![]() |
13.99 р.
Вага: 560 г
Памеры: 130x210 мм
|
3 мінулага не вяртаюцца...: аповесці, апавяданні: / Віктар Гардзей. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2013.— 511 с.-(Беларуская проза XX стагоддзя). — Цвёрдая вокладка
ISBN 978-985-02-1276-4.
У кнігу Віктара Гардзея «3 мінулага не вяртаюцца...» увайшлі тры аповесці — «Дом з блакітнымі аканіцамі», «Жыта ганьбу не заслоніць», «Па Сеньку і шапка». У першай з іх на складаным лесе сялянскай сям’і ўзняты праблемы сучаснасці, глыбока даследаваны даўнія падзеі. 3 гэтага ж шэрагу і наступны твор кнігі.
Трэцяя аповесць «Па Сеньку і шапка» таксама абвострана і праўдзіва праз самабытныя вобразы раскрывае трагічны лес пасляваеннай вёскі.
Творы пісьменніка адметныя каларытнай беларускай мовай, шчырым гумарам і лірызмам, вызначаюцца займальным сюжэтам і кампазіцыяй.
ЗМЕСТ
АПОВЕСЦІ
Дом з блакітнымі аканіцамі
Жыта ганьбу не заслоніць
Па Сеньку і шапка
АПАВЯДАННІ
Пад мокрым клёнам
Гром над сціртай саломы
Дынамік на школьным коміне
Трывожная восень
Тры маладзіцы і Кандрат
Сумёты
Дом з блакітнымі аканіцамі
Раздзел першы
1
Вярнуцца назад у яго не хапіла рашучасці. Але і заставацца дома ён ужо не мог. Было падобна на тое, I што ён апынуўся паміж двух агнёў: паездка ў Сіняўку, магчыма, прынясе палёгку яго збалелай душы, з другога ж боку, яна, наадварот, можа прыбавіць новых пакут і сумненняў. I ўсё ж ён паехаў. Купіў на аўтастанцыі білет і сеў у амаль што пусты аўтобус. Тут, у аўтобусе, і закралася супярэчлівая думка: уласна кажучы, а ці варта яму ехаць у тую Сіняўку? Давыдчык памкнуўся выйсці з аўтобуса, хацеў вярнуцца дамоў, але схамянуўся занадта позна: аўтобус ужо ад’ехаўся ад шэрага, непрыветнага будыначка аўтастанцыі і, абмінаючы лужыны, марудна калываўся па калдобістай вуліцы раённага гарадка.
Давыдчык сеў на пашарпанае дэрмацінавае сядзенне, паставіў ля ног чырвоную гаспадарчую сумку, якую трымаў у руцэ, і, пакрысе супакойваючыся, пачаў глядзець у акно. Яго не цікавіла, што робяць і што гавораць суседзі па аўтобусе. Ён думаў пра сваё. 3 таго самага моманту, як наважыўся ў дарогу, Давыдчыка не пакідала адчуванне сустрэчы з вялікай, ні з чым не параўнанай стратай, якая аднойчы напаткала яго ў жыцці. Вось таму ён і ехаў у Сіняўку, дзе завязаўся тугі вузел яго пакут. Там ён павінен запоўніць пустату ў душы, развеяць свае трывогі. Відаць, гэта не проста капрызы памяці. У рэшце рэшт, Давыдчык меў права спытаць: чаму, з якой радасці ён быў абдзелены цеплынёй, ласкай, пяшчотай?
Гэта трэба было высветліць, таму што памяць не давала спакою — памяць гнала яго з дому.
У Сіняўку Давыдчык выбіраўся як не з Новага года — ішоў на аўтастанцыю, браў білет і ніяк не мог рашыцца на гэтую паездку. Не сказаць, што і Сіняўка за светам — трэба праехаць па шашы некалькі вёсак, мінуць стары Машукоўскі лес, а там —- праз хвілін трыццаць язды — пакажуцца шыферныя дахі пасёлка, што лепіцца па абодва бакі Брэст-Маскоўскай аўтастрады. Калі мераць сённяшнімі меркамі, дык нейкіх сорак вёрст, канечне ж, не дарога. Але Давыдчык упарта вяртаўся з аўтастанцыі, кожны раз не могучы вытлумачыць свой учынак.
Пэўна, яму балюча і цяжка ўбачыць тыя сцены, тыя вокны, якія павінны яшчэ помніць іншых людзей, іншыя крокі, іншыя беды і радасці.
Пакуль не споўнілася трыццаць гадоў, Давыдчык досыць спакойна адносіўся да таго, што недзе за лясамі, за даламі ёсць дом з блакітнымі — ці ж хоць з блакітнымі?— аканіцамі, які багата чаго значыў у яго жыцці. Да трыццаці гадоў чамусьці не думалася, што пражыты ўжо даволі ладны прамежак часу. Ды нечакана аказалася, што гэта ўжо абсяг, вышыня, з якой далёка бачыцца пройдзены шлях. Свой юбілей Давыдчык справіў яшчэ зімой, у самыя маразы, і вось з таго часу няма і няма спакою — як быццам душа і цела страцілі цвёрдую зямную апору.
Давыдчык стаў задумлівы, раздражнёны і капрызны, як дзіця. Ён пачаў баяцца цёмных начэй і таму позна заседжваўся з кнігай, хоць чытанне не лезла ў галаву. Па начах сніліся жахлівыя і страшныя сны, і ён прахопліваўся ў халодным поце. Часцей за ўсё сніўся дом з блакітнымі аканіцамі. Дом гарэў, быў ахоплены полымем, а на самым вільчаку страхі хадзіў кот — вялікі і паласаты, як тыгр. Ніхто не рашаўся лезці ў полымя, ратаваць ката, і ён нема енчыў, пачуўшы сваю пагібель. Давыдчык бачыў агонь, крычаў у сне і прачынаўся ад жаху, а потым доўга не мог супакоіцца. Ён сядзеў на ложку і плакаў, але ні жонка Ліля, ні сын Толік не здагадваліся, што ён плача. Ён плакаў бязгучна, нябачна, плакаў збалелай, спакутаванай душой.
Пасля кашмарнай ночы Давыдчыка з новай сілай пацягнула ў Сіняўку, дзе ён павінен знайсці збавенне, паратунак ад сваіх блытаных і супярэчлівых дум. Пробліск гэтай падзеі з’явіўся яшчэ ля акенца аўтобуснай касы, калі ён стаяў у чарзе і глядзеў на белую руку, якая раз-пораз высоўвалася з акенца, падаючы людзям жоўтыя квіткі. Касірка, унурыўшыся ў работу, канечне, не заўважыла боль і ціхі смутак у яго вачах. Затое ў аўтобусе пасажыры дапытліва, з цікавасцю паглядзелі на Давыдчыка. Па нейкіх асаблівых прыкметах яны ўсё ж здагадаліся: не так сабе сцяў губы і нахмурыў шырокія бровы гэты высокі, змучаны і маўклівы чалавек. У душы паспачуваўшы яму, сівы дзядуля пасунуўся на дэрмацінавым сядзенні, таргануў Давыдчыка за крысо плашча:
— Сядайце во тутачкі. Не так будзе трэсці.
— Дзякую, месца ж хапае,— сказаў Давыдчык і, падумаўшы, усё ж сеў побач з дзядулем.
— I далёка едзеце? — дапытліва зазіраючы Давыдчыку ў твар, спытаў дабрадушны сусед.
— У Сіняўку.
— I я тэж туды. Старая паслала купіць шпалераў.
Дзядуля, мусіць, здагадаўся: маўкліваму, засяроджанаму мужчыну зусім не да яго, і адстаў з роспытамі. Давыдчык адчуваў, што яму трэба нешта сказаць у адказ, каб не пакрыўдзіць дзядулю, але не мог падабраць патрэбнае шчырае слова. Ён уставіўся ў акно, безуважна і няўцямна глядзеў на шэрае поле, што прабягала побач з шашой. За полем пачыналіся вёскі, за вёскамі зноў беглі поле і голыя пералескі. Магчыма, яны, гэтыя лужкі і паляны, што бачыліся за акном, былі незвычайнага хараства, але Давыдчыку было ўсё роўна. Ён сядзеў і маўчаў, маўчаў і думаў пра сваё. Толькі адзін раз устрапянуўся, ажывіўся, і то гэтае ажыўленне найшло тады, калі аўтобус уехаў у яшчэ адну вёсачку — Арэшніцу. Гэта ўжо зусім блізка ад таго месца, дзе пачалася для Давыдчыка нялёгкая трывога жыцця. За невялічкім ляском, зусім блізка (ці вёрст пяць набярэцца па гразкай лясной прасецы) быў Ясянец — яго родная вёска…
Віктар Гардзей — беларускі пісьменнік. Нарадзіўся ў 1946 годзе ў вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Вялікакруговіцкай сярэдняй школы працаваў у калгасе, у ляхавіцкай раённай газеце «Будаўнік камунізму», і ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе» — загадчык аддзела пісьмаў, адказны сакратар, намеснік рэдактара. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Далейшы працоўны і творчы шлях прайшоў праз часопісы «Беларусь», «Родная прырода», «Маладосць», «Полымя», «Вожык», выдавецтва «Мастацкая літаратура», штотыднёвік «Літаратура і мастацтва».
Першыя літаратурныя творы надрукаваў у 1963 годзе, будучы яшчэ школьнікам. Выдаў зборнікі паэзіі «Касавіца», «Верасное палясоўе», «Засевак Радзімы», «Незабудкі азёр», «Узрушэнне», «Дзікая пчала», «Зялёныя дажджы», «Межань», «Трыадзінства», кніжкі вершаў для дзяцей «Чырвоны грабеньчык», «На арэхавай палянцы», «Коцікі на вярбе», «Мой тата — трактарыст», «Зай, які лічыў варон», «Зайкава балалайка», «У бары на зары». Для школьнікаў выдаў таксама двухтомную «Малую дзіцячую Чырвоную кнігу», прысвечаную ахоўнай беларускай фаўне і флоры.
Аўтар кніг прозы «Дом з блакітнымі аканіцамі», «Карані вечнага дрэва», «Уратуй ад нячыстага», трылогіі «Аселіца ў басейне Чорнага мора», рамана «Бедна басота». Вядомы і як перакладчык. На беларускую мову пераклаў раман Г. Флабэра «Саламбо» і кнігу казак народаў Еўропы «Хрустальны калодзеж», якія пабачылі свет у папулярных серыях «Школьная бібліятэка» і «Бібліятэка замежнай дзіцячай літаратуры» Акрамя таго, пераклаў раман Р. Стывенсана «Чорная страла», аповесць-казку Э. Гофмана «Шчаўкунчык і мышыны кароль», шэраг твораў з кнігі «Казкі братоў Грым», а таксама паасобныя казкі X. Андэрсана, Ш. Перо і іншых.
Укладальнік і адзін з аўтараў кніг мастацкай публіцыстыкі «Паміж Ланню і Бобрыкам», «Край легенд і талентаў народных», кнігі-фотаальбома «Белавежская пушча», лаўрэат Літаратурных прэмій імя Мележа і «Залаты Купідон». Да 50-годцзя пісьменніка ў вёсцы Малыя Круговічы імем Віктара Гардзея названа вуліца, на якой ён нарадзіўся і жыў.