![]() |
4.99 р.
Вага: 270 г
Памеры: 120x190 мм
|
Вершы, эсэ, паэма. / Віктар Слінка. — Мінск : Кнгазбор, 2011. — 204 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»).
ISBN 978-985-6976-98-1
Для паэта, які родам з-пад Івацэвічаў, гэта ўжо трэцяя кніга паэзіі . “Арахна”, а менавіта так называецца новы зборнік, змяшчае вершы, эсэ і паэму “Жбан, вада”.
Вершы з кнігі
Накцюрн
Я іду. Наплывае прастора,
Не ўмяшчаецца ў зрэнкі мае.
Быццам радасцю поўны ці горам,
Адхіснуся ізноў ад яе.
Адхіснуся назад — і растануць
Пад гарачай спіной камяні.
І ўваскрэснуць з былога падману
Насампраўдзе азяблыя дні.
На ільдзіне — падбітая качка.
Ну, куды ты плывеш, Рабінзон?
Хлебны мякіш падкінуць — падачку
Ці дашлюць у патроннік патрон?
Што чакае за горадам, паркам,
Што чакае ў зімовых лясах?
А мяне — зноў каменная арка
Кліча ў свой непрадбачаны шлях.
Не суддзя я — ні птушкам, ні людзям,
Не дзялю гэты свет напалам.
Засынаюць ахвяры і суддзі,
І не холадна ноччу звярам.
Я іду — нахінаюся ўперад
У скразняк, у марозны сусвет.
І зіма — павітуха памерлых —
З белых кветак мне дорыць букет.
25-26 студзеня 2002
Мы — рыцары імгненняў.
Служым ім... Мы — верныя.
І нам не быць святымі.
Паэты мы — і нам не ўсё адно,
Ці водгуллем пажарышчаў акно
Люструецца, ці гэта — захад сонца, неба чырвань.
Ёсць карані, якія нам не вырваць.
Ёсць тыя дні, адкуль нас не відно.
Пакуль жа — верныя таму, што ёсць вакол,
Хоць помнім іншае, ды не пакінем хат,
Дзе плача немаўля, і дзе малое асляня,
Што павязе цара, б’е мяккім, але ўпартым
капытом.
Пячора, зорка. Вечны Віфлеем.
Знайдзіся ты, о, хто паверыць нам!
Знайдзіся ты, хто не разбурыць храм,
Які быў кожнаму падораны ў сабе!..
2003
Віктар Слінка нарадзіўся 4 чэрвеня 1972 года ў вёсцы Козікі Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Вершы піша з пятнаццаці гадоў. Аўтар шматлікіх публікацый у беларускіх газетах і часопісах. Выдаў дзве кнігі паэзіі: «Апошні снег» (1995), «Штольні вясны» (2001). Лаўрэат літаратурнай прэміі Таварыства вольных літаратараў «Гліняны Вялес» за кнігу «Штольні вясны», прэміі часопіса «Дзеяслоў» «Залаты апостраф» за лепшую паэтычную публікацыю 2005 года.