![]() |
1.09 р.
Вага: 480 г
Памеры: 170x245 мм
|
Уклад. У. К. Касько; маст. Т. В. Кубліцкая – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 207 с. : іл. – (Беларускі фальклор).
ISBN 978-985-02-1098-2
У зборнік увайшлі славутыя беларускія народныя казкі: пра жывёл, сацыяльна-бытавыя і чарадзейныя.
ЗМЕСТ
Чароўны свет народнай казкі. Уладзімір Касько
Каток – залаты лабок
Браты-паляўнічыя
Лісіца-хітрыца
Сынок-з-кулачок
Чорт-злодзей
Каваль
Вучоны рак
Чортава балота
Алёнка
Любошчы
Купалінка
Чарадзейны пярсцёнак
Музыка і чэрці
Андрэй, за ўсіх мудрэй
Не вытрываў
Кашалёк жорава
Гуслі
Снягурачка
Гарошак
Прыстань ваўкалакаў
Разумная дачка
Стары бацька
Крадзеным сыты не будзеш
Залатая яблынька
Палешукі і палевікі
Піліпка-сынок
Залаты птах
Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі
ЧАРОЎНЫ СВЕТ НАРОДНАЙ КАЗКІ
Ад укладальніка
"У нейкім царстве, у нейкім гасударстве", "Жылі дзед ды баба", "Былі ў аднаго чалавека тры сыны: два разумныя, а трэці – дурань"... Хто з нас не затойваў дыханне пры гэтых словах, пачутых з вуснаў бабулек, дзядоў, маці, і поўных абяцанняў захапляльнага падарожжа ў краіну казак. Хаця ў наш імклівы век людзей цяжка здзівіць нейкім незвычайным цудам, мы з асалодай слухаем захапляльныя казкі, легенды, паданні, якія ўражваюць народнай мудрасцю, чысцінёй, свежасцю, багатай моўнай палітрай.
"Што за цуд гэтыя казкі! Кожная ёсць паэма!", – пісаў Пушкін.
"Кнігі абудзілі маю фантазію, але больш за ўсё, я думаю, аказалі на мяне ўплыў беларускія народныя казкі", – прызнаваўся Янка Купала.
У адной з беларускіх казак расказваецца пра тое, як даўным-даўно пралятала над Палессем Жар-птушка і згубіла пяро незвычайнай прыгажосці. Плаўна падала яно на зямлю, рассыпаючы ва ўсе бакі зіхоткія праменчыкі. Кінуліся людзі шукаць тое пяро, але вярнуліся ні з чым... Мінаюць гады, стагоддзі, чалавек падняўся ў космас, спасціг многія прыродныя таямніцы, але па-ранейшаму шукае ён пяро Жар-птушкі, кветку папараці, гаючую крынічку з жывой вадой. І яшчэ больш любай яго сэрцу становіцца родная зямля, бацькоўскі кут, што пяшчотна называем мы сваёй малой радзімай.
"Перачытаўшы ўсе рускія казкі, мы можам смела сцвярджаць, што па маляўнічасці і прыгажосці апавядання беларускія казкі не маюць сабе роўных", – сцвярджаў славуты беларускі вучоны Яўхім Карскі. У праўдзівасці яго слоў вы, дарагія чытачы, зможаце пераканацца самі, прачытаўшы казкі, змешчаныя ў гэтым зборніку.
Усе казкі падзяляюцца на тры віды – казкі пра жывёл, чарадзейныя і сацыяльна-бытавыя.
У казках пра жывёл пад знешняй прастатой апавядання і наіўнасцю герояў – ката, лісіцы, барана, ваўка, мядзведзя, дзятла – угадваюцца глыбокія назіранні за жыццём, народная мудрасць. Падкрэсліваючы хітрасць лісы, сквапнасць і дурасць ваўка, недальнабачнасць тугадума мядзведзя, прастату вароны, малюючы своеасаблівую іерархічную падначаленасць у жыцці лясных насельнікаў, казачнікі як бы паказалі стан грамадскіх стасункаў сярод людзей. Сквапнасць, прадажнасць, падманлівасць, хцівасць народ высмейвае, выкрывае. І захапляецца тымі героямі, якія дапамагаюць сваім сябрам у бядзе, вылучаюцца смеласцю, адданасцю.
Гарачае імкненне пазнаць прыроду, навучыцца пераадольваць зло, несправядлівасць, вяртаць людзям здароўе, жыццё народ выказвае ў чарадзейных казках, а галоўнага героя казачнікі малююць у выглядзе асілка. Той лёгка вырывае дуб у тры абхваты, адзін смела змагаецца з царскім войскам, абараняе слабых...
Фантастыка чарадзейных казак заносіць іх герояў у трыдзевятае царства, дзе шмат таямнічага, неразгаданага, чаго няма ў зямным жыцці. Персанажы гэтых казак – Баба Яга, Кашчэй Бессмяротны, Змей Гарынавіч, чэрці, ведзьмы і іншыя пачвары – імкнуцца нашкодзіць чалавеку. У барацьбу з імі ўступаюць волаты, смелыя салдаты, музыкі, іх цудоўныя памочнікі – мышка, рыба, конь, пчала.
Сацыяльна-бытавыя казкі прасякнуты сімпатыяй і спачуваннем да беднякоў. Сяляне жывуць бедна, не могуць вучыць у школах сваіх дзяцей, але яны вераць у лепшае, у спрэчках заўсёды перамагаюць сваіх прыгнятальнікаў.
Беларуская казка спалучае ў сабе веліч сапраўднага таленту з прыгажосцю этычных уяўленняў народа пра жыццё, пра чалавека, пра дабро і зло. Велізарная цікавасць да яе не выпадковая, яна абумоўлена высокімі ідэйна-мастацкімі якасцямі і непаўторнымі нацыянальнымі адметнасцямі. Дзеянне адбываецца ў беднай сялянскай хаце ці ў панскім маёнтку, на кірмашах ці на вяселлі, у лесе або ў полі. Персанажы казак спяваюць беларускія песні, размаўляюць на сакавітай мове, багата аздобленай трапнымі народнымі выразамі, прыказкамі і прымаўкамі.
Казкі складае народ, а даносяць іх да слухачоў, чытачоў, гледачоў таленавітыя казачнікі, а таксама перакладчыкі, пісьменнікі. У гэтым зборніку чытач знойдзе славутыя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа, А. Якімовіча, У. Караткевіча, Н. Гілевіча, У. Касько. Сёння вы, дарагія чытачы, самі пазнаёміцеся з шэдэўрамі беларускага фальклору, а некалі будзеце чытаць іх сваім дзецям і ўнукам. "Казка, легенда – гэта сувязь тых, хто прыходзіць, і тых, хто адыходзіць, – пісаў М. Прышвін. – Стаў я на сцяжынку і ведаю дакладна, што рана ці позна пройдзе па ёй іншы чалавек. Слухаю казку і ведаю, што іншы чалавек прыйдзе і будзе слухаць яе. Сцяжынка і казка ў радстве, гэта – сёстры: адну ў прыроду аддалі, другую – у сэрца чалавека".
Уладзімір Касько