![]() |
4.36 р.
Вага: 390 г
Памеры: 130x200 мм
|
З лістоў і нататак. 1823-1874 [перакл. з польск]. – Мінск: Выдавец В. Хурсік, 2009. – 340 с.: іл.
ISBN 978-985-6888-24-6
Дзённікі і нататкі рэпрэсаванай за ўдзел у паўстанні 1863 года землеўласніцы, мастачкі і скульптаркі з Пінскага павета Гэлены Скірмунт. Развагі пра месца мастака ў жыцці і творчасці, рэформу 1861 года, замалёўкі Расіі пад час пераезду ў ссылку, развагі пра нацыянальную годнасць беларусаў.
Беларуска Гэлена Скірмунт вучылася мастацтву ў лепшых мастакоў Еўропы сярэдзіны ХIX стагоддзя. Яна дасягнула дасканаласці ў жывапісе і скульптуры. Безумоўна яна была б зоркай нумар адзін у нашым выяўленчым мастацтве. Але лёс распарадзіўся інакш. Яна прыняла ўдзел у паўстанні 1863 года. Быў арышт і высылка ў Тамбоў. Гэта жанчына – адзіная, хто пакінуў дзённікавыя запісы і падарожныя нататкі, якія малююць паводзіны расійскіх улад на тагачаснай Беларусі, дзікую, нямытую Расію.
Доўгія гады імя пляменніцы Напалеона Орды, як і імя самога маэстра было ў забароне і забыцці. Мастацкая спадчына Гэлены і зараз раскідана па свеце. У кнізе прыводзяцца рэпрадукцыі некаторых яе работ, маюцца падрабязныя спасылкі. Пераклад з польскага выдання 1876 года. Выдатны падарунак інтэлектуалам, краязнаўцам, гісторыкам.
ЗМЕСТ
В. Хурсік. Браніслаў Залескі і яго твор
Прадмова Браніслава Залескага да польскамоўнага выдання кнігі 1876 года
I. Дзіцячыя гады. Маладосць
II. Замужжа. Двухгадовае пражыванне за мяжой. Скульптура
III. У краі ад 1854 да 1861
IV. Гады 1861 – 1863
V. Зняволенне
VI. Дзённік падарожжа з Пінска ў Тамбоў
VII. Чатыры гады ў выгнанні
VIII. Часовы побыт у Літве – Балаклава – Шахматы – Ганенне
Дадатак
Браніслаў Залескі і яго твор
Гэта кніга чакала выхаду ў свет 123 гады. Дакладней, не сама кніга, а яе беларускамоўны пераклад. Столькі часу была не запатрабавана праўда пра лёс адной з выдатных жаночых асоб беларускага Палесся, спадчынніцы роду Скірмунтаў і Ордаў Гэлены Скірмунт. Скульптарка і мастачка, шчырая патрыётка, яна раздзяліла пакутлівы лёс паўстанцаў 1863 года. Накіроўваючыся ў ссылку, Гэлена не раскаялася і не здрадзіла тым ідэям, якімі жыло тады ўсё свядомае беларускае грамадства: свабодзе ад рускага засілля, звароту да спрадвечных нацыянальных традыцый, магчымым набыцці літвінамі дзяржаўнасці.
Відавочна, што трагічны лёс такой асобы не мог застацца не заўважаным сучаснікамі. Адгукнуўся ж на яе пакуты тагачасны беларускі мастак, пісьменнік і грамадскі дзеяч Браніслаў Залескі. Ён здолеў выдаць кніжку пра яе ў Царстве Польскім, у Познані. Адзначым, што хаця Польшча і ўваходзіла тады ў склад Расійскай імперыі, але мела пэўную самастойнасць. Толькі гэтым можна патлумачыць тое, што такі шчыры аповед не быў забаронены расійскай цэнзурай і не быў знішчаны. 3 другога боку, нельга не заўважыць і вялікі талент Браніслава Залескага як публіцыста. Прыватны выпадак, адзінкавы лёс ён здолеў увасобіць у лёс пакалення.
Дык што ж гэта за чалавек, які здолеў захаваць памяць пра пакуты нацыі ў час найгоршых выпрабаванняў?
Нарадзіўся Браніслаў Залескі ў чэрвені 1820 года ў маёнтку Рачкевічы Слуцкага павета Мінскай губерні (зараз Капыльскі раён Мінскай вобласці). Бацька Франак Залескі герба "Любіч" быў афіцэрам. Літаратурны дар Браніслава паходзіў хутчэй ад дзеда – Сымона Залескага, які праяўляў у свой час літаратурныя здольнасці. Маці Юлія з Чарноцкіх была з багатай сям'і. Яе бацькам быў літоўскі падстольнік Франак Чарноцкі герба "Ліс", а маці паходзіла з роду Даўгялаў. Першыя навукі Браніслаў спасцігаў ў Ляцішыне ў доме дзядзькі Караля Чарноцкага, які доўгі час быў настаўнікам Дамініка Ходзькі, пісьменніка, гісторыка, журналіста, члена Таварыства філаматаў. Не абмінула выхаванне ў духу высокай грамадзянскай годнасці і Браніслава. Пазней у пісьме да Ігната Дамейкі, які жыў у Чылі, ён з цеплынёй успамінаў свайго першага настаўніка.
У 1836 годзе Браніслаў прыбыў у Дэрпт (зараз г. Тарту, Эстонія) і пачаў падрыхтоўку для паступлення ў тутэйшы універсітэт, які пасля закрыцця рускімі Віленскага універсітэта заставаўся месцам спасціжэння навук для большасці тагачаснай беларускай моладзі. Ва універсітэце большасць выкладчыкаў складалі немцы, выхавацелі імкнуліся абудзіць у студэнтаў нацыянальную годнасць, прывіць свабодалюбства. Пасля паступлення на юрыдычны факультэт у 1837 годзе з першых дзён Браніслаў апынуўся ў віры грамадскага жыцця, а ў 1837 – 1838 гадах ужо далучыўся і да падпольнай дзейнасці, якую арганізоўваў у Дэрпце Сымон Канарскі. Пасля арышту апошняга ў маі 1838 года і арганізацыі расійскімі ўладамі пераследу студэнтаў-патрыётаў частцы з іх удалося пазбегнуць арышту, але частка была пасаджана за краты. Апынуўся за імі і Браніслаў Залескі. Бацькі прымалі захады, каб вызваліць яго. Відавочна, гэта дапамагло. Ён пазбег жорсткага пакарання і, у выніку, быў сасланы ўсяго толькі пад нагляд у Чарнігаўскую губерню. Пазней дзякуючы маці, якая закідвала Санкт-Пецярбург і Вільню прашэннямі аб паслабленні для сына, у 1844 годзе Браніславу дазволілі закончыць навучанне і здаць выпускныя экзамены ў Харкаўскім універсітэце. У тым жа годзе ён вярнуўся дадому ў Рачкевічы.
Пасля адпачынку малады юрыст паехаў у Вільню ў пошуках працы і даволі лёгка адшукаў месца на службе ў Камісіі па люстрацыі землеўладанняў Віленскай губерні. Адначасова ён увайшоў у кантакт з сябрам па Дэрпту Эдуардам Жэлігоўскім, які прыбыў у Вільню на два гады раней і быў тут добра вядомы дзякуючы сваім літаратурным творам. Жэлігоўскі, старэйшы за сябра на чатыры гады, аказаў вялікі ўплыў на далейшае развіццё рознабаковых здольнасцяў Браніслава, які, як было тады модна, пачаў браць урокі малявання і жывапісу. У час паміж наведваннем салонаў і мастацкай студыяй Залескі, між тым, напісаў "Сакрэтны мемарыял". У гэтым дакуменце ён выклаў адміністрацыйныя, юрыдычныя і сацыяльна-эканамічныя пытанні, якія належала вырашаць Рэчы Паспалітай пасля адшукання незалежнасці ў межах да першага падзелу. У мемарыяле прадугледжвалася, што пасля таго, як беларусы і палякі будуць належным чынам падрыхтаваны для ўзброенай барацьбы з Расіяй, неабходна будзе рушыць на Санкт-Пецярбург на сустрэчу з саюзнымі шведскімі войскамі, а потым звярнуцца да германа-аўстрыйскай дынастыі Габсбургаў і запрасіць іх на трон адноўленай Рэчы Паспалітай. Утапічны план меў у сабе апісанне стасункаў у Еўропе пасля таго, як ён удасца.
Пазней, у Парыжы, Залескі з усмешкай успамінаў свае юнацкія спробы і ўсяляк адмяжоўваўся ад гэтага плана.
Між тым у 1842 – 1843 гадах абстаноўка ў Польшчы і былых землях Літвы па-ранейшаму была бурлівай. Адчуваўся ўздым нацыянальна-вызваленчых настрояў. У 1845 годзе Залескі і Жэлігоўскі як папулярныя ў віленскім шляхетным асяроддзі людзі атрымалі ад Познаньскага цэнтра запрашэнне ўвайсці ў лік кіраўнікоў змовы супраць расійскіх улад ад Літвы, але адхілілі яго. Яны бачылі рэальную карціну жыцця і лічылі беларускі народ не падрыхтаваным у той час да ўзброенага выступу. Нягледзячы на гэта польскія эмісары працягвалі падрыхтоўку да паўстання на Літве і не аднойчы сустракаліся з Залескім.
Пасля таго, як у красавіку 1846 года ў вольным горадзе Кракаве правалілася спроба падняць паўстанне ва ўсіх былых землях Рэчы Паспалітай і арганізатары яго былі арыштаваныя, у ліпні таго ж года быў арыштаваны і Жэлігоўскі, і Браніслаў Залескі. Хутчэй за ўсё яны былі змешчаны за краты па даносе, паколькі ў віну ім ставілася тое, што яны ведалі пра змову і не паведамілі пра гэта ўладам. Залескаму адматалі на ўсю катушку: яго пазбавілі дваранскай годнасці і аддалі ў салдаты. Пасля вынясення прысуду ён быў дастаўлены ў Арэнбургскую крэпасць.
У час адбывання зняволення ў крэпасці Браніслаў Залескі пазнаёміўся тут з аддадзеным у салдаты будучым вялікім украінскім паэтам і мастаком Тарасам Шаўчэнкам. Паміж Кабзаром і яго беларускім сябрам склаліся адносіны цеснага сяброўства, якія працягваліся ўсё жыццё. Тут жа ў час праходжання салдацкай службы Залескі праявіў сябе як выдатны мастак, які стварыў серыю найкаштоўнейшых малюнкаў з жыцця кіргізаў і казахаў. Яго творы на гэту тэму і дасёння лічацца ў Казахстане нацыянальным здабыткам.
У 1856 годзе Залескі вярнуўся на радзіму і жыў спакойным жыццём у Рачкавічах аж пакуль у 1859 годзе Тарас Шаўчэнка паклікаў яго ў Санкт-Пецярбург. Год Браніслаў працаваў экспертам у рэдакцыйных камісіях, якія рыхтавалі сялянскую рэформу, адстойваў інтарэсы сялян. Але гады ў мурах адбіліся на здароўі і праз год жыцця ў пахмурнай расійскай сталіцы ён зноў вярнуўся на радзіму. У гэты час ён наведваў сям'ю Скірмунтаў, з якой быў у сяброўскіх адносінах. У 1860 годзе Гэлена вырабіла і адліла з бронзы яго барэльеф.
Браніслаў Залескі вітаў паўстанне 1863 года, але, пастаянна знаходзячыся ў полі зроку паліцыі, не мог прыняць у ім актыўны ўдзел на радзіме і выехаў за мяжу ў Германію. Пазней пасяліўся ў Францыі, дзе з'яўляўся замежным прадстаўніком паўстанцкага цэнтра.
Залескі балюча перажываў паразу паўстанцаў. Аб гэтым сведчыць і яго зварот да напісання кнігі "3 жыцця літвінкі". Старэйшы ўсяго на сем гадоў за сваю гераіню ён разумее яе мастацкія захапленні, ідзе за ёю радок за радком, адчуваючы ў канцы вялікую стому і расчараванне. Расчараванне ад тых памылак, якія ўсе яны дапусцілі ў змаганні за волю.
Эдвард Вайніловіч, які прыбыў у Францыю пасля падзення Камуны, напісаў у 1871 годзе: "У Парыжы яшчэ дыміліся астаткі Камуны, і калона Вандома ляжала разбітая на каменні маставой. Я спыніўся ў "Quartier Latin" і, не маючы знаёмых, акрамя хворага бібліятэкара з гатэля "Ламберт" Браніслава Залескага, пачаў актыўна наведваць лекцыі ў Сарбоне". У гэты час, як чытач даведаецца з кнігі, Гэлена Скірмунт яшчэ знаходзілася ў Балаклаве. Яе сэрца перастала біцца 1 лютага 1874 года. Гэта значыць, што стары парыжскі бібліятэкар не страчваў сувязі з радзімай і быў сапраўды таленавіты, бо здолеў у кароткі тэрмін апрацаваць дзённікі Гэлены, напісаць твор і перадаць яго ў друкарню. Калі ўлічыць старыя паліграфічныя тэхналогіі і той вялікі тэрмін, які адводзіўся на ручны набор кніг, стане зразумелым, што яна выйшла амаль імгненна пасля смерці выдатнай мастачкі.
Да гонару аўтара і самой Гэлены Скірмунт кніга "3 жыцця літвінкі" не страціла сваёй каштоўнасці і ў нашы дні. Яна яшчэ раз прымушае задумацца над гістарычнай праўдай, сутнасцю падзей, якія адбываліся ў нашай краіне ў мінулым, чалавечай годнасцю. Высокія ідэалы нацыянальнага адраджэння жывыя і сёння.
Віктар Хурсік*
(* У прадмове выкарыстаная праца польскага гісторыка з горада Кельцэ, Польшча, Веслава Кабана (Wiesław Caban) "Bronisław Zaleski wobec tajnych spiskow lat trzydziestych i czterdziestych XIX wieku").
Падрабязней пра кнігу "З жыцця літвінкі" тут.
Прачытаць эсэ пра Гэлену Скірмунт і прысвечаную ёй кнігу "З жыцця літвінкі" можна ў дадатку да газеты "Новы час" – №3 (179) "Літаратурная Беларусь".