Грабал Багуміл. Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных

Грабал Багуміл. Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных
2.99 р.
Вага: 130 г
Памеры: 110x180 мм



Пераклад з чэскай Яна Максымюка. – Менск : VivaFutura, 2007. – 120 с.

ISBN 985-6056-37-1

У творчасьці Багуміла Грабала, аднаго з найлепшых чэскіх пісьменьнікаў, дзіўным чынам спалучаюцца яскравы гумар, красамоўства, аснову якога складае гарадзкі жаргон, глыбокія філязофскія разважаньні і пачуцьцё радаснага, у чымсьці нават дзіцячага захапленьня сьветам, што надае ягонае прозе асаблівы шарм.

Багуміл Грабал

ЗЬМЕСТ

Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных
Пра дзядзьку Пэпіна і Танцавальныя гадзіны... (Ян Максымюк)


Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных (пачатак кнігі)

Як і да вас, панна, мяне найбольш цягнула хадзіць да прыглядных паненак пад касьцёл, не таму каб я надта біў чалом Царкве, але там ля плябаніі была адна крамка, а ў ёй прадаваў нехта Алтман, патрыманыя швацкія машыны, амэрыканскія грамафоны на дзьве спружыны і вогнегасілкі фірмы "Мінімакс", і той Алтман дадаткова займаўся сьцягваньнем прыгожых дзяўчат з цэлага павету ў гасподы й шынкі, і яны часта начавалі ў Алтмана ў заднім пакойчыку, а калі прыходзіла лета, ставілі ў садочку палатку, а як што ксёндз-дэкан упадабаў сабе прагульвацца каля плоту, дык тыя фарсуні выносілі грамафон і пяялі й курылі й загаралі ў купальніках, ну дзіва дзіўнае, як у небе ў іх тамака было, як у нейкім раю, таму ксёндз-дэкан так рупна хадзіў каля плоту на рэвізію, бо зь сьвятарамі яму быў нешанцунак, адзін вікары зьбег зь ягонай пляменьніцай у Канаду, другі перайшоў у чэхаславацкую царкву і ажаніўся, а трэці парушыў забарону і пералез цераз плот да тых прыгажуняў, што тамака загаралі, а так закахаўся ў адну, ажно застрэліўся ад нешчасьлівага каханьня, з рэвальвэру або браўнінга, гэта такая зброя, зь якой кожнаму можа быць бяда, мы як былі хлапчукамі пазычылі адзін і стралялі ў плот, як Конар Толнэс, потым брат разабраў той браўнінг і мы не змаглі ўжо сабраць яго назад і хацелі застрэліцца ад роспачы, што не даем рады сабраць, але гэта было наша шчасьце, дык я мог калі захачу пайсьці да паннаў ля касьцёла, заўсёды прыходзіў выстраены, у крацястых нагавіцах, як банкавы службовец, сядаў сабе на гільзу "Мінімакса", як дыплямат, сонейка сьвяціла, а тыя дзяўчаты ў купальніках ляжалі на плахтах нібыта які хаўрус "Паклоньніц сонца", было іх шэсьць і ляжалі яны наўзнак з рукамі падкладзенымі пад галоўкі з высока зачасанымі фрызурамі ды глядзелі наўмысна ў аблокі, каб пакінуць свае целы на папас мужчынскім вачом, але я, як што быў чульлівы як Моцарт, і абагаўляў эўрапейскі рэнэсанс, зіркаў на іх як кракадзіл, адным вокам у садок на ксяндза-дэкана, другім вокам на тыя ножкі, закладзеныя адна за адну, прыгажуні ўвесь час калыхалі сваімі лыткамі, а па мне бегалі мурашкі, каму ж яшчэ магло так надарыцца, каб пабыць сам-насам з гэтулькімі красунямі? хіба што толькі кайзэру або султану, а распавядаў я гэтым краскам, як прысьніўся мне прыемны сон, як мне прымроілася, што пекар саджае хлеб у печ, а гэта значыць выйгрыш на лятарэі, але я ня меў лятарэйнага білета, ну так, бачыць пекара ў сьне азначае яшчэ начныя забавы, але што з тых забаваў? Гаўлічак і Хрыстос, тыя ніколі не сьмяяліся, наадварот, больш за ўсё плакалі, бо калі хто мерыцца быць носьбітам вялікай ідэі, дык не павінен рабіць глупстваў, у Гаўлічка быў дыямантавы мозг, ён нават прафэсараў зьдзіўляў, прапаноўвалі яму арцыбіскупскае крэсла, але ён выбраў справядлівасьць, трохі кавы й крупніку ды толькі працаваць для народу, каб паменшыць непісьменнасьць, гэта адно разбэшчаным людзям уначы мірсьціцца такім ладам, у гноі валяесься, вясёлы час цябе чакае, або калі прысьніцца начны гаршчок, бесклапотнае жыцьцё табе наканавана, ну так, мілыя панны, гэта якраз той клёк, калі чалавек спадзяецца на самога сябе, а не на бацькоў, як той Маноўх, якому хапала, што ягоны бацька быў турэмным наглядчыкам, дык ён не рабіў нічога іншага, як толькі жлукціў гарэлку і набіраўся дрэнных ухватак, а потым з такога ўзьнікаюць пустабрэхі, як тая спрэчка за аўстрыйскім часам між сацыяльнымі дэмакратамі, вальнадумцамі й клерыкаламі, адны думалі, што сьвет паўстаў з малпы, а іншыя, што Бог зьляпіў Адама з гразі, а потым зь ягонай кішкі зрабіў Еву, ну дык і яе таксама мог бы вырыхтаваць з гразі, лягчэй бы выйшла, ды ўсё гэта лухта, сьвет жа тады быў бязьлюдны як зорка, але людзі сакочуць як маладыя сарокі, рупяцца пра ваду ў рэшаце, я таксама мог бы памроіць аб павабнай дачушцы прэм'ер-міністра, але калі з гэтага нічога ня можа быць, дык навошта? а потым гэта прыгожа канчаецца! Сьвятая Багародзіца! каронны герцаг Фэрдынанд быў пабіты пранцамі і Вэцэра яго стукнула, а яе ўжо застрэліў рамізьнік, ну а кожная панна прызнае, што калі б у ейнага мілага той інструмант быў няспраўны, дык ёй усё роўна што жыўцом у магілу легчы, дык калі я служыў у найлепшай арміі на сьвеце, кажу штабс-лекару, пане доктар, баліць мне ў грудзях, а ён кажа, мне таксама, хлопча, калі б у нас было сто тысяч такіх як ты, мы заваявалі б увесь сьвет! і даў мне адзінку, і я быў героем і выйшаў з горда ўзьнятай галавой, а ён крычыць да мяне стойце! яшчэ маеце час, паедзеце з маёй паняй на вакзал, ягоная пані была красуня, той самай пароды, што й Мажэнка Цыглерава, веліканка як Марыя Тэрэза, выстраеная як каралева, і адразу мяне пытаецца, а вы яшчэ свабодны? і дае мне дваццатку за дарогу, але я ня ўзяў, во што значыць рыцарскасьць, Хрыстос і Гаўлічак таксама не ўзялі б тае дваццаткі, ведаеце, у тыя часы мы трымалі шык, я любіў насіць пэнснэ, а ў гальштук прыколваў значок, які дзед майго сябры дастаў ад клюбу "Ахілес" у Брне за перамогу ў скоках у вышыню, галоўнае, каб мець грошыкі, за грошыкі можна ўсё, і прыгожыя панны, нават калі хто гарбаты або й стары грыб, за грошы можа купіць сабе прыгажуню, бо на гэтым наш сьвет круціцца ў сусьвеце, а я, хоць і прысягаў кайзэрам і прэзыдэнтам, увесь час застаюся героем, далей маю залатыя рукі, як хірург або доктар, у шаўца заўсёды далікатныя рукі, таму мяне называлі прафэсіяналам, сам Баця, казалі, паслаў мне дэкрэт, каб я ў яго рабіў, каб яму паставіў ягоную фірму на ногі, баранэса Бжызава, якая прыходзіла да нас па малако, паглянула на мяне, а потым апусьціла вочы і кажа, а вы самі ня шляхціц будзеце? была яна дамай высокага роду, мордачка як у кошкі на шакалядзе, а ейная дачка выйшла за прыгляднага судзьдзю Юста, таго што даваў валацугам і п'яніцам вялізныя прысуды, Тонік Воплетал уляпіў таму судзьдзі поўху, бо ён засудзіў яго на трынаццаць месяцаў за тое, што перагрыз горла Рыгу падчас акадэмічных дэбатаў, Хрыстос жа, лекар усіх народаў, апірышча бедных, ужо тады ведаў, што чалавек схільны да найбольшага лайдацтва і зараз потым да сьлёз, таму меў досыць сілы і за ўсіх узяў тое бервяно на плечы ды зьбіты і ўвесь у крыві валок яго два кілямэтры на Гальготу, сьвятары й да сёньня гэтаму зьдзіўляюцца, найахвотней выкладаюць дзецям пра сьвятую Тройцу, што айцец ёсьць уласным сынам, а сын сваім айцом, і што яны перапісваюцца з дапамогай галубіцы, ну й лухта, ажно ў мазгох рыпіць, як быццам ксяндзом было мала, што яны чуюць на споведзі, тыя нягоды зь няшлюбнымі сынамі і айчымамі, але гэта людзям ня трэба, бо Хрыстос хацеў любові да блізкага, дысцыпліны, а ня той любові на канапе, як гэта некаторыя тутака плятуць, прыдуркі, якім паадбівала мазгі, гэта я магу ганарыцца, я, які заўсёды...

 

Напярэдадні выбараў 1975 году ў Чэхіі Багумілу Грабалу давялося заплаціць подпісам пад памяркоўным інтэрвію за права друкавацца ў роднай Чэхіі. Інтэрвію гэтае справакавала антыграбалаўскія выступы студэнтаў, якія палілі кнігі пісьменьніка на Карлавым мосьце і высьпе Кампа ў цэнтры Прагі. Асудзіла яго і ладная частка дзеячоў культуры, апазыцыйнай да рэжыму. А творы Грабала так да 1989 году і выходзілі зьнявечанымі – то з драконавай цэнзурай ў афіцыйных выдавецтвах, то ў самвыдаце... Хто, акрамя гісторыкаў, памятае імёны ідэолягаў, зь якімі давялося гаварыць Грабалу? Хто ведае імёны тых студэнтаў, якія палілі яго кнігі? А творы Грабала ўславілі Чэхію. Больш таго. Падазраю, што нашы з вамі чытацкія ўяўленьні пра насельнікаў гэтай краіны ў большасьці якраз і сфармаваныя Гашэкам, Чапэкам і Грабалам. Ганна Кісьліцына, паводле Радыё Свабода).


Раім таксама паглядзець:
Андранікава Гана. Гук сонечнага гадзіньніка
3.72 р.

Андранікава Гана. Гук сонечнага гадзіньніка

Пер. з чэiскай В. Бяльковіч; прадм. С. Сматрычэнкі. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2005. — 300 с. — (Чэшская калекцыя).

Дзюрэнмат Фрыдрых. Юстыцыя
2.99 р.

Дзюрэнмат Фрыдрых. Юстыцыя

Здаецца, што можа быць прасьцей: на вачах у безьлічы сьведкаў забіты чалавек. Забойца – вядомая ўсім асоба. Нецікавы сюжэт, скажа любы аматар дэтэктываў. Нецікавы, калі толькі не ўнесьці ў яго элемэнт абсурду і не ўявіць, што напраўду вачам нельга даваць веры. Але не сваім вачам, а вачам сьведкаў. І тады ад абсурду не застанецца і сьледу – ці ён трывала ўвойдзе ў жыцьцё і зробіцца яго нормай.

3.99 р.

Топал Яхім, Топал Ёзэф, Топал Філіп. Анёл

Аповесці, п’еса / Укл., прадм. і біягр. звесткі С. Сматрычэнкі; Пер. з чэшск. В. Бяльковіч, С. Сматрычэнкі. — Мінск: Логвінаў, 2008. — 216 с. — (Чэшская калекцыя). Цвёрдая вокладка.