![]() |
14.99 р.
Вага: 640 г
Памеры: 130x200 мм
|
Праклён: / Валер Гапееў. — Мінск : Галіяфы, 2013. — 546 с.
ISBN 978-985-7021-17-8
Першы беларускі раман пра сучаснасць, у якім містычнае і міфалагічнае адваёўвае сваё права на існаванне ў рэчаіснасці і робіцца неад'ёмнай часткай нашага жыцця. Пакутлівыя пошукі выхаду з-пад улады Праклёну прыводзяць да неабходнасці паверыць. У рамане выяўляюцца тыя сілы, якія ўпарта адносіліся да міфічных толькі таму, што адным не хапала моцы паверыць і прыняць відавочнае, а другім хапала розуму і ўлады выдаваць сапраўднае за казкі і легенды.
"...тыя, з Цемры... яны тут, сярод нас. I яны робяць сваю справу тут, у рэальным свеце. Купалле ўсяго толькі штогадовы пік змагання, калі адчыняюцца твары... Калі прыйдзе нейкі год, а не знойдзецца абаронцаў? Ці Крыжа? Ці сам Камень звалачэ пад падмурак сваей сядзібы які новы бізнесмен? Ці не ўспыхне ніводнага купальскага вогнішча, і тады тая чорная зграя беспамылкова пабачыць шлях? ...Кветку згасяць. Яе не будзе каму бараніць. Яна згасне і болей ніколі не ўспыхне. I малітва будзе дарэмнай. Калі яшчэ будзе каму чытаць яе... Я не ведаю, што будзе без Кветкі. Я ведаю, што яна павінна быць".
ЗМЕСТ
ЧАСТКА 1
1
2
3
4
5
6
ЧАСТКА 2
1
2
3
4
ЧАСТКА 3
1
2
3
4
5
6
ЧАСТКА 4
1
2
3
4
5
6
ЧАСТКА 5
1
2
3
4
ЧАСТКА 6
1
2
3
4
5
6
ЧАСТКА 7
Пралог. Бой
Каты
Рупніца
Барока
Рэквізіцыя
Камісар
Эпілог. Бой
ЧАСТКА 8
1
2
3
4
5
6
7
8
ЧАСТКА 9
1
2
3
4
5
6
7
Пачатак кнігі
Частка 1
1
— У вас гарыць нешта…
Голас прагучаў зусім без эмоцый, роўна і спакойна. Люба, дваццаціпяцігадовая Толікава жонка, стаяла на парозе пакоя, вываліўшы з-за крыса халата рыхлую левую цыцку, і соўгала яе правай рукой, спрабавала патрапіць тоўстым, доўгім, як палец на назе, карычневым смочкам у раток дзіцяці, якога няўклюдна прыціскала да сябе.
— Што ў нас гарыць? — падскочыў з канапы яе Толік, вырачыў вочы. — Валодзька! Гарыць нешта!
У Толікавай каржакаватай фігуры — ён быў невялікага росту, трошкі вышэйшы за сваю Любу, шыракаплечы, з доўгімі дужымі рукамі — было столькі разгубленасці і страху, што гэта мімаволі выклікала ўсмешку.
Уладзімір Жабрун з падсвядомай палёгкай — яго бянтэжыла белая, мяккая Любіна цыцка — імкліва нахіліўся, прынюхаўся да трансівера, памацаў яго рукой, потым правёў рукой па прайгравальніку, таксама панюхаў, урэшце абнюхаў, абмацаў тэлевізар, які цяпер працаваў. Звычайны пах электронікі ў час працы, дыму таксама нідзе не відаць…
— Нічога ў нас не гарыць, — мусіў узняць ён вочы на збабленую Любіну постаць.
Некалі яна была яго аднакласніцай, яе вабныя формы пачалі выяўляцца ў класе шостым, калі большасць дзяўчынак хадзіла “шалёўкамі”. А ў сёмым, на занятках фізкультуры, хлопцы ўжо елі вачыма яе постаць, немаленькія, выразна, па-жаноцку, акрэсленыя клубы, пругкія грудзі. Люба распаўнела яшчэ да замуства, а як нарадзіла першынца, дык во — новы махеравы халат, што прывёз сёння з Расеі Толік, ёй, відавочна, замалы. Крыссё сцягнутае адно на жываце, ніжэй расхінаецца вольна, відаць не толькі белае сцягно, але і лапік блакітных майтак, калі Люба сядае ў фатэль і шырока разводзіць калені… Раздаліся, растаўсцелі плечы, рукі, шыя стала зусім кароткая, і невялікая, нерасчасаная галава ў кароткіх русых кудзерках расла нібыта адразу з плячэй.
Уладзімір толькі што кончыў падлучаць спадарожнікавую талерку і наладжваць трансівер — Толік прывёз апаратуру сёння, і сёння ж захацеў усё паставіць.
— От тады сядзем і будзем з табой замочваць мае заробкі! — угаворваў ён і сябе, і Уладзіміра.
І праўда — не піў амаль да канца. А як толькі на вялізным плазменным экране з’явілася першая карцінка, не вытрымаў, хацеў хапнуць з рылца гарэлкі, а пляшка, халера, з дазатарам, чакай, пакуль нальецца… Давялося “цадзіць” у шклянку…
Пакой быў пазастаўляны парожнімі скрынкамі з-пад апаратуры. І наагул, нечым нагадваў саму гаспадыню. Тут усё было дарагое, новае: вялікая канапа ў куце, арыгінальная “сценка-горка”, адмысловы кампутарны стол у другім куце, два вялікія фатэлі, прыгожы часопісны столік са шкла. Гэта калі не лічыць вось цяпер падвешанага плазменнага экрана, тумбачкі з прайгравальнікам… Але, як Люба адзетая, так канапа засланая неахайна, абы накінуць. А посцілка — куды меншага памеру, што яшчэ больш нагадвала Любу. На паліцах “сценкі”, нават за шклом, відаць добры слой пылу. Зрэшты, Любе, як заўважыў, пакуль працаваў, Уладзімір, тое зусім не рупіла. Яна толькі хадзіла, то па хаце, то па двары, насіла свайго трохмесячнага сына і совала яму ў твар смочкі то адной, то другой цыцкі. Здаецца, нічым больш і не займалася, і не думала займацца, бо Толік сам бегаў на кухню. А там такі самы гармідар — сярод новай і дарагой мэблі. Бачыў Уладзімір, калі хадзіў піць. Толік з кухні крычаў Уладзіміру, якую каўбасу той будзе есці (хацеў пахваліцца, што прывёз з Расеі аж некалькі гатункаў), сам і каўбасу рэзаў і хлеб кроіў, сюды насіў. Ёсць жанкі, заўважыў сам сабе Уладзімір, — і дзяцей дагледзяць, і мужа, і гасцей, і хату… А можа, Люба мудрэйшая за іншых? Усё ж драбяза! Апрача дзяцей…
— Што ў нас гарыць? — аж запсіхаваў Толік — у жончыных словах ён адчуў пагрозу таму моманту, калі засталося ўжо толькі найпрыемнейшае: наліваць, выпіваць-закусваць ды дзівіцца на любы з трохсот каналаў.
— Дык не ў нас, — павольна прамовіла Люба, пазіраючы, як дзіця ўрэшце лянотна пачало пасмоктваць, узняла галаву і дадала: — То ў Валодзькі там на пасёлку гарыць нешта… Я дзівіцца не стала, бо пажар жа, мне нельга… Быццам дом які гарыць, — дакончыла яна без аніякай трывогі і цікавасці, падкрэсліваючы: гарыць — ну і хай сабе гарыць, мне што з таго?
Яна яшчэ не дагаварыла, а ў Уладзіміра паўстала ў памяці палудзеннае: брат вярнуўся з чарговых “заробкаў” добра падпітым, здаволеным — нёс у кішэні зашмальцаванага фрэнча пляшку белай — далі і з сабой.
— Глядзі акуратна тут, — кінуў яму тады Уладзімір, заводзячы матацыкл.
— Не ссы, — ікнуў у адказ брат.
— Не куры на канапе, папрапальваў усю, згарыш нахрэн! — ужо гучна, праз стракатанне матацыкла крыкнуў Уладзімір, стаў выязджаць з двара і пачуў абыякава-разухабістае ў спіну:
— Што згарыць, то не згніе!..
Уладзімір кінуўся да дзвярэй, Люба нехаця адступіла ўбок, ён ледзь праціснуўся, каб не даткнуцца да яе адрузлага цела. Выскачыў на веранду, і ў гарод — адтуль за ляском быў відаць іх пасёлак.
І пабачыў зарыва, вялікае, нечым нават святочнае. Не барвова-крывавым свяцілася неба, а жывым, трапятка-памаранчавым.
— Што там гарыць?
Гэта Толік выйшаў у гарод, пачухваў пад пахай, пытаўся нездаволена: от ты скажы, такі вечар добры быў, зараз бы пасядзелі так файна…
— Не разабраць… ды чаму там яшчэ гарэць… пяць хат…
Уладзімір хутка выкаціў на вуліцу свой матацыкл, нервова тузануў нагой завадны падважнік.
Выехаў з цэнтральнай сядзібы на дарогу да пасёлка — кіламетры два заставалася, і зразумеў, што няма чаго цешыць сябе надзеяй: ён даўно ўжо вызначыў за гэтулькі гадоў кірунак на сваю бацькоўскую хату ад гэтага вось месца. Толькі яна магла зараз гарэць. Ці бабкі Праскоўі, яна стаіць якраз за хатай Жабруноў. Але з чаго сярод ночы гарэць бабінай хаце, калі яна і печ даўно не паліць?
За кіламетр апошнія сумневы зніклі. Добра відочныя на чорным небе языкі яскрава-памаранчавага колеру, чорны на тле зорнага неба хвост дыму ўздымаліся ад іхнай хаты. Дагнаў пажарную аўтацыстэрну — калгасную.
— Валодзька, дзе ў вас студня там блізка? — крыкнуў яму з кабіны Сяргей Вакульчык, пажарнік, хлопец на два гады старэйшы, з франтаватай вузкай паласою чорных вусаў, упакаваны ў спецадзенне, з шаломам на галаве.
— Адразу на ўездзе! Што, без вады едзеце?
— Дык, тваю маць, во бочку завезлі ў Плянту! Гулянка там…
Плянта — месца знакамітае. Нейкі прыезджы прыватнік узяў у арэнду возера ў лесе, на беразе паставіў дом адпачынку. З басейнам, бо возера само праз сябе топкае і плыткае, не пакупаешся. Месца ўпадабалі і мясцовыя начальнікі, і з раёна як хто прыязджаў, то цэлілі туды патрапіць — як далей ад людскіх вачэй…
Першая палова хаты ўжо ўся была ахопленая полымем. Некалькі старых у разгубленасці стаялі перад надворкам, не ведаючы, як даць рады бядзе — вёдрамі тут нешта рабіць было бессэнсоўна.
Уладзімір кінуў матацыкл на траву, падскочыў:
— Брат дзе? Бачылі?
Нехта з жанчын спалохана ўскрыкнуў, забожкала, зашапталася ўстрывожана і рэшта. Уладзімір кінуўся да тыльнага боку хаты, да другой паловы, якая яшчэ чарнела звонку і ўнутры.
— Ой, Валодзечка, не лезь! Не лезь, бо зарэ, як акно разаб’еш — чмыхне, спаліць! — загаласіла нейкая бабця за спінай. — Не ўратуеш ужо яго, як ён там застаўся…
Уладзімір наблізіўся да акна, што было ў ягоным пакойчыку, зазірнуў. Нічога не пабачыў — як малака хто наліў у пакой па самую столь — так дыму нацягнула. Ды наперадзе ледзь паблісквала чырвоным у дзве паласы — гэта праз шчыліны дзвярэй прагнула праткнуцца полымя.
Дакрануўся да шыбы і адчуў, якая яна гарачая, не вытрымаць. Наважліва стукнуў локцем, зазвінела шкло. Прасунуў руку, адшчапіў рамы, расчыніў. У твар ударыла едкая гарачыня. Зразумеў, што яшчэ момант — і ўсё бухне, што тут не гарэла, бо не ставала полымю паветра. Малюнак выбуховага загарання на момант затрымаў яго, але Уладзімір прагнаў страх, падцягнуўся і кульнуўся ў пакой, заплюшчыўшы вочы. Апынуўся перад шафкаю, пацягнуў дужку і суцешыўся — от добра, што гэтым разам не стаў замыкаць ад брата. Хапіў усе паперы, усё, чаго было там: дакументы, розныя даведкі, страхоўкі, грошы, ашчадныя кніжкі, карацей — усю сваю хатнюю бухгалтэрыю — і, адчуваючы вострую рэзь у вачох і боль, што раздзіраў грудзі, сеў на падаконне, потым скочыў. Упаў на калені, хацеў устаць, выпрастацца, як раптам хакнула ззаду, нібыта ўздыхнуў нехта велізарны, з усхліпам, і з расчыненага акна вырваўся зыркі, пякучы струмень агню, усё адно як дзьмулі адтуль, з пакоя, тры пашчы Змея Гарынавіча…
Выпаўз чацвярыцай далей ад хаты, азірнуўся — яна амаль уся была ў агні…
Валеры Гапееў — пісьменнік, журналіст. Нарадзіўся 6 лютага 1963 года ў пасёлку Осава Веткаўскага раёна. Першае сур'ёзнае апавяданне “Абсалютнае жаданне” надрукаваў у часопісе “Маладосць”. Часопіс “Крыніца” надрукаваў дэтэктыў на рускай мове “…И два в остатке”. У 1995 годзе быў запрошаны на працу карэспандэнтам у новаствораную “Газету Уладзіміра Кудзінава” (цяпер — “Газета для вас”). У 1997 годзе перайшоў на працу ў раённую газету “Івацэвіцкі веснік”. Цяпер працуе ў рэдакцыі раённай газеты адказным сакратаром.