Чорны Кузьма. Лявон Бушмар

Чорны Кузьма. Лявон Бушмар
1.59 р.
Вага: 280 г
Памеры: 135x205 мм



Аповесць, апавяданні : для ст. шк. узросту / прадм. М. Тычыны. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. – 198 с. – (Бібліятэка школьніка).

ISBN 978-985-02-1075-3

У кнігу выдатнага беларускага пісьменніка Кузьмы Чорнага (1900 – 1944) увайшлі аповесць "Лявон Бушма" і апавяданні.

ЗМЕСТ

Убачаць вякі і народы. Міхась Тычына

Аповесць
Лявон Бушмар

Апавяданні
Па дарозе
Хвоі гавораць
Пачуцці
Начлег у вёсцы Сінегах
Веснавыя дарогі

УБАЧАЦЬ ВЯКІ І НАРОДЫ
Прадмова да выдання

Кузьма Чорны, адзін са стваральнікаў беларускай мастацкай прозы, пачынаў свой творчы шлях з вершаў. Паэтычная мова вабіла яго да сябе сваёй узвышанасцю, вобразнасцю, афарыстычнасцю, загадкавасцю. "Да брата беларуса", "Песня нядолі", "Роднае поле" – змястоўнасць і танальнасць гэтых вершаў, апублікаваных у пачатку 20-х гадоў, выразна нагадваюць пра "нашаніўскую" традыцыю. А поруч нараджаліся такія вершы, як "Вясковыя асеннія частушкі", "Мірон, Рыгор і самагон", "Апошнія навіны", у якіх добра адчуваўся дух паслярэвалюцыйнага часу, насычаны палітычнымі падзеямі, класавымі страсцямі, праявамі змагання з "перажыткамі мінулага".

Ужо ў вершах Чорнага шмат празаічнага, апісальнага, маляўнічага, і іх можна чытаць як прозу: "Зялёнае жыта шэпчацца ў полі, вяне на сонцы пякучым трава, высока ўздымаюцца птушкі на волі, спакойна і ціха шуміць барава. Разам з сцяною зялёнага жыта палосы ўзоранай плугам зямлі, чорныя пліты, сонцам абліты, былінкі над імі сухія ляглі. Ад краю да краю далёка-далёка працаю вольнай узнята ралля, хаваюцца вёскі у жыце высокім – багацтва за працу гатуе зямля. Багатыя ўсходы ўздымаюцца вышай на месцы, дзе вольныя сілы ляглі. Роднае поле! Старонка ты наша! Вольная праца на вольнай зямлі!" У вершы "Роднае поле", цалкам прыведзеным вышэй, ад уласна паэзіі толькі выразны рытм, дакладныя рыфмы ды яшчэ пафас апошніх двух радкоў, падкрэслены клічнікамі. Усё астатняе (сцяна зялёнага жыта, чорныя пліты ўзоранай зямлі, сухія былінкі над імі, вёскі ў высокім жыце) напісана рукою будучага выдатнага пейзажыста, графіка-жывапісца.

Кузьма Чорны (сапр. Мікалай Карлавіч РАМАНОЎСКІ, 1900 – 1944)

У той жа час у ранняй прозе, больш падобнай на паэтычныя замалёўкі і лёгкія імпрэсіі, шмат ад узнёслай лірыкі: "Поле – шырокае, дзіўна харошае – заціхла і дрэмле, уздыхаючы калі-нікалі шэптам зялёнага жыта. Неба – высокае, сіняе – вісіць над полем і пазірае ўніз бліскучымі вачыма-зоркамі". Перад новым пакаленнем адкрыліся далягляды "людской маладой жыццёвай радасці", і Чорны спяшаецца выказаць гэты небывалы энтузіязм пры дапамозе рытмізаванай прозы з яе апавядальным дынамізмам, музычнасцю фразы, эмацыянальна-экспрэсіўнай насычанасцю слова, імпрэсіянізмам малюнкаў. Яго празаічны эпас сагрэты цяплом паэтычных адносін да свету.
Менавіта росквітам паэзіі пазначаны пачатак гісторыі любой мастацкай літаратуры. Аднак творчая сталасць прыходзіць да яе толькі тады, калі з'яўляецца сапраўдная проза – апавяданне, аповесць, раман. Празаічны эпас здольны ўвабраць у сябе ўсю паўнату жыцця асобы, народа, свету, перадаць атмасферу эпохі ў яе шматстайных падрабязнасцях, стварыць запамінальныя вобразы і псіхалагічныя тыпы людзей, больш глыбока выявіць эстэтычныя магчымасці роднай мовы. Кузьма Чорны, услед за Якубам Коласам і Максімам Гарэцкім, гэта хутка зразумеў і ўжо неўзабаве паставіў перад сабой і сябрамі па літаратурнай суполцы "Узвышша" задачу стварэння ўзорнай мастацкай прозы, якую "ўбачаць вякі і народы". "Павінны быць створаны беларускія вышэйшыя формы беларускай культуры", – сцвярджаў малады празаік і ўдакладняў, не баючыся быць таўталагічным, што ён мае пры гэтым на ўвазе "беларускасць вобразаў", "беларускасць моўнага накірунку", "беларускі стыль". Ён жа сам і ўзяўся за напісанне мастацкіх шэдэўраў, стаўшы стваральнікам беларускай сацыяльна-псіхалагічнай і інтэлектуальна-філасофскай прозы.

За два дзесяцігоддзі актыўнай творчасці Чорны напісаў звыш сотні цудоўных апавяданняў, два дзесяткі аповесцей і раманаў, паўтузіна п'ес, шмат публіцыстычных і літаратуразнаўчых артыкулаў, бліскучых фельетонаў, якія сталі нацыянальнай класікай і сказалі новае слова не толькі ў беларускай, але і ў сусветнай літаратуры. Творчая актыўнасць пісьменніка ўражвае: у адным толькі 1926 годзе выходзяць у свет адразу тры зборнікі апавяданняў – "Па дарозе", "Пачуцці", "Хвоі гавораць". У наступным, 1927 годзе пачаў друкавацца яго раман "Сястра", а праз год, у 1928-м, выходзіць асобным выданнем яшчэ адзін яго раман – "Зямля". У часопісе "Узвышша" амаль адначасова, у 1927–1929 гадах, публікуюцца раздзелы з рамана "Вецер і пыл", і тады ж з'яўляецца яго выдатная аповесць "Лявон Бушмар". Неўзабаве Чорны задумвае новы эпічны твор у трох частках: "Ідзі, ідзі" (завершаныя раздзелы былі апублікаваны ў 1930 годзе), "Захаду і Усходу", "Раскрыжаванне".

Чуйны да павеваў свайго часу, ён хутка пераасэнсоўвае задуманае і прыходзіць да высновы, што мастацкая гісторыя беларусаў "ад часоў паншчыны і да нашых дзён" патрабуе цыкла раманаў. У гэтым празаіка падтрымлівае багаты творчы вопыт славутых папярэднікаў: сам Чорны згадвае імёны Анарэ дэ Бальзака і Эміля Заля, аўтараў грандыёзных празаічных серыялаў "Чалавечая камедыя", якая складаецца з 96 раманаў, і "Ругон-Макары", якія маюць адпаведны задуме падзагаловак–"натуральная і сацыяльная гісторыя адной сям'і ў эпоху Другой Імперыі". Жанр "сямейнай хронікі", "рамана-ракі" быў надзвычай папулярным у заходнееўрапейскіх літаратурах першай паловы XX стагоддзя: Джон Голсуарсі "Сага пра Фарсайтаў", Рамэн Ралан "Жан-Крыстоф" і "Зачараваная душа", Ражэ Мартэн дзю Гар "Сям'я Цібо", Томас Ман "Будэнброкі" і інш. Аб актуальнасці чорнаўскай задумы сведчыць той факт, што ў гэты ж самы час паралельна нараджалася падобная велічная ідэя ў творчай свядомасці Максіма Гарэцкага, які марыў напісаць мастацкі летапіс ("кроніку") беларускай вёскі і часткова ажыццявіў задуманае ў аповесцях, у рамане "Камароўская хроніка", дзённіках, у якіх дзейнічае адзін і той жа герой Лявон Задума.

3 лёгкай рукі Чорнага празаічныя серыялы набылі асаблівую папулярнасць у беларускай літаратуры, дзе з'явіліся такія творы, як "Палеская хроніка" Івана Мележа, "Трывожнае шчасце" Івана Шамякіна, раман-пенталогія Івана Чыгрынава, тэтралогія Вячаслава Адамчыка, трылогіі Міколы Лобана, Генрыха Далідовіча, Леаніда Левановіча... Чорнаўская эпічная задума, аднак, вылучаецца сваёй канцэптуальнай арыгінальнасцю: на фоне традыцыйнай, бальзакаўска-талстоўскай, грунтоўнай, падрабязнай, непаспешлівай, тэхнікі нарацыі (апавядання), уласцівай прозе XIX стагоддзя, дзе з твора ў твор і з тома ў том пераходзілі героі, якія палюбіліся чытачу, а сюжэт будаваўся па класічнай схеме ўзвышэння, росквіту і заняпаду сямейнага роду, раманы і аповесці Чорнага звязаны ў адно вялікае мастацкае цэлае філасофіяй "беларускага шляху". Акрамя таго, яны невялікія, "еўрапейскія" па аб'ёму (100-150 старонак), лаканічныя, інтэлектуальна насычаныя, займальныя па сюжэту, афарыстычныя па мове і г. д. Тут Чорны бліжэй да традыцыі Фёдара Дастаеўскага, якога цікавілі тэндэнцыі росту чалавечага ў чалавеку, унутраны сэнс гісторыі зямной цывілізацыі, прысутнасць будучыні ў сучаснасці, магчымасці прадбачання і папярэджання наступстваў.

У аснове кожнага твора ляжыць "ідэёвая катэгорыя", якая, на думку аўтара, займае асаблівае месца ў гісторыі станаўлення беларускага этнасу.

Раман "Сястра", у якім Чорны спрабуе раскрыць чалавечы сэнс рэвалюцыйнай эпохі, сцвярджае хрысціянскую ідэю міласэрнасці, узаемадаравання, паразумення. "Сухія, сухія вы вельмі ўсе, жывое душы больш патрэбна чалавеку", – кідае папрок Маня Ірмалевіч ("сястра") Абраму Ватасану і Казіміру Ірмалевічу, якія ў руціне штодзёншчыны занядбалі сэнс рэвалюцыйнага абнаўлення свету. У жорсткай атмасферы класавага змагання дысанансам прагучалі гуманістычныя думкі маладога празаіка, якога захапляе вобраз Мані: "Тады вырасла ў яе моцнае жаданне ўсіх тых дзяцей і людзей, што ходзяць там, па тым беразе і за ім, па ўсіх берагах, прыгарнуць да сябе ў гэтым вялікім працэсе ачышчэння, прыгарнуць і быць з імі, – моцнае жаданне сястры і мацеры".

Раман "Зямля", у сваю чаргу, працягвае коласаўскі пафас услаўлення "роднага кутка": "І смяецца, і маўчыць, і плача, і пакутуе, і цешыцца зямля. Зямля, зямля!" Паняцце "зямля" займае, бадай, цэнтральнае месца ў сістэме поглядаў беларусаў на свет. Усе гаворкі герояў рамана адбываюцца вакол "зямельнага пытання", a каморнік-землямер – цэнтральная постаць у вёсцы. Аднак ідэя "зямлі" асэнсоўваецца Чорным у філасофска-паэтычным плане як месца, дзе здзяйсняецца векавечная містэрыя чалавечага існавання ў свеце і дзе ўсё – нараджэнне і смерць, шчасце і няшчасце, каханне і нянавісць – побач. Беларускія ландшафты ў рамане, сцэны вясковага жыцця-быцця, каларытныя вобразы сялян і інтэлігентаў напаўняюцца светасузіральнай сілай і тым адчуваннем гістарычнага працэсу, якія з незвычайным размахам выявіліся ў эпоху духоўнага Адраджэння беларускай нацыі ў пачатку XX стагоддзя.

У незавершаным рамане "Вецер і пыл", незаслужана абыдзеным крытыкай, Чорны паглыбляецца ў гуманістычную падаснову бурных падзей "эпохі войн і рэвалюцый". У вобразах "і пасялкоўцаў, і хутаранцаў, і местачкоўцаў" (паказальны для беларускай рэчаіснасці падзел) Антося Макарэвіча, Сёмкі Чаркаса, Зыгмуся Купрыяновіча, Аляксандра Махлака, Францішка Даніельскага, Вінцэнтага Лазоўскага, Агаты Уласавых, Надзі Макарэвічавай (колькі каларытных тыпаў з народа заўважана раманістам!) выяўляецца ідэя, сфармуляваная Чорным пазней у яго "Дзённіку" ў словах: "...народ – гэта мільёны індывідуальнасцей, кожны з сваім індывідуальным абліччам і лёсам, хоць і падначаленымі аднаму закону жыцця – нацыянальнаму і дзяржаўнаму". Не, народ, сцвярджае з пафасам пісьменнік, не пыл на ветры, узнятым рэвалюцыйнай віхурай (як не ўзгадаць тут пра сумна вядомае выслоўе сталінскіх часоў: "лагерны пыл"!). У апублікаваных у часопісе "Узвышша" фрагментах з рамана гучыць "людская", "вялікасная сімфонія" жыцця: "І зямля ачысціла прасторы ад гор і лясоў, каб не было ніякіх пялёнак для вока людскога і свет напоўніў усё навокал прадстаўнікамі сваімі. Перад імі, па вялікай зямлі, і грыміць вялікасць усіх вялікасцей музыкі – і гэта ж ён (чалавек. – М. Т.) дзейнічае тут сіламі істоты свае, і творыць, і напаўняе!"
У аповесці "Лявон Бушмар" Чорны засяродзіўся на наказе каларытнага чалавечага тыпа, "хутаранца", іменем якога названы твор. У постаці Бушмара ўражвае і прываблівае прыродная моц чалавека, што ўрос каранямі глыбока ў зямлю, якая яму належыць па праву спадчыннасці і якую ён, ні пядзі, не жадае саступіць людзям, што, на яго разуменне, не ведаюць яе сапраўднай цаны. Прыроднае, натуральнае, "цёмнае" ("Думаць ён не прывык") бярэ верх над "здаровым розумам". Прозвішча героя (ад нямецкага Busch – кустоўе, лясны гушчар, і Маг – паданне, дзіўная гісторыя) гучыць пагрозліва і шматзначна. Новае наплывае на хутар Бушмара, апошнюю цытадэль уласніка, з усіх бакоў. Лявон нутром чуе небяспеку, нервуецца, злуецца, паводзіць сябе неразумна ("як дзіця"): яму няма месца ў свеце, перайначаным рэвалюцыяй ("Бушмар больш у гэтую мясціну не вярнуўся. Ён знік. Другая гісторыя перад намі..."). Чорны ў час напісання аповесці яшчэ жыў ілюзіямі, што з дапамогай "планавай гаспадаркі" і ідэі "новага чалавека" можна пазбавіцца ад "рэшткаў бушмараўшчыны", утаймаваць біялагічную стыхію людскіх страсцей і інстынктаў.

Незавершаная трылогія "Ідзі, ідзі", "Захаду і Усходу", "Раскрыжаванне" нагадвала пра дарагую Чорнаму ідэю гісторыі як працэсу і жыцця як руху наперад. Ідэю, вядома, філасофскую, якая стала пафасам яго творчасці, пачынаючы з рамана "Сястра": "Ты вечна ідзі. І жадай толькі аднаго, каб было табе куды вечна ісці. І калі ты вернешся назад, памятай, што ты быў ужо тут. Бо калі забудзеш – тады пойдзеш назад і назад". У рамане шмат інтэлектуальных спрэчак, філасофскіх дыскусій, насычанай думкамі перапіскі паміж героямі, што, несумненна, сведчыла пра паглыбленне рацыянальнага пачатку ў творчасці пісьменніка. Асабліва моцна хвалявала яго пытанне аб "новым чалавеку": "Вы думаеце, што той новы чалавек, пра якога вы мне тады чыталі ў сваіх вершах, будзе толькі таму новы, што будзе абуты, негалодны, адзеты?.. Ну, адным словам, выратуецца з сацыяльных бядот, а сам, які быў, гэткі і застанецца? Поўны новы чалавек пачнецца тады, калі з яго будзе вытраўлены апошні цень ад пачуцця ўсялякага акафісту ў дачыненні да каго і да чаго б там ні было..." Як філасофскае крэда новага, разняволенага чалавека гучаць словы: "Акафістаў рэвалюцыя не прымае... Акафіст – гэта "славословие", нявольніцтва".

Ідэйна-філасофскія, вобразна-мастацкія катэгорыі зямлі, маралі, прыроднай сутнасці чалавека ў рамане "Бацькаўшчына" (1931) папаўняюцца яшчэ адной ідэяй, якая займае адно з цэнтральных месцаў у свядомасці беларусаў.

Пошукі Радзімы – гэта пошукі сваёй зямлі. Чорны стварыў эпічны малюнак, у цэнтры якога магутная постаць Леапольда Гушкі, селяніна-волата, здольнага, як казачны герой, сошку вырваць з раллі і закінуць за лазовы куст, узняць, ачысціць ад пустазелля, засеяць цаліну, накарміць "цэлы свет". У рамане створана сістэма вобразаў, якая выяўляе ўвесь спектр поглядаў на праблему Бацькаўшчыны: стары Няміра, які паклаў сілы ў працы на зямлі, але так і не пабагацеў, малады Адась Гушка, сын Леапольда, бальшавік, які свята верыць у ідэю сацыялізму, багацеі Сурвіла і Мазавецкі, якія нажылі свой "першапачатковы капітал" за кошт жорсткай эксплуатацыі і звычайнага махлярства, Эдвард Лявер, палонны немец, які раскрывае Леапольду вочы на тое, што такое Сілезія, яго далёкая Бацькаўшчына, аб якой ён трызніць у сне і наяве. Чорны стварыў драматычную карціну пошукаў і расчараванняў народа на працягу дзесяцігоддзяў прыгнёту, барацьбы, паражэнняў і перамог.

У апавяданні (па сутнасці, аповесці) "Семнаццаць год" (1932) Чорны выкарыстаў творчы эксперымент, стварыўшы ўмоўную сітуацыю, у якой наглядна выяўляецца сутнасць індывідуалізму, што, на думку аўтара, моцна дэфармаваў нацыянальны характар беларуса. У цэнтры сюжэта знаходзіцца вобраз Пятра Тадаровіча, селяніна, салдата, які спачатку свядома стараецца "быць далей ад усяго і бліжэй да самога сябе: сам сабе чалавек не вораг". Так ён спадзяецца пазбегчы "жалезнага шэрагу няшчасцяў", якія падсцерагаюць яго ў жыцці. Яму шанцуе: выратаваўшы на полі бою параненага палкоўніка і атрымаўшы ад яго ў знак падзякі кавалак зямлі, "назаўсёды, значыцца, Пятро Тадаровіч выйшаў з шэрагу шэрых людзей на вайне, нават і так ён як бы выйшаў з усялякіх людскіх шэрагаў". Аднак надзея на магчымасць адасобленага існавання ў свеце, дзе ўсё кіпіць і бурліць ("увесь свет па сабе, і ён па сабе"), не мае глебы: "Ён не мог знайсці ні пачаткаў, ні канцоў, ні прычын – нічому: ні вайне, ні смерці, ні голаду. Як муха ў вадзе. Ён нічога не разумеў на свеце". У эпілогу, характэрным для Чорнага-сацрэаліста, мы бачым Тадаровіча ў шэрагах дэманстрантаў (дзея адбываецца ва ўмовах Заходняй Беларусі): жыць і быць па-за гісторыяй нельга. Гэты сюжэт Чорны выкарыстаў пазней і ў рамане "Пошукі будучыні".

Яшчэ адзін аспект найноўшай беларускай гісторыі – пошукі "новай маралі" – асветлены Чорным у незавершаным (як лічыцца, хоць усе прыкметы завершанасці навідавоку: ідэйная задума, сістэма вобразаў, сюжэт) рамане "Трыццаць год" (1934). У складаным перапляценні людскіх узаемадачыненняў паміж Наталляй Паўлоўскай, Аміляй і Клавай Снацкімі, Колем Высоцкім, з аднаго боку, і Сёмкам Фартушнікам, Хурсам, Мішам Паўлоўскім – з другога, аўтару ўдалося выявіць псіхалогію розных характараў, носьбітаў тых ці іншых ідэй, самой філасофіі эпохі, дзе адбываецца сутыкненне двух падыходаў да жыцця: "чалавек чалавеку воўк" і "чалавек чалавеку – друг, таварыш і брат".

Праблемы гуманізму маштабна пастаўлены і грунтоўна распрацаваны Чорным у рамане "Трэцяе пакаленне" (1935), што зрабіла гэты твор папулярным у 30-я гады (ён штогод перавыдаваўся ў арыгінале і ў перакладах на мовы народаў СССР). Аднак аўтар нездарма вярнуўся да свайго рамана яшчэ раз у 1941 годзе і стварыў новы варыянт, дзе многае ў сваіх поглядах на герояў пераасэнсаваў і ўдакладніў. Творчая драма Чорнага-мастака тут добра бачная: яго невычэрпны талент выявіўся ва ўменні будаваць сюжэт, заснаваны на драматычнай калізіі і займальнай інтрызе, ствараць выдатныя чалавечыя характары, бліскуча выкарыстоўваць вобразныя магчымасці беларускай прасодыі, а яго магутны інтэлект з цяжкасцю спраўляўся з рэальнымі супярэчнасцямі часу, дзе сутыкнуліся хрысціянская мараль і ваяўнічы атэізм савецкага грамадства, які ігнараваў чалавека як унікальную асобу і аддаваў перавагу сіле і ўладзе. Вастрыню і драматызм гэтага канфлікту, тыповага для многіх твораў савецкага перыяду, Чорны спрабаваў змякчыць у аповесці "Люба Лук'янская" (1936), "Насцечка" (1940), у п'есе "Ірынка" (1941), у трылогіі "Вялікае выгнанне" і рамане "Судны дзень" (рукапісы гэтых твораў згарэлі ў першыя дні вайны). Тут выразна гучыць думка, што "чалавек – стварэнне яснае, светлае, а не змрочнае і злое" і што жыццё трымаецца не "чыстай, чалавечнай, літасцівай, міласэрнай, ласкавай праўдзе".

У гады вайны з фашызмам Чорны працягваў задуманае: яго цыкл раманаў папоўніўся за лік такіх шэдэўрАў, як "Пошукі будучыні" (1944), "Вялікі дзень" (1942–1944), "Млечны Шлях" (1944). Быў пачаты і не завершаны яшчэ тузін іншых вялікіх твораў, сярод якіх аповесць "Скіп'ёўскі лес", "Сумліцкая хроніка", "Сыны Хведара Нявады", "Лявончыкава Ліда і Якубаўскі карчмар Сымон Біруля", "Захар Пагуда", раман аб Рыгору Сухменьчыку (так ён называецца ў "Дзённіку" пісьменніка) і інш. У адным з лістоў Чорны адзначаў, што ў вайну яшчэ раз пераканаўся ў неабходнасці працягваць задуманы раманны серыял і што ён павінен "збудаваць свой дом у вялікім горадзе беларускай літаратуры".

Усведамленне асабістай адказнасці за будучыню вызначае пачуцці і думкі герояў "Пошукаў будучыні", дзе на поўную моц загучала дарагая сэрцу празаіка ідэя, якая знаходзіць сваё вобразнае ўвасабленне спачатку ў рамане "Трэцяе пакаленне", а ў канцы жыцця і ў аповесці "Заўтрашні дзень". Вясёла-гаваркі фельчар, пахмурна-рашучы Кастусь Лукашэвіч, "выгнанец з-пад Вільні", ласкавая і жаноцкая Волька Нявадавых, сялян Юрась Нявада і Сымон Ракуцька, немец Густаў Шрэдэр, граф Паліводскі – усе яны шукаюць свой шлях у заўтра, тым самым выбіраючы яго і для іншых, свайго народа і ўсяго свету Дзеці робяць свой выбар разам з дарослымі, і не з меншым энтузіязмам і адказнасцю, "быццам ратуючы ўвесь свет не менш як ад касмічнай катастрофы". Жорсткі век украў у бацькоў маленства іх дзяцей і прымусіў дзяцей дачасна пасталець. У рамане шмат эпізодаў, дзе востра адчуваецца бязлітасная хада Вялікага Часу. У гады вайны Чорны не стамляўся паўтараць выслоўе: "Час – вялікі доктар".

У рамане "Вялікі дзень" на першым плане якраз і знаходзіцца філасофска-паэтычная катэгорыя часу. У "Дзённіку" адносіны аўтара да падзей выказаны лаканічна: "...нямецкая акупацыя была для беларускага народа не толькі парою пакуты, але і парою ўзвышэння, гартавання і гістарычнага ўзняцця народа як нацыі і ўзмацнення яго нацыянальнай самасвядомасці". Менавіта пра гэта і апавядаецца ў рамане, які складаецца з дзвюх частак (назвы, як заўсёды ў Чорнага, шматзначныя): "Пошукі роднай зямлі" і "Вялікае скрыжаванне". У непрымірымай бойцы сутыкаюцца розныя ідэі, розныя характары, розныя цывілізацыі. У ваенных раманах зноў, як і раней, гучыць любімая чорнаўская думка: "Чалавек – гэта цэлы свет". Але ў ёй, акрамя захаплення, ужо шмат трагізму.

Задума рамана-антыутопіі "Млечны Шлях" выяўлена ў словах: "Беларускі чалавек сярод сваіх еўрапейскіх суседзяў у часе Айчыннай вайны". Цяжкае выпрабаванне, якое выпала на долю беларусаў, адкрыла на ўсю глыбіню лепшыя якасці нашага народа, яго здольнасць да супраціўлення злу. Вайна, смерць, вечнасць – перад іх тварам беларусы дэманструюць сваю чалавечнасць. Выснова, да якой прыходзіць Уладзімір Ярмаліцкі, герой твора: "Няхай жыве ўсясветная дбайнасць аб кожным чалавеку, які толькі хоць дзе на зямлі радзіўся на свет. І чорнае пракляцце таму, хто паліць і разбурае!"

У апошнія паўгода свайго жыцця Чорны вёў "Дзённік", запісваючы самае важнае, што хвалявала і непакоіла яго. Сярод мностве іншых клопатаў асобнае месца займае яго трывога за лёс задуманага серыяла, які ён не меў магчымасці завяршыць. Апошні запіс аб гэтым: "Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?"

Міхась Тычына


Раім таксама паглядзець:
Чорны Кузьма. Трэцяе пакаленне
1.69 р.

Чорны Кузьма. Трэцяе пакаленне

У кнігу класіка беларускай літаратуры, майстра псіхалагічнай прозы Кузьмы Чорнага (1900 – 1944) увайшлі раман "Трэцяе пакаленне", апавяданні "Макаркавых Волька", "Вераснёвыя ночы" і "Маленькая жанчына".

Макаёнак Андрэй. Зацюканы апостал
3.48 р.

Макаёнак Андрэй. Зацюканы апостал

П’есы: для ст. шк. узросту; прадм. А. Сабалеўскага. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2009. – 303 с. – (Школьная бібліятэка)

У кнігу ўвайшлі п’есы "Выбачайце, калі ласка", "Зацюканы апостал", "Трыбунал", "Кашмар" ("Святая прастата"), "Пагарэльцы".

Жук Алесь. Паляванне на Апошняга Жураўля
3.99 р.

Жук Алесь. Паляванне на Апошняга Жураўля

Аповесць, апавяданні: для ст. шк. узросту / прадм. Анатоля Кудраўца. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2009. – 254 с. – (Школьная бібліятэка).