![]() |
3.49 р.
Вага: 550 г
Памеры: 170x260 мм
|
Выданне за травень—чэрвень адметнае гутаркай Зінаіды Гімпелевіч з Васілём Быкавым. Гэты ўнікальны матэрыял прымеркаваны да дзён памяці Васіля Уладзіміравіча, якія праводзяцца 19 і 22 чэрвеня.
"Дзяслоў" 3 (64) '13. Травень—чэрвень 2013. Літаратурны часопіс.. — Мінск, 2013. — 352 с.
ISSN 2076-1309
У новым нумары можна пачытаць вершаваныя падборкі Васіля Зуёнка, Алега Мінкіна, Валерыя Дубоўскага, Ганны Аўчыннікавай, Міколы Кандратава. Ёсць у часопісе і паэма Васіля Макарэвіча "Атлантыда".
Працяг рамана Алеся Усені "Грэх" адкрывае празаічную частку "Дзеяслова". Творы з нізкі апавяданняў "Пра Моцю" Віктара Казько, "З Уладзевых гісторый" Уладзіміра Сіўчыкава, навэла Паліны Качатковай "Люстэркі", абразкі Віктара Сазонава "Дзядоўскія мудрасці" прадстаўляюць на часопісных старонках самыя розныя жанры сучаснай беларускай прозы.
Дэбютантамі свежага нумара сталі Яўген Мартыновіч (зацемкі) і Кірыл Мяцеліца (вершы).
Раман украінскага пісьменніка Віктара Баранава "Прытула", перакладзены на беларускую Валерам Стралко, працягвае знаёміць чытачоў "Дзеслова" з літаратурай нашых суседзяў.
У рубрыцы "Гісторыя" змешчаны артыкул Міколы Нікалаева "Першы японец у Савецкай Беларусі". 650-годдзе бітвы на Сіняй Вадзе святкуе ў сваім матэрыяле, аднесеным да раздзелу "Памяць", Мікола Ліннік.
Жанр эсэ прадстаўлены ў 64-м нумары творамі Міхася Булавацкага і Алеся Тарановіча.
Значнае месца ў "Дзеяслове" адводзіцца літаратурнай крытыцы. Пра драматургію пакалення "Бум-Бам-Літ" разважае Сяргей Кавалёў.
Таксама тут можна прачытаць суплёт рэцэнзій на кнігі шорт-лістэраў прэміі Гедройца, напісаных Ганнай Янкута, Ціханам Чарнякевічам, Марыяй Мартысевіч, Маргарытай Аляшкевіч.
Генрых Далідовіч робіць "штрыхі да творчасці Алеся Пашкевіча", а Леанід Галубовіч аглядае першы нумар гарадзенскага літаратурнага альманаха "Новы замак".
Часопіс традыцыйна завяршаецца анонсамі кніжных навінак, выдадзеных цягам апошніх двух месяцаў.