![]() |
14.99 р.
Вага: 460 г
Памеры: 125x180 мм
|
Мемуарная проза. Уладзімір Някляеў / прадмова Віктара Казько ; укладанне, каментары Сяргея Шапрана. — Мінск : Лімарыус, 2013. – 372 с. : іл. — (Беларуская мемуарная бібліятэка).
ISBN 978-985-6968-35-1
Кніга Уладзіміра Някляева "Знакі прыпынку" — гэта біяграфія душы. Аўтар падараваў нам нават не кнігу, а самога сябе, запрасіўшы нас у свет сапраўднага паэта, сучаснага літаратара, сённяшняга беларуса.
ЗМЕСТ
Віктар Казько. Ён не той, хто сёння ёсць
Цуды ўсе ў адным-адзіным цудзе. Спроба аўтабіяграфіі
Тэхналогія сыходу
"Яшчэ трохі жыцця..."
Знакі прыпынку
Каментары
ЁН НЕ ТОЙ, ХТО СЁННЯ ЁСЦЬ
Патрэба ў такой кнізе выспявала даўно. Сярод манбланаў, эверэстаў макулатуры, бясконцых так званых творчых пакут, рэлаксацый, медытацый, псеўдарамантычных уздыхаў, росквіту патэнцыйна і не толькі патэнцыйна хворых на галаву хацелася нечага здаровага і асэнсаванага. Хаця б намёку на думку, якая незаўважна патанула ў сусветнай плыні славаблудства. Яна сканала не толькі ў мастацтве, не знайсці яе і ў спажыўцоў яго — сённяшніх шматлікіх ратавальнікаў чалавецтва. Яе не стала ці не ў большай частцы нашага сучаснага жыцця, ягоным руху, накірунку, ладу і памкненнях у бягучасць і будучыню. Будучыню, якой без духоўнасці і культуры можа і не быць, бо духоўнасць, культура — зрок і слых не толькі сённяшняга дня, а дня яшчэ нябачнага, які ледзьве зачынаецца, і перш-наперш у мастацтве і мастацтвам, на якое сляпыя і глухія амаль пагалоўна ўсе нашы ўладары — павадыры манкуртаў і зомбі. Бог не даў.
Бог пакараў іх яшчэ жывымі, не даў ні прадбачання, ні розуму падаслаць той саломкі адзаду, на якую рана ці позна яны кульнуліся б, спрабуючы ўбачыць неба над сабой. А неба ім не будзе, бо яно даравана як памерлым, гэтак і жывым стваральнікам, а не разбуральнікам. Дойлідам, жыццё якіх цяжкое і складанае, лёс непрадказальны, супярэчлівы і такі пакручасты, што і магіла яго няздольная выпрастаць. Лёс гэты нагадвае дрэва, што зачалося насуперак усім і ўсяму, крапіўнае семя, якое ўхапілася за жыццё няўчас і не на месцы, насуперак нават прыродзе. Тую ж нашу ўсімі апетую бярозу на верхавым балоце. Балота то яно балота, але сухадольнае. Вада не навідавоку. Жывая ці мёртвая? Невядома. Патаемная, сама з сабой змагаецца, схаваная пад лекавым сфагнавым мохам, сівым спрадвечным нашым — і шкодзіць, шкодзіць дрэву, зводзіць яго. А яно, калі ўжо ўзялося, упарціцца. І ўсё ў неба ды ў неба. Толькі камель цяжэе, набрыняўшы неўтаймаванай дужасцю існага. Жыльна вяжацца ў вузлы, як у спрацаванага чалавека з цягам часу мышцы на руках і нагах, акорваецца мазалямі гадоў і выпрабаванняў. І выстойвае, выстойвае да наканаванага яму веку, непазбежнай і прыдатнай чалавеку спеласці.
Але калі і ляжа ўжо пад сякерай ці пілой таго ж чалавека, захоўвае характар. І ні з сякерай, ні з калуном да яго не падступіцца. Ты яго і на абух, і на клін. Не паддаецца. Грузнуць сякеры ў суцэльным жыллі, ламаюцца тапарышчы, трушчацца кліны. А дрэва толькі крэкча, як зімовы лёд: трашчу, трашчу ды не ўпушчу. Але калі ўжо справішся з ім — і ў печ ці камін — агонь зыркі і высокі, угрэўны. І жару, жару, буйнога, доўгага. Хопіць выгнаць вільгаць, прагрэць і сцебку, і падпол. Вугаль яшчэ доўга будзе сіненька, без газу блукаць па зачыненай ці закратаванай цемры печы і каміна, як стоены ўспамін на сыходзе зусім не нікчэмнага жыцця. Жыцця сапраўднага, што не прахам пайшло, некага ўсё ж сагрэла і прымусіла настарацца да сёмага поту. Такая ўжо непрадказальнасць стыхіі, яе неспасціжная, літасцівая і жорсткая моц у спалучэнні з празарлівай абачлівасцю, з нечаканымі ўхіламі ў розныя бакі і забяганнем наперад самой сябе, яе саломкай адзаду і вогненным ці не зорным сыходам і вяртаннем наперадзе.
Вось чаму пра кнігу Уладзіміра Някляева «Знакі прыпынку» цяжка пісаць, адназначна ацэньваць яе. Паўсюдна адметныя знакі, знакі падасланай адзаду саломкі, выпеставанай часам бярозы і тым жа часам, які імкнецца да яе бярозавіку, згвалтаванай, ці нястрымным у відавочным памкненні згвалтаваць.
Цяжкасць жа іншага кшалту — пазнавальнасць. Набліжанасць да кожнага з нас таго, пра што Някляеў апавядае. Гэта наша рэчаіснасць, хаця і паэтызаваная. Рэчаіснасць, ад якой мы яшчэ не адбегліся. Адсюль і жаданне пярэчыць, спрачацца, хаця аўтар заўсёды ніколі і ніколькі не той чалавек, з якім можна і трэба спрачацца. Напісанае, створанае, тое, што існуе ў якасці твора, прабачце мне, — нябожчык, які, можа, і мае дачыненне да нас, нашага ладу думак, але ўжо набыў неаспрэчную самастойнасць. У яго ўжо зусім іншае вымярэнне, самаўхіленне, хаця ўсе сцвярджаюць, што кніжкі пішуць для чытача, міфічнага і нябачнага. Толькі на самой справе сапраўдным творцам кіруе зусім не чытач, а творца самога творцы. Той, хто ў ім. Нехта вышэйшы за яго, патаемны і вельмі ўладны.
Чытачу ж адведзена ў гэтай патаемнасці пазнаваць, прымаць ці адмаўляць самому сабе ў меру свайго разумення і годнасці. Таму ад літаратуры не адна толькі карысць, але і шкода. Пра гэта на старонках кнігі Уладзіміра Някляева на схоне сваіх дзён вядуць гаворку В. Астаф’еў і В. Быкаў.
Гаворка не надта акрэсленая, амаль безвыніковая, бо яна толькі знак прыпынку на шляху двух вялікіх майстроў слова, як і на шляху Уладзіміра Някляева. Знакавых прыпынкаў у яго кнізе шмат. Шмат людзей ходзіць па ёй. Знаёмых, незнаёмых, вялікіх і не вельмі. Шчаслівы лёс, багатае на сустрэчы жыццё. І паўсюдна супынкі, пытальнікі, коскі з кропкай, для сябе і для чытача шматкроп’е, хаця і не прастаўленае, толькі пазначанае, як верставыя слупы дарог на хуткасцях лютага і жорсткага дваццаць першага стагоддзя. Знакі нашага і аўтарскага жыцця.
Але аўтар толькі ўскосна прастаўляе іх, не ўцякае ў прыдумную, часцяком ілжывую шматзначнасць, на якую пакутуюць сёння многія нашы літаратары. Ён часам нават залішне лапідарны, нечакана абрывісты, бо валодае дарам у пару наступіць на горла ўласнай песні. Гэта найпершая прыкмета майстэрства. Найноўшая проза дваццаць першага стагоддзя, проза ўмаўчання. Тут варта ўзгадаць Чэхава, Хемінгуэя, хаця сам Някляеў сведчыць, што яму больш даспадобы Аляксандр Дзюма.
Парадоксы, нестыкоўкі, неспавядальныя шляхі Божыя Някляева.
Вось яшчэ адно з таго, праз што цяжка пісаць пра кнігу Някляева, ягоную прозу. Яна строгая, патрабавальная і, нягледзячы ні на што, — цэласная. Цэласная пры ўсёй, на першы погляд, разбэрсанасці тэмы, а хутчэй тэматыкі, неадназначнасці жыццёвай постаці самога аўтара. Пранізліва шчырая без шкадавання сябе і іншых. Адкрытая, здаецца, наросхрыст. І такая ж закрытая, звонку зашпіленая: дурань праскочыць міма і не спатыкнецца, а разумны прыпыніцца, здагадаецца.
Спатыкайцеся, людзі, прыпыняйцеся. Час даўно ўжо наспеў і прыспеў, як садовы яблык: можа ўпасці і спрахнуць нябачна. І вы ўжо ніколі не адчуеце яго смаку, асалоды, таму што існуе пара збіраць не толькі камяні, але і яблыкі. Збіраць, гуртаваць і гартаваць словы. Прыпыняццца і спатыкацца на слове. Балбатуноў у нас хоць гаць гаці. Дарэчы, няспынная і складная балбатня, як сведчаць медыкі, — адна з прыкмет псіхічнай хваробы. І мы сённяшняй сваёй хворасцю ўжо загацілі і згадзілі адну шостую частку свету, пракінулі яе праз акіяны да ўсіх Вашынгтонаў з Нью-Ёркамі і Каракасамі. Саматужна дакараскаліся. Памятаеце, з п’есы К. Трэнёва «Любоў Яравая»: «Пусціце Дуньку ў Еўропу». З тае пары і не пускаюць. Мы самі сабе заказалі дарогу ў цывілізаваны свет.
Але, прабачце, гэта ўжо мой знак прыпынку. Што ж тычыцца някляеўскіх «Знакаў», дык няпроста вызначыць нават іх жанр. Мемуары, успаміны, публіцыстыка, эсэ, філасофскія разважанні, будзённае і надзённае, асабістае і грамадска значнае, высокае і нізкае. Як тут не ўзгадаць ахматаўскае: «Когда б вы знали, из какого сора растут стихи, не ведая стыда…»
Я вызначыў бы кнігу «Знакі прыпынку» як раман. Але не ў звыклым яго ўяўленні. Раман душы, паэма, ці, як напісаў Някляеў пра Купалу, «верш скразнога пражывання». Раман несупакоенай бунтоўнай душы на папялішчы нашага, класічнага ўжо «раскіданага гнязда». Дзе багатыя россыпы ўсяго безумоўна патрэбнага, але столькі ж і праху. Праху любага і дарагога, бо гэта і ёсць сам чалавек. Прах свайго быцця, з якім чалавек згаджаецца і адначасова яму адмаўляе. Таму чытач «Знакаў» — а гэта, лічы, чытач самога сябе, свайго часу, сваёй эпохі — вымушана і сутворца. Сутворца ў супадзеннях, а больш несупадзеннях, суперажывальнік і прыхільнік — і разам з тым апанент-супернік, праціўнік. Супраціўляюцца і пярэчаць сэрца сэрцу, душа — душы. Як і павінна быць пры сутыкненні дзвюх планет, двух метэарытаў, бо ў іх процілеглыя кірункі руху.
Якраз пра гэта, пра розныя кірункі нашых зямных і нябесных рухаў мы з паэтам Генадзем Бураўкіным і гаварылі, прачытаўшы пачатак някляеўскіх «Знакаў» у часопісе «Дзеяслоў». Віктар Астаф’еў назваў сваю геніяльную кнігу, падобную да някляеўскай, «Затёсы». У нашай гаворцы было здзіўленне нечаканасцю пяра Някляева. Новым раскрыццём яго асобы, унутранага жыцця. Жыцця ў сабе, але не толькі для сябе. Ацэнка была двухбакова высокая — і ў той жа час сышліся на шкадаванні: дарэмна, дарэмна Валодзя завітаў у палітыку. Богам пазначаны творца.
Пра гэтае «дарэмна» думаецца мне і зараз. Толькі ўжо не так катэгарычна, а па-нашаму, па-беларуску (вымушана, жыццёва) памяркоўна і апраўдальна. Так яму наканавана звыш, і не ён, дык нехта іншы з творцаў павінен быў устаць, заняць тое месца ў нашым жыцці, на якое ўстаў, усклаўшы на сябе цяжар праўды, Уладзімір Някляеў.
Ён быў гатовы да гэтага, падрыхтаваны пакаленнямі Магераў, беларускіх продкаў па маці, і пакаленнямі прыволжскіх бунтароў па бацьку. Гатовы праз наканаванне, падрыхтаваны прадчуваннем сябе ў будучым.
Іншым разам яго папракаюць савецкім мінулым. А ў каго з тых, хто нарадзіўся ў савецкім часе, мінулае іншае? Ні ў кога. Але як упарта і ў тым часе Някляеў шукаў самога сябе! Не атрымалася пайсці ў геолагі: закахаўся ў дзяўчыну, і каханне заступіла дарогу ў геалогію — стаў радыётэхнікам. Так і не зразумеўшы, што такое электрычнасць, кінуў гэты занятак — не ягоны. А колькі людзей учэпіста займаецца не сваёй справай, жыве не сваім жыццём. І нічога, усім задаволеныя. Мо таму і жыццё на нашым свеце стабільнае, але вельмі крохкае, ломкае і надрыўнае.
Паступіў у педагагічны інстытут у Мінску. Потым — Літаратурны інстытут у Маскве. Але не стаў педагогам, не датрываў да маскоўскага дыплома літаратурнага работніка (літраба) — кінуўся ў рэчаіснасць. На ўзвядзенне светлай будучыні чалавецтва: вялікія камуністычныя будоўлі ў Сібіры, на Поўначы, на Далёкім Усходзе.
Гэта ці не тыповая біяграфія творцы савецкага часу. Калі творца не атрымліваўся, абзывалі летуном, дармаедам. А калі атрымліваўся…
Някляева ўзвялі ў ранг амаль афіцыйнага паэта. Ад імя маладых літаратараў ён агучваў вітанне партыйнаму з’езду, яму пляскалі ў далоні сакратары ЦК КПСС Брэжнеў і Гарбачоў. Што гэта было? Гэта было прызнанне. І як бы мы не адносіліся да савецкага мінулага, — не беспадстаўнае. Тая ўлада ўмела распазнаваць сапраўдны талент і пустое, хаця і звонкае, мілае яе сэрцу графаманства. Умела расстаўляць фігуры па шахматнай дошцы сваёй прасторы. Але Някляеў і ў той час не быў паслухмянай фігурай, якой можна гуляцца. «Як толькі пацягне раскрыцца, расхрыстацца, так згадваецца запавет Канфуцыя: “Ніколі не распавядайся пра сябе ні добрага, ні кепскага. У першым выпадку вам не павераць, у другім — прыўкрасяць”».
І яшчэ някляеўскае з ягоных «Знакаў». «Пісаць трэба сэрцам, душой… Гэта, так бы мовіць, з навукі, з літаратуразнаўства.
Пісьменнік піша сабой. І, як аловак, як крэйда, спісваецца. Ён піша словы і сябе самога — у словы пераўтвараецца і ў іх знікае».
Ці не ў гэтым сутнасць пісьменніка, творцы Уладзіміра Някляева? Ягоная сутнасць тады і сёння, калі ён ішоў і ідзе на Галгофу: «Гавары праўду!» І кажа: «Інтэлект чалавеку для чаго заўгодна, толькі не для разумення мастацтва. Мастацтва ўвогуле не трэба разумець. Яно не для таго». Мо менавіта таму Уладзімір Някляеў, кладучы на паперу, як на плаху, сваю аўтабіяграфію, адначасова недзе культывуе і адчужана пазбягае яе. Бо гэта ўсё ж біяграфія душы, штохвілінна пераменлівай, праўдзівай і падманлівай, як тая ж душа. Цяжка, неверагодна складана злавіць імгненне, злавіць самога сябе. Свой цень і прывід. «З усяго, што было, згадваюцца найчасцей крэўскія пагоркі, па якіх іду, маленькі, і нанізваю на сцяблінку мятліцы сонейкі суніц».
Мне ж часцяком згадваецца сустрэча з Някляевым ці не ў першую паслячарнобыльскую восень, калі мы з Ігарам Шклярэўскім на яго літаратурную прэмію садзілі ў чарнобыльскай зоне лес. Пад вечар, нібы асвячаючы, папятляў па тым лесе да таго, пэўна, беспрытульны заяц, радуючы нас і наганяючы сум. Мы рыхтаваліся да вячэры — і я пачуў па радыё, як Маргарэт Тэтчэр сказала пасля сустрэчы з М. Гарбачовым: вось сёння ён займае ў Савецкім Саюзе ўсе самыя высокія, якія толькі магчыма заняць, пасады, але кім ён будзе, куды падымецца заўтра?
За вячэрай я пераказаў яе словы. Някляеў засмяяўся: маўляў, чаго яшчэ жадаць, куды падымацца? Дарэмна смяяўся. Жалезная лэдзі была яшчэ і лэдзі празорлівая: Міхаіл Гарбачоў стаў першым прэзідэнтам Савецкага Саюза. Але празорлівасць мудрай жанчыны не прасцёрлася да таго, што першы прэзідэнт стане і прэзідэнтам апошнім.
Не дадзена нам ведаць, хто мы ёсць сёння і кім будзем заўтра. І меней за ўсё ведае пра тое творца. «Пушкін казаў: “Яшчэ павесялімся”». А бабця Някляева казала: «Сёння — як ёсць, а заўтра — бліны».
У свой час, калі Уладзіміра Някляева абралі старшынёй Саюза пісьменнікаў, адзін з нашых аксакалаў радасна мовіў: «Брава!» Але крыху пазней схамянуўся і дадаў: «Ён жа сібарыт, а хто працаваць будзе?»
Нават у пісьменнікаў: працаваць — найперш габляваць. Ці ў кабінетах засядаць. А ўжо пісаць — пасля.
Усё, пэўна, так: не ўжыўся ў кабінет. Сібарыт, эстэт. І яшчэ хтосьці трохі. Вось гэты хтосьці трохі яшчэ і падараваў нам сябе, і ўпусціў нас у свет сапраўднага паэта, сучаснага літаратара, сённяшняга беларуса.
Віктар КАЗЬКО
Прэзентацыя кнігі "Знакі прыпынку" праходзіла ў Менскай Арт-Сядзібе, вось фрагмент відэа з яе, дзе Някляеў у жартаўлівай манеры распавядае, як ён і ягоны таварыш Рыгор Няхай некалі пачызалі грошы ў Івана Шамякіна, аднаго з самых багатых людзей Беларусі на той час: