Каляды, Стрэчанне, Гуканне вясны, Вербніца, Вялікдзень і Радаўніца, Юр'я, Сёмуха, Купалле, Спас, Зажынкі, Дажынкі, Дзяды. Цяпер мы завём гэта народнымі святамі або абрадамі, апісанне якіх уключана нават у школьныя падручнікі. У раздзелах "Беларускія легенды, міфы і паданні" апісваецца, як нашыя далёкія продкі ўсе з'явішчы прыроды і жыцця тлумачылі існаваннем жывых істот – духаў. Дом, лес і поле мелі свае духі. У доме гаспадарыў дамавік, у лесе – лесавік, у рацэ – русалкі. Маланка – гэта злосны Бог, а зоркі – людскія душы. Людзі пакланяліся пням і камяням, сонцу і грымотам, звярам і птушкам, раслінам і вадаёмам, шанавалі іх, баяліся і прасілі дапамогі.
Паганства перажыло ўсе сацыяльна-палітычныя рэжымы і захавала галоўнае: асаблівую увагу да прыроды і яе шанаванне. Усякі банальны на першы погляд аб'ект, як камень, дрэва, расліна, вянок ці дарога, аказваецца надзеленым сімвалічным значэннем і адушаўляецца: прыносіць удачу, аблягчае пераход у тагасветнае жыццё, вылечвае ад хваробаў, аберагае ад ліха, дае прыгажосць, сурочыць, прадказвае будучыню. Прырода патрабуе шанавання, таму што толькі так магчымае гарманічнае і бесканфліктнае існаванне чалавека ўнутры прыроды. Чалавек сінхранізуе сваё жыццё з натуральнымі прыроднымі цыкламі, акружаючы рытуаламі лімінальныя зоны гэтага руху. І ў гэтай сувязі менавіта адлучэнне чалавека ад прыроды ў сілу канчатковай індустрыялізацыі і урбанізацыі зводзіць у нівошта як значнасць аўтэнтычных народных традыцый, гэтак і колькасць людзей, якія захоўваюць гэтыя традыцыі.
Адпраўляючыся ў падарожжа па беларускіх вёсках, Андрэй Лянкевіч вырашыў сабраць сведчанні аб гэтай усё яшчэ існай у многіх куточках краіны паганскай культуры. У кнігу ўвайшло апісанне дзесяці абрадаў: Жаніцьба коміна, Каляды, Гуканне вясны, Юр'я, Пахаванне стралы, Куст, Провады русалкі, Купалле, Дажынкі, Перанос свячы, а таксама прадстаўленая цэлая калекцыя свяшчэнных раслінаў, жывёл і аб'ектаў. Праект нясе яскрава выражаны антрапалагічны характар, што адлюстроўваецца ў спецыфіцы партрэтаў: франтальныя партрэты з цэнтральным месцам фігуры ў натуральных абставінах, стыль, добра вядомы нам па класічных працах Дыяны Арбюс і Аўгуста Зандэра. Такія партрэты заяўляюць аб прысутнасці псіхалагічнага, сацыяльнага і нават самога фізічнага існавання чалавека. І ўсё гэта агулам робіць свет паганскай культуры абсалютна рэальным для нас.
Святлана Паляшчук, з прадмовы да кнігі
Фотаальбом на беларускай і англійскай мовах. Фотаздымкі – Андрэй Лянкевіч, тэхнічны рэдактар – Сяргей Кандраценка, дызайн – Сяргей Шабохін, тэксты – Ірына Мазюк, уводны тэкст – Святлана Паляшчук, пераклад – Раман Маладзяшын, рэтуш фотаздымкаў – Юля Качанава. – Крынкі : Дом друку "Arx Baltica" (Arx Baltica printing house), 2010. – 168 с. Цвёрдая вокладка.
12 лістапада аўтар запрашае на прэзентацыю кнігі – а 19-й гадзіне ў Інстытуце імя Гётэ ў Мінску (вул. Веры Харужай, 25/3). Падчас імпрэзы можна будзе пачуць герояў кнігі з Палескімі спевамі і ўбачыць на свае вочы абрад "Жаніцьба Коміна".
"Большасць тых людзей, якія пачынаюць разглядаць кнігу, у выніку вяртаюцца да пачатку, перагортваюць старонкі і вяртаюцца наперад. Для мяне гэта самая галоўная рэакцыя. Мне хочацца верыць у тое, што гэта кніга – няпростая і што яе нельга прагледзець і паставіць на паліцу. І гэта працуе, таму што ў ёй так усё зроблена дзякуючы дызайнеру Сяргею Шабохіну, што вы проста не можаце не вярнуцца, таму што там усё развіваецца. Гэта можна адчуць нейкім сваім унутраным адчуваннем. Што таксама для мяне важна ў гэтай кнізе – невялічкія подпісы, якія расказваюць пра тую ці іншую падзею..." – кажа Андрэй Лянкевіч.