў, якія паходзілі з Смаргоні і навакольных вёсак, а таксама некаторых жыхароў больш сталага ўзросту. На школьных перапынках, вечарынах, у клюбе, дзе Лапіцкі зарабляў граньнем на піяніна, вялася антыкамуністычная агітацыя. Самі ж падземнікі найчасьцей зьбіраліся ў хаце Цыбоўскіх, дзеці якіх былі актыўнымі ўдзельнікамі арганізацыі. Р. Лапіцкі змог здабыць друкавальную машынку і запас капіявальнай паперы. Гэта дазволіла арганізаваць на сялібе Ахрамовічаў каля вёскі Чарняты масавы друк улётак.
Не парываліся сувязі і зь мядзельскай часткай падзем'я. Яны ажыцьцяўляліся праз Факунду Несьцяровіча і самога Расьціслава Лапіцкага, які езьдзіў да сваіх аднадумцаў у Нарацкі край.
Асаблівай актыўнасьці дзейнасьць Смаргонскай арганізацыі дасягнула ў канцы 1949 году. Напярэдадні дня «сталінскай канстытуцыі» падземнікі падрыхтавалі мноства ўлётак, якія ўначы расклейвалі на слупох, сьценах дамоў і агароджах, нават на будынках райкаму партыі і міліцыі. Ва ўлётках насельніцтва заклікалася не плаціць падаткаў, не ўступаць у калгасы, арганізоўваць супраціў рэжыму. Кожная зь іх закончвалася словамі: «Сьмерць Сталіну!» Акрамя таго, падземнікі рыхтаваліся ўзарваць будынак раённай друкарні.
Пасьля першага ж распаўсюду ўлётак у горадзе зьявілася шмат супрацоўнікаў службы бясьпекі, вайскоўцаў, і быў наладжаны кругласутачны нагляд за вуліцамі. Пачаліся росшукі ўдзельнікаў акцыі. Высачыць падземнікаў было няцяжка. Зусім маладыя, некаторыя нават непаўналетнія, яны не валодалі ўсімі сакрэтамі кансьпірацыі, і ў школе шмат хто здагадваўся пра існаваньне арганізацыі.
У сьнежні быў арыштаваны Расьціслаў. Карныя органы, не дамогшыся прызнаньня, часова выпусьцілі яго на волю. Паводле пастановы арганізацыі, яе кіраўнік павінен быў перайсьці на нелегальнае становішча і пакінуць горад. I Лапіцкі таемна перабраўся на Мядзельшчыну.
Уначы зь 1 на 2 лютага 1950 году ў хаце Цыбоўскіх эмгэбісты зрабілі засаду. Затрымлівалі ўсіх, хто прыходзіў; трапіла ў іх рукі і частка падземнікаў. У лютым-сакавіку 1950 арыштаваных набралася да двух дзясяткаў, у тым ліку і зь Мядзельшчыны. Сябар Мядзельскай арганізацыі Генадзь Нафрановіч зь Юшкавічаў пры спробе затрыманьня застрэліўся. Расьціслаў Лапіцкі быў арыштаваны на кансьпірацыйнай кватэры ў Кабыльніку.
Арыштаваных падземнікаў трымалі ў Вялейскай і Маладзечанскіх турмах. Сьледчыя лютавалі на допытах неміласэрна, сярод іх вылучаўся сваім садызмам нейкі Пахомаў. Асабліва даставалася хлопцам. Ім выбівалі зубы і ламалі рэбры, заганялі іголкі пад пазногці, садзілі на ножкі ўслона, трымалі да мяжы вар'яцтва пад кроплямі халоднай вады, рабілі іншыя самыя дзікунскія вычварэнствы.
17-20 ліпеня 1950 году ў Маладзечне адбыўся суд Ваеннага трыбуналу Беларускай вайсковай акругі. Амаль усе падсудныя трымаліся мужна. Асабліва нязломным быў Расьціслаў Лапіцкі. Яго апошняе слова стала абвінавачаньнем нялюдзкаму рэжыму. Прысуджаны да расстрэлу, ён адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.
Судом ваеннага трыбуналу былі засуджаныя:
Лапіцкі Расьціслаў – пакараньне сьмерцю,
Несьцяровіч Факунда – расстрэл, заменены на 25 гадоў зьняволеньня,
Ахрамовіч Зянон – 25 гадоў,
Ахрамовіч Аўгусьцін – 25 гадоў,
Ахрамовіч Ганна – 25 гадоў,
Блізьнюк Восіп – 25 гадоў,
Карней Анатоль – 25 гадоў,
Качэрга Юзаф – 25 гадоў,
Лапыцька Софія – 25 гадоў,
Сташкевіч Эдуард – 25 гадоў,
Хацідоўскі Тадэвуш – 25 гадоў,
Цыбоўская Леакадзія – 25 гадоў,
Цыбоўскі Часлаў – 25 гадоў,
Юшкевіч Тамара – 25 гадоў,
Юшкевіч Тацяна – 10 гадоў,
Іваноўскі Канстанцін – 10 гадоў,
Пашкевіч Зьбігнеў – 10 гадоў.
Яшчэ раней, у траўні таго ж году, Маладзечанскім абласным судом былі засуджаныя тыя, хто “ведаў, але не данёс”:
Ашукоўская Часлава – 8 гадоў;
Барташэвіч Марыя -10 гадоў;
Юзаф Качэрга апавядаў паводле словаў Факунды Несьцяровіча, які вярнуўся з сталінскіх канцлягераў, пра апошнія хвіліны жыцьця кіраўніка мядзельска-смаргонскага падзем'я:
«Восеньскай ноччу Расьціслава Лапіцкага і Факунду Несьцяровіча павезьлі ў падвялейскі лес. Падвялі да выкапанай ямы, паставілі побач. Зачыталі прысуд да расстрэлу Факунду. А затым тут жа абвясьцілі пастанову Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета СССР аб яго памілаваньні. Зачыталі такі ж прысуд да расстрэлу Расьціславу. Аднак рашэньне аб памілаваньні не абвяшчалі. А яно ж было і на Лапіцкага. Аднак той катэгарычна, яшчэ ў турме, адмовіўся ад няпрошанай ласкі. Грымнуў стрэл і юнак упаў. Салдаты хутка закапалі яму...»
У катавальні МГБ трапілі ня ўсе ўдзельнікі падземнага руху. Некаторых удалося схаваць. Балазе ніякіх сьпісаў сяброў арганізацыі карным органам знайсьці не ўдалося.
Пакараньне асуджаныя адбывалі ў канцлягерах Сібіры і Казахстану, на лесанарыхтоўках, будаўнічых работах, у шахтах і на рудніках. Непаўналетнія трымаліся ў спецыяльных дзіцячых калёніях. Пасьля сьмерці Сталіпа былыя падземнікі ў сярэдзіне 50-х былі вызваленыя. Па вяртаньні зь зьняволеньня хто застаўся на Бацькаўшчыне, хто выехаў у Польшчу, Летуву, Расею. Катавальні і катаржная праца пакінулі цяжкі сьлед – каля паловы зь іх ужо не жыве.
Удзельнікі мядзельска-смаргонскага падзем'я былі шчырымі вернікамі-хрысьціянамі – каталікамі і праваслаўнымі, большасьць іх мела выразную нацыянальную сьвядомасьць – беларускую або польскую, але усіх іх яднала і натхняла змаганьне з камуністычным акупацыйным рэжымам.
Шчыра дзякую сябрам Беларускага грамадзкага аб'яднаньня «Ветэраны Адраджэньня» ды іх прыхільнікам за падтрымку маёй працы.
Міхась Чарняўскі (07.03.1938. в. Круці Вялейскага пав. Віленскага ваяводзтва (цяпер Мядзельскі р-н Менскай вобл.) – 20.01.2013, Менск, пахаваны ў в. Круці), адзін з актыўных удзельнікаў інтэлектуальнай апазыцыі, удзельнік клюбу вальнадумнай інтэлігенцыі «Акадэмічны асяродак», які быў разгромлены ў 1973- 1974. У юнацтве сутыкнуўся з улёткамі Смаргонска-Мядзельскага незалежніцкага падпольля, групы Расьціслава Лапіцкага.
Быў выбітным археолягам з 50-гадовым стажам, займаўся праблемамі першабытнай гісторыі Беларусі. 3 1966 працаваў у інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі, з 1971 – кандыдат гістарычных навук. У 1962 стаў адным з арганізатараў «Акадэмічнага асяродку» – клюбу пераважна супрацоўнікаў Акадэміі Навук БССР, якія бачылі сваё прызначэньне ў зборы і трансьляцыі інфармацыі аб беларускай нацыянальнай і дэмакратычнай традыцыях. Сябры гуртка зьбіралі ўспаміны, кнігі і часопісы пераважна часоў знаходжаньня Заходняй Беларусі ў складзе Польскае дзяржавы. Для гэтага арганізоўваліся экспэдыцыі ў малыя мястэчкі, ладзіліся сустрэчы з вэтэранамі нацыянал-дэмакратычнага руху Беларусі (Ларыса Геніюш, Язэп Сушынскі, Мікола Ўлашчык ды інш.).
Вывучаў нёманскую археалягічную культуру і крывінскі варыянт нарвенскай культуры, дасьледаваў крэмнездабыўчыя шахты ў Ваўкавыскім раёне, помнікі каменнага і бронзавага веку ў іншых мясьцінах Беларусі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы «Гісторыі беларускага мастацтва», «Археалёгіі Беларусі» і «Гісторыі Беларусі» ў шасьці тамах. Кансультаваў энцыкляпэдыю «Археалёгія і нумізматыка Беларусі» і Энцыкляпэдыю гісторыі Беларусі. Напісаў дзіцячыя кнігі пра старажытныя часы: «Страла Расамахі», «Вогнепаклоньнікі», «Дзесяць бітваў».