5.99 р.
Вага: 360 г
Памеры: 140x220 мм
|
Аповесці: [для старэйшага школьнага ўзросту] / Аляксей Якімовіч. — Мінск : Звязда, 2013. — 208 с. — (Пераходны ўзрост). — Цвёрдая вокладка.
ISBN 978-985-7059-37-9
У кнігу ўвайшлі дзве прыгодніцка-гістарычныя аповесці для падлеткаў і юнакоў — «Калі кукавала зязюля» і «Панскае дзіця». Выданне вучыць любіць Радзіму, шанаваць і аберагаць сваіх родных і блізкіх. Для старшага школьнага ўзросту.
ЗМЕСТ
Калі кукавала зязюля
Панскае дзіця
Аляксей Якімовіч: “Дзеля захопніцкай мэты выкарыстоўваецца ўсё, у тым ліку і царква…”
З нагоды выхаду новай кнігі “Калі кукавала зязюля” адбылася гэтая гутарка журналіста “Газеты Слонімскай” Міколы Канановіча з аўтарам Аляксеем Якімовічам.
— Аляксей Мікалаевіч, пра што расказваюць творы?
— У аповесці “Калі кукавала зязюля” расказваецца пра падзеі 16-га стагоддзя, калі ішла вайна з Масковіяй, пра імкненне маскоўцаў захапіць беларускія землі. У аснову аповесці “Панскае дзіця” пакладзена нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1794 года ў Польшчы, Беларусі і Літве супраць царскай Расіі і Прусіі, якія ажыццявілі другі падзел Рэчы Паспалітай у 1793 годзе. Творы гэтыя патрыятычныя. Яны вучаць любіць Радзіму, шанаваць і аберагаць родных і блізкіх.
— Ведаю, што раней гэтыя аповесці ўжо друкаваліся ў перыядычных выданнях. Ці лёгкім быў іх шлях пад такую шыкоўную цвёрдую вокладку?
— Сапраўды, “Выдавецкі дом “Звязда” зрабіў цудоўную кнігу ў цвёрдым пераплёце, з густам аформленую, на добрай паперы. За гэта ім, канечне, вялікі дзякуй! А да гэтага ў твораў быў працяглы ў часе і няпросты шлях. Упершыню аповесць “Калі кукавала зязюля” надрукавалі ў часопісе “Маладосць” у 1996 годзе пад назвай “За родную зямлю”. Аповесць “Панскае дзіця” была надрукавана ў той жа “Маладосці” у 1998 годзе, а потым яшчэ друкавалася і ў “Газеце Слонімскай” у вашай ужо, газетнай рэдакцыі. Пасля гэтага я дапрацаваў стыль твораў, унёс некаторыя змяненні ў пэўныя эпізоды. У свой час я некалькі разоў звяртаўся ў так званыя дэмакратычныя арганізацыі з просьбай дапамагчы выдаць падобныя патрыятычныя творы — ніхто не адгукнуўся, не зацікавіўся!
— Адзін з галоўных герояў аповесці “Панскае дзіця” — шляхціц Канстанцін Валовіч. Чаму выбралі такое прозвішча?
— Удзельнікам нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830 года супраць той жа Расіі быў мой зямляк — ураджэнец маёнтка Парэчча Слонімскага павета Міхал Валовіч. Гэта быў мужны і свядомы беларус, знішчаны нашымі ворагамі. Вось я і вырашыў у літаратурным творы пра крыху ранейшы, але падобны час уславіць яго. Мы павінны ведаць і шанаваць сваіх герояў.
— У аповесці “Калі кукавала зязюля” дзеянне адбываецца ў вёсцы Смаўжы і яе ваколіцах. Тут вы таксама знарок, свядома прывязалі герояў да нашай мясцовасці?
— Так. Навошта выдумляць нейкія населеныя пункты, калі існуюць сапраўдныя з гістарычным мінулым.
— Гісторыя чалавечая — гэта гісторыя войнаў, калі больш моцныя і агрэсіўныя суседзі заваёўваюць, падпарадкоўваюць сабе слабейшых. Так у свой час Вялікае княства Літоўскае аб’ядналася з Польшчай у Рэч Паспалітую, каб супрацьстаяць суседзям з Усходу і Захаду. Але праз стагоддзі Рэч Паспалітая не ўстаяла перад больш моцнымі і агрэсіўнымі на той час Расіяй, Прусіяй і Аўстра-Венгрыяй і была падзелена паміж імі. На Ваш погляд, ці змянілася сёння палітыка нашых больш моцных суседзяў у дачыненні да Беларусі?
— Абсалютна не. На нейкі час можа змяніцца толькі тактыка, а стратэгія застаецца той жа самай — захопніцкай. Дзеля захопніцкай мэты выкарыстоўваецца ўсё, у тым ліку і такая арганізацыя як царква. Адхіляючыся крыху ад тэмы нашай гутаркі, хачу сказаць, што цалкам падтрымліваю пазіцыю Мікалая Антонавіча Барысіка, якую ён выказаў у артыкуле “Мова набажэнства”, надрукаваным у “Газеце Слонімскай” 20 сакавіка. Праўда на тваім баку, Мікалай Антонавіч.
— Што ж, мне застаецца толькі падзякаваць Вам за гутарку ды пажадаць, каб маладыя чытачы кніжкі “Калі кукавала зязюля” станавіліся сапраўднымі патрыётамі Беларусі, як героі вашых твораў.
Паводле "Газеты Слонімскай", аўтар – Мікола Канановіч.