![]() |
4.49 р.
Вага: 480 г
Памеры: 145x220 мм
|
Раман у апавяданнях. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. — 328 с. — (Лімаўскі фальварак).
ISBN 978-985-6941-44-6
“Зубрэвіцкая сага” — раман-містыфікацыя ў апавяданнях. Пачынаецца кніга паляваннем нашых продкаў на мамантаў, а заканчваецца падзеямі Другой сусветнай вайны, нашэсцем немцаў на Беларусь, якая тады была ў складзе Савецкага Саюза.
Што ж аб’ядноўвае гэтыя апавяданні ў адзіны твор? Месца, невялікая, звычайная беларуская вёсачка Зубрэвічы, якая ўзнікла на шляхах мамантавых ловаў, вёсачка, у якой жыў князь Мітка Сякіра — Дзмітрый Зубрэвіцкі, паселішча, пра якое ведаў кароль Польшчы Ягайла і якое, відаць, паставіла і сваіх ваяроў на Грунвальдскую бітву.
ЗМЕСТ
Хуткія Ногі
Па дарозе ў прыгожы зялёны сад
Русалка
Сляза Перуна
Цераз ваду
Вяселле
Паморак
Зубрэвіцкая сага
Воўчыя ямы
Жонкі Ягайлы
Абвінёная
Поплеч з царамі
Мсье
Дажджом
Паляванне на сланоў
Партызаны
Зубрэвіцкая сага (урывак)
Трава, зялёнаю купінкаю вытыркаючыся з белага снегу, уважліва, насцярожана і трывожна глядзела на яго.
І ён таксама глядзеў на траву. Глядзеў абыякава, глядзеў і не бачыў нічога перад сабою да таго, як нечакана перахапіў яе зацікаўлены позірк.
Яго ж позірк дасюль быў невідушчы. У ім, нібы замарожаная сляза, стаяў толькі захаладалы сум ад безвыходнасці, ад крыўды і знявагі, і яму, гэтаму суму, нават аднаму было цесна ў вачах.
Каля яго, па ўсім пагорку, на якім ён, падбіўшы пад сябе нагамі цэлую гурбу снегу, сядзеў, сюды-туды хадзілі людзі - паланёны, седзячы, бачыў толькі іхнія ногі - яны тапталі снег, тапталі траву, якой таксама, мусіць, было холадна і балюча.
І ён, як нешта зразумеўшы, моўчкі загаварыў з травою.
Трава таксама ж жывая, і ёй баліць. Колькі пакаленняў травы прайшло паперадзе вось гэтай купінкі! Кожную вясну нараджаліся травінкі, радаваліся свайму з'яўленню, квітнелі, цягнуліся да сонца, а ўвосень ціха, хоць і не заўсёды паслухмяна, паміралі - часам і з-пад сумётаў на маразы і завеі настойліва, як і цяпер вось, вытыркаліся зялёныя каснічкі.
Паміралі яны, паміралі іх дзеці, паміралі ўнукі, паміралі праўнукі. Колькі ж іх, зніклых назаўсёды, ляжыць вось зараз пад снегам, у зямлі, пад кожнаю травінкаю? Іх, што адцвілі і завялі, пасохлі і зрабіліся такімі ж па колеры, як і сама зямля...
Яму захацелася паказаць траве, што ён убачыў і зразумеў яе погляд, яе ўвагу да сябе. І ён ці то каб пагладзіць траву, ці то каб развітацца з ёю, а можа, і з самім сабою, працягнуў да купіны свае рукі і тут жа застагнаў ад крыўды - рукі яго былі звязаныя...
Якое ж пакаленне травы жыло тады на зямлі, зелянела на той купіне пад Ашменаю?
Янка Сіпакоў – беларускі пісьменнік, перакладчык. Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. У час Вялікай Айчыннай вайны за сувязь з партызанамі бацькоў закатавалі фашысты. Вучыўся ў Зубрэвіцкай сярэдняй школе і адначасова працаваў паштальёнам. Пасля дзесяцігодкі некаторы час (1954—1955) быў літаратурным супрацоўнікам шклоўскай раённай газеты «Чырвоны барацьбіт». У 1960 скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у часопісе «Вожык» (1960—1973). З 1973 — загадчык аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі, з 1989 — адказны сакратар) часопіса «Маладосць». 3 1993 загадваў рэдакцыяй літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». 3 1997 працаваў у часопісе «Беларусь».
Артыкул пра аўтара ў Вікіпедыі.