Сяўрук Пётр. Небыцця не існуе. Невядомыя старонкі нацыянальнага руху

Сяўрук Пётр. Небыцця не існуе. Невядомыя старонкі нацыянальнага руху
1.10 р.
Вага: 430 г
Памеры: 150x210 мм



Спадчына П. Сяўрука – гэта погляд мясцовага дзеяча нацыянальнага руху, які дазваляе сучаснаму чытачу больш глыбока зразумець гістарычныя падзеі той складанай і гераічнай эпохі ў гісторыі беларускага народа.

Укладанне, уступныя тэксты, каментарыі і карэктура: Андрэй Вашкевіч і Сяргей Токць. – Гародня-Wrocław, 2008. – 240 c. : іл. – (Гарадзенская бібліятэка).

ISBN 978-83-89185-68-6
ISBN 978-83-89185-88-4

Пётр Сяўрук (1905 – 1929) быў актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі ў 1920-х г., адным з лідэраў Таварыства беларускай школы на Гарадзеншчыне. Пайшоўшы з гэтага свету ў 24 гады, П. Сяўрук пакінуў багатую рукапісную спадчыну. П. Сяўрук пісаў на беларускай і рускай мовах філасофскія і публіцыстычныя творы, вершы і апавяданні, вёў дзённік, у якім занатоўваў і каментаваў падзеі тагачаснага жыцця Заходняй Беларусі. Большасць з напісанага П. Сяўруком ніколі не друкавалася. Спадчына П. Сяўрука – гэта погляд мясцовага дзеяча нацыянальнага руху, які дазваляе сучаснаму чытачу больш глыбока зразумець гістарычныя падзеі той складанай і гераічнай эпохі ў гісторыі беларускага народа.

ЗМЕСТ

З іх пачыналася сучасная беларуская ідэя нацыянальнай незалежнасці

Пётр Сяўрук і сучаснасць

Жыццёвая дарога Пятра Сяўрука і яго час

Беларускі нацыянальны рух на Скідзельшчыне

ПУБЛІЦЫСТЫКА
Мова і нацыя
Аб беларускай літэратуры
Аб мове, народзе і друку ў роднай мове (з поваду 20-х угодкаў беларускай прэсы)
Родная мова і навука. Да "Заранкі"
Агляд жыцьця Заходняе Беларусі
Даклад аб стане гурткоў Таварыства Беларускія школы ў Горадзенскім павеце
Аб Беларускай прэсе
Нацыя і нацыяналізм
Аб чым пішуць газэты
Хто сьвядомы чалавек
Да "правадыроў" беларускага народу
Ліст да кіраўніцтва Таварыства Беларускай Школы

У ПОШУКАХ СЭНСУ ЖЫЦЦЯ: ФІЛАСОФСКІЯ РАЗВАЖАННІ П. СЯЎРУКА
Бо ёсьць...
Моя философия
Мое исповедание
Што такое п'янства
Краса і радасьць жыцьця
Самаузгадаваньне
Тэстамэнт свабоды
Права на зямлю

ПАЭЗІЯ
Селяне цёмныя пакутнай Беларусі
Пра сваю працу
Не хачу
Вымаганьне
Песьні сэрца
Як пачуеш...
Хто шчасьця жадае...
Хто хоча мяне зразумець...
Здавальненьне
Памяці Казімера Сваяка
Найвялікшая ў жыцьці людзкая задача...
Прыкметы
Пранясі мяне лёт па-над жыцем...
Песьня ратая-беларуса
Як сум ў душэ маей таўпіцца
Маё...
Самае лепшае
У касьбу
Мне не страшна...
Камбінацыя думак М. Багдановіча
Міхасю Васільку
Вязьням
Памяці Максіма Багдановіча
Чаго сэрца баліць?..
Гляне сонца з-за хмараў
Адказ на пытаньне Максіма Багдановіча
Розныя колеры вясёлкавай дугі
На магілу М. Багдановіча
Нудную песьню вецер заводзіць...
Агарнуліся родныя далі туманамі...
Мы маліліся...
Песьня сьмерці. Насьледаваньне з Некрасава
Працоўны Волат, бяры свой молат...
Я працую як вол – Пан бяз працы жыве...
Ўсё шуміць і шуміць векавечны наш бор...
Якубу Коласу
З зімовых настрояў
Беларусь! Ты мой край дарагі
Запалілася сэрца каханьнем
Я радзіўся ў краіне лясоў і балотаў
Нашто сэрца мае растраўляеце

ПРОЗА
Тайна маны
Гісторыя аднае сьмерці
Чыталі
Споведзь Беззямельнага

ЛІСТАВАНЬНЕ

УРЫЎКІ З ДЗЁНІКА (1921 – 1929 г.)

І не згарэлі, і сёння патрэбныя

Каментары

БІБЛІЯГРАФІЯ публікацый твораў Пятра Сяўрука і прац аб яго жыцці і творчасці

З іх пачыналася сучасная беларуская ідэя
нацыянальнай незалежнасці

Імёны некаторых выдатных беларускіх пісьменнікаў, вучоных, культурных ці палітычных дзеячаў вядомыя сёння амаль кожнаму беларусу, які ведае айчынную гісторыю, а часта таксама чытачам іншых нацыянальнасцяў і ў іншых краінах. Такімі постацямі з'яўляюцца, напрыклад, Браніслаў Тарашкевіч, вучоны, дзеяч, палітычны вязень у Польшчы, які стаў ахвярай рэпрэсій у СССР, а таксама браты Іван і Антон Луцкевічы, палітычныя дзеячы, пісьменнікі. Шмат беларускіх дзеячаў, абвінавачаных у антыдзяржаўнай дзейнасці, пабывала перад 1939 годам у польскай турме. Многа інтэлектуалаў, падманутых лозунгам інтэрнацыяналізму і кароткатэрміновай палітыкай "карэнізацыі" ў Савецкім Саюзе, разгарнула на Радзіме навуковую працу, папулярызавала веды аб беларускай культуры і мове, каб праз некалькі год трапіць у лагер, альбо стаць ахвярай забойстваў па прысуду псеўдасудоў паводле сфальсіфікаваных абвінавачванняў. Прычынай, фактычна адзіным праўдзівым абвінавачваннем супраць іх, была праца на карысць нацыянальнай культуры і абарона беларускай мовы. Іх творчасць на роднай мове, асветніцкая і палітычная праца былі перашкодай як для русіфікацыі, так і для паланізацыі беларусаў, якіх трактавалі як звычайны "этнаграфічны матэрыял".

Выдатныя дзеячы і інтэлектуалы пакінулі пасля сябе працы (часам такія, як беларускі пераклад паэмы "Пан Тадэвуш" пяра Адама Міцкевіча, апублікаваны праз шмат гадоў, калі ўдалося вярнуць у нацыянальную памяць імя Браніслава Тарашкевіча). Даведваемся пра іх дзейнасць з дакументаў, часам успамінаў, а таксама з газет і стэнаграм Сейма Рэчы Паспалітай Польскай.

Аднак, бясспрэчна, выключны – без перабольшання – росквіт беларускага нацыянальнага і грамадскага руху ў дваццатых гадах мінулага стагоддзя быў бы немагчымы без многіх, не так шырока вядомых, дзеячаў, сёння, як правіла, забытых, якія станавіліся ініцыятарамі і арганізатарамі разнастайных лакальных гурткоў, чытальняў, пачатковых школ, тэатральных гурткоў і іншых суполак. Праўда, пра многіх з іх згадваюць дакументы паліцыі, але яны часта ўтрымліваюць інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасці, хоць бы па той прычыне, што аўтары рапартаў не надта добра разумелі сапраўдны сэнс падзеяў, аб якіх даносілі. Для многіх функцыянераў паліцыі кожная "антыдзяржаўная" дзейнасць ва ўсходніх ваяводствах асацыявалася з камунізмам. Зрэшты, так думалі не толькі шэраговыя паліцэйскія. Скрайняй праявай быў пастырскі ліст віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага. Ён ў 1928 годзе абвінаваціў Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю, якая адкідала камуністычныя канцэпцыі, у "памылках рэлігійнай індэферэнцыі і бальшавізму", паколькі партыя абараняла ідэю бясплатнай перадачы зямлі сялянам і аддзяленне касцёла ад дзяржавы.

Без гэтых шматлікіх лакальных дзеячаў не было б ні слаўнай Грамады, ні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, ні іншых беларускіх палітычных партый, таварыстваў, чытальняў і разнастайных інстытуцый. Яны былі змушаны пераадольваць перашкоды не толькі з боку ўладаў, але і абыякавасць сваякоў, іх галечу, неабходнасць выключна цяжка працаваць на зямлі ці ў майстэрні, пасля чаго ў іх не заставалася сілы на зацікаўленасць культурай. Як правіла, памятала пра іх сям'я, прыяцелі і суседзі, часам яны пакінулі некаторыя дакументы, нататкі, часам артыкулы, якія не з'явіліся ў друку і перахоўваліся на паддашшах гарадскіх будынкаў і вясковых хат. Але праходзілі гады. Пераслед беларускіх дзеячаў пасля 17 верасня 1939 года савецкімі органамі бяспекі схіліў шмат сем'яў да знішчэння сямейных архіваў, якія маглі стаць матэрыялам для пракурора. Нямецкі напад на СССР меў вынікам некалькі год новай акупацыі, а таксама двухразовае праходжанне фронту праз беларускія землі. Беларусь належала да найбольш знішчаных краінаў Еўропы з найбольшымі людскімі стратамі. Гінулі людзі, якія памяталі мінулае. Гарэў набытак, а з ім і паперы. Вярнулася савецкая ўлада, пры якой нават згадваць аб нацыянальных дзеячах было небяспечна; лепш было заціраць памяць, нішчыць дакументы.

Але нягледзячы ні на што, адшукваюцца сёння сведчанні пра людзей, якія ва ўласнай вёсцы ці мястэчку спрычыніліся да таго, каб беларуская культура, бацькоўская мова не загінулі насуперак усім перашкодам. Шкода, што знаходзяць іх няшмат, але тым большы гонар для тых, хто гэтыя сведчанні захаваў, а таксама вучоным, якія адшукалі іх уладальнікаў, пераканалі ў іх каштоўнасці для ўсяго беларускага грамадства, давялі да публікацыі.

Пётр Сяўрук належаў, нягледзячы на свой малады ўзрост, да дзеячаў, без якіх у Польшчы паміж войнамі не было б Таварыства Беларускай Школы, а таксама іншых культурна-асветніцкіх пляцовак. Падчас вайны, у бежанстве, ён наведваў рускую школу, чытаць і пісаць па-беларуску навучыўся пазней. Маючы толькі пачатковую адукацыю, Пётр быў захопленым чытачом кніжак і атрымаў значныя веды, а таксама меў літаратурныя здольнасці. У сваіх артыкулах і дзённіку ён адмяжоўваўся ад палітыкі, але незалежна ад сваіх словаў, быў у яе ўплецены, неаднаразова змагаўся словам з левымі радыкаламі, крытычна ацэньваў дзейнасць камуністаў у Польшчы і іх эксперыменты ў СССР. Таксама і праца над пашырэннем беларускай асветы і абарона роднай мовы (у яго публіцыстыцы бачны ўплыў думкі знакамітага паэта Францішка Багушэвіча) атрымлівалі ў савецкіх і польскіх умовах палітычны характар, незалежна ад памкнення вызваліць ТБШ ад палітычных уплываў, асабліва камуністычных, паколькі П. Сяўрук слушна бачыў у іх пагрозу для легальных беларускіх асветніцкіх арганізацыяў.

Сацыёлаг крытычна паставіцца да яго канцэпцыі народу і роднай мовы, аднак яна вартая ўвагі як сведчанне перадумоваў, на якіх пачаткова будавалася ідэя беларускай нацыянальнай свядомасці. Я не з'яўляюся літаратурным крытыкам і мне цяжка ацаніць літаратурныя вартасці паэзіі і прозы П. Сяўрука. У яго літаратурных творах таксама знаходзім выражэнне ідэйных перакананняў аўтара. Асабліва звяртаю ўвагу чытачоў на фрагменты дзённіка, які ён вёў больш-менш сістэматычна ад часу прыняцця рашэння аб вяртанні сям'і з ваколіц Тамбова, куды яна была накіравана ў час бежанства. Не ведаю іншага такога дзённіка, які так выразна апісваў бы цяжкасці і небяспекі вяртання ў роднае мястэчка з глыбіні Расеі. Не менш годныя ўвагі занатоўкі пазнейшых гадоў, у якіх аўтар апісвае клопаты штодзённага жыцця беларускага дзеяча, які стараецца цвяроза глядзець на сваё атачэнне, захаваць незалежнасць думкі і не быць уцягнутым у палітычнае жыццё, рэалізаваць ідэю беларускай асветы, беларускай нацыянальнай ідэі.

Петр Сяўрук памёр маладым, на што, няма сумневу, паўплывалі цяжкасці ваенных вандровак, а таксама галеча разбуранага вайной мястэчка. Ён заслугоўвае сёння памяці як адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай ідэі нацыянальнай незалежнасці. Я перакананы, што ніводная з яго думак не страціла актуальнасці і сёння.

Ежы Тамашэўскі,
прафесар (Uniwersytet Warszawski)

"Правадыры ніколі ў нас не будавалі нацыянальнай супольнасці, не вызначалі стратэгічных мэтаў, не стварылі, узорам суседніх народаў, нацыянальнай міфалогіі, сваімі паводзінамі вялі да разгубленасці грамадства і замацоўвання ўсялякіх праяваў тутэйшасці... ...Чалавек фармату Пётра Сяўрука – гэта рэдкасць у гісторыі беларускага руху". (Яўген Мірановіч)

"Пётр Сяўрук заслугоўвае сёння памяці як адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай ідэі нацыянальнай незалежнасці". (Ежы Тамашэўскі)


Раім таксама паглядзець:
Токць Сяргей. Беларуская вёска ў эпоху зьменаў
2.20 р.

Токць Сяргей. Беларуская вёска ў эпоху зьменаў

Другая палова XIX – першая траціна XX ст. — Менск: Тэхналогія, 2007. — 308 с.: 8 арк. іл. Цьвёрдая вокладка.

Арлоў Уладзімер. Імёны Свабоды
24.99 р.

Арлоў Уладзімер. Імёны Свабоды

"Імёны Свабоды" – гэта 300 гістарычных партрэтаў герояў беларускай свабоды XVIII – XXI стагодзьдзяў. Кніга можа служыць дапаможнікам для напісаньня раманаў, здыманьня фільмаў, абароны дысэртацыяў, зьмены назваў плошчаў ды інш.

Ноцунь Малгажата, Бжэзецкі Анджэй. Зрабаваны народ
1.29 р.

Ноцунь Малгажата, Бжэзецкі Анджэй. Зрабаваны народ

Кніга, выдадзеная першапачаткова польскаю моваю, зрабіла пэўны фурор: польскі чытач мог у адказах і разважаннях прадстаўнікоў беларускай эліты зразумець для сябе краіну-суседа, якая польскім грамадствам успрымаецца праз прызму стэрэатыпаў і ўяўленняў, часам беспадстаўных.

Залескі Браніслаў. З жыцця літвінкі
4.36 р.

Залескі Браніслаў. З жыцця літвінкі

Беларуска Гэлена Скірмунт вучылася мастацтву ў лепшых мастакоў Еўропы сярэдзіны ХIX стагоддзя. Яна дасягнула дасканаласці ў жывапісе і скульптуры. Безумоўна яна была б зоркай нумар адзін у нашым выяўленчым мастацтве. Але лёс распарадзіўся інакш. Яна прыняла ўдзел у паўстанні 1863 года.