Беларускі чытач нарэшце пазнаёміцца з анталогіяй сучаснай нямецкай літаратуры.
Упершыню студэнты беларускіх дзяржаўных універсітэтаў папрацавалі над перакладамі на беларускую мову цікавых сучасных празаічных твораў цяперашняй Германіі, каб і надалей мацаваліся добрыя сяброўскія зносіны паміж культурамі нашых народаў.
Жыццё на грані, каханне насуперак, адданасць як дадзенасць, а боль і перамога болю як існасць, разам з тым інтымная спавядальнасць Miлера, іранічнасць Букоўскі, лірызм Саган, смеласць Фолкнера, грындхаўс Таранціна і Радрыгеса — такая сёння проза Міколы Адама.
У кнігу вядомага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі і Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Вячаслава Адамчыка ўвайшлі апавяданні «Урок арыфметыкі», «Аптэка нумар тры», «Млечны Шлях», «Дзікі голуб» і іншыя, якія адрасаваны моладзі. Аўтар закранае ў сваіх творах праблемы станаўлення асобы, дабра і зла, вучыць знаходзіць выйсце з самых складаных жыццёвых сітуацый.
Кніга Анатоля Бензерука “Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля” прысвечаная вялікай Грунвальдскай бітве. 15 ліпеня 1410 года Вялікі князь Вітаўт і кароль Уладзіслаў Ягайла перамаглі, бо вялі ваяроў у бой за Айчыну і мелі побач верных абаронцаў. А горды магістр Юнгінген згубіў пад Грунвальдам жыццё і добрую славу, не маючы поруч надзейных сяброў.
Жылі-былі на адной вясёлай паляне разам з іншымі звярамі Вожык і Заяц. Добра ім жылося, ды ў адзін дзень хмары засланілі сонца і пачаў ісці дождж, доўгі, бясконцы. Хіба зачырванеюць ягады, вырастуць грыбы? Што рабіць? Па падказцы мудрага Крумкача Вожык і Заяц пайшлі ў лес шукаць іншую паляну.
Рана ці позна кожны чалавек трапляе ў такую сітуацыю, калі неабходна рабіць выбар. Выбар жорсткі, цяжкі, калі крочыць можна толькі ў адзін ці другі бок, калі і адзін і другі крок патрабуюць ахвяры і разумення, пакутлівага пераасэнсавання каштоўнасцей.
Добра, калі побач ёсць нехта, хто падкажа, але героі твораў гэтай кнігі застаюцца заўсёды сам-насам з неабходнасцю свайго жыццёвага выраку. У гэтым не толькі трагізм сітуацыі, але і самая сапраўдная школа сталення.
У кнігу Віктара Гардзея «3 мінулага не вяртаюцца...» увайшлі тры аповесці — «Дом з блакітнымі аканіцамі», «Жыта ганьбу не заслоніць», «Па Сеньку і шапка». У першай з іх на складаным лесе сялянскай сям’і ўзняты праблемы сучаснасці, глыбока даследаваны даўнія падзеі. 3 гэтага ж шэрагу і наступныя творы кнігі.
Новая паэтычная серыя для дзяцей “Журавінка@” адкрываецца кнігай Віктара Гардзея “Сарочына цырульня”. Нязмушаны гумар вершаў, назіральнасць аўтара, жыццялюбства і тонкае адчуванне свету адразу бярэ ў палон чытача. Вашае чытанне станецца вясёлым і пазнавальным — а, значыць, несумненна карысным!
Класічная формула паэзіі: адзінства трох паняццяў – думкі, вобраза, слова. Гэта для самога творцы, а для чытача ўсё наадварот – трыадзінства слова, вобраза, думкі. У паэзіі Віктара Гардзея надзвычай цеснае спалучэнне часу, месца і дзеяння, што дыктуецца абвостраным адчуваннем чужой і сваёй бяды, самоты, і як вынік нашай агульнай і непапраўнай віны: "I ёсць яна, Вялікая Журба, калі пастрояць грэшных у калоны; і прахрыпіць апошняя труба, і выбегуць, як сцішыцца мальба, заместа коней вараныя клоны".
Прататыпы герояў кнігі Юліі Зарэцкай — жыхары беларускага мястэчка Дунілавічы, радзімы пісьменніцы. Людзі розных пакаленняў, розных нацыянальнасцяў, рознага веравызнання, яны, як нярэдка бывае на нашай зямлі, і ў горы і ў радасці разам. Кожны з іх — носьбіт пэўнай рысы характару свайго народа. I разам з тым кожны, як асоба, надзелены аўтарам сваёй адметнасцю, жыве і дзейнічае ў цікавых жыццёвых сітуацыях.
У зборнік увайшлі найбольш вядомыя п’есы Сяргея Кавалёва, якія ставіліся ў розных тэатрах Беларусі і за мяжой. Драматург выкарыстоўвае ў сваіх тэкстах даўнейшыя міфы і сюжэты, прапануе новыя мастацкія інтэрпрэтацыі класічных твораў беларускай літаратуры. П’есы прызначаюцца як для самастойнага чытання, так і для школьнага тэатра.
У кнігу ўвайшлі п’есы-казкі вядомага беларускага драматурга Сяргея Кавалёва, напісаныя ў розныя гады. Гэта творы вельмі разнастайныя паводле жанру (міфалагічныя, чарадзейныя, авантурныя, філасофскія), прызначаныя як для самастойнага чытання, так і для школьнага тэатра.
У чарговую кнігу прозы Віктара Казько ўвайшоў аднайменны раман «Бунт незапатрабаванага праху». У цэнтры ўвагі пісьменніка — мастацкае даследаванне драмы чалавечай душы на пераломе XX і XXI стагоддзяў, калі адной з важнейшых функцый літаратуры з’яўляецца папярэджанне і прароцтва.
Проза Івана Канановіча глыбока псіхалагічная і мнагатэмная, створаная на крутым пераломе часу, калі гарадскі лад жыцця спрабуюць асэнсаваць і не могуць прыняць душой нядаўнія выхадцы з вёскі.
У пяты том Збору твораў Уладзіміра Караткевіча ўвайшлі «Сівая легенда» і «Легенда аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» (1961), навела «Ладдзя Роспачы» (1964), паэма «Чазения» (1966) і аповесць «Лісце каштанаў» (1972).
Непаўторная мова, дасканалы стыль, а таксама любоў і прага да жыцця, што нясуць з сабою героі казак Уладзіміра Караткевіча, – усё гэта з першых радкоў захапляе і малых, і дарослых. Тэксты шыкоўна праілюстраваныя Міколам Купавам.
Вінцэсь Каратынскі (1831 – 1891) – пісьменнік і журналіст. Дэмакратызм, гуманістычны пафас яго творчасці зрабілі адчувальны ўплыў на станаўленне беларускай літаратуры. У кнізе найбольш поўна сабрана ўсё лепшае з яго творчай спадчыны.
Стыль шчырага і бескампраміснага рэалізму Аляксея Карпюка (1920 – 1992) балансуе на мяжы дакументалістыкі і мемуарыстыкі. Суровая, асабіста перажытая праўда пра вайну стала асновай аповесці "Пушчанская адысея". Апавяданні пісьменніка, як кадры, выхапленыя фотааб'ектывам, адкрываюць дынаміку даваеннага і паваеннага беларускага жыцця з яго каханнем, трагізмам і досціпам.
Кнігу складаюць міфалагічныя расповеды пра старажытныя вераванні нашых продкаў. На прыкладзе найбольш вядомых і распаўсюджаных у нашым краі рытуалаў, абрадаў і каляндарных свят, легенд, паданняў і замоў чытач дазнаецца пра патаемны і магічны сэнс старадаўняга жыцця беларуса-язычніка.
Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі, створаная Вацлавам Ластоўскім, дасюль застаецца надзвычай запатрабаванай і ніколькі не страціла сваёй актуальнасці і каштоўнасці як навуковае і прэзентанцыйнае выданне, якое больш за 85 год чакала свайго перавыдання…
Алег Лойка – вядомы паэт, крытык, празаік, аўтар рамана пра Янку Купалу "Як агонь, як вада...". Герой яго кнігі "Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае" – славуты першадрукар Ф. Скарына. Аўтар апавядае пра жыццё і дзейнасць Скарыны ў Празе, Вільні, Полацку, Кракаве, пра яго любоў да свайго народа, да роднага краю.
Казачнае ўвасабленне жывога агню школкі-вучэльні "Лучынка" асвеціць далейшы шлях усім, хто далучыцца да вывучэння і болыш глыбокага ўспрымання роднай мовы праз слова, словазлучэнне, сказ і тэкст. Чытачы пазнаёмяцца з моўным этыкетам, культурай мовы і паводзін на аснове творчага падыходу да літаратурнага матэрыялу, што спрыяе болыш глыбокаму засваенню класічных і сучасных твораў беларускіх пісьменнікаў.
З кнігі Уладзіміра Мароза, які шмат гадоў аддаў беларускаму дакументальнаму кіно, паўстаюць постаці беларускай мінуўшчыны - Кірылы Тураўскага, Сымона Буднага, Льва Сапегі, Афанасія Філіповіча, Саламеі Русецкай, Івана Насовіча, Напалеона Орды, Міколы Равенскага ды іншых, а таксама нашых суайчыннікаў - Міколы Ермаловіча, Уладзіміра Конана.
Гэтая кніга лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Марціновіча — першая мастацкая біяграфія класіка нацыянальнай літаратуры Максіма Багдановіча, адрасаваная юным чытачам. З ёю будзе цікава пазнаёміцца таксама старшакласнікам, студэнтам, бацькам, настаўнікам — усім, хто абавязкова ўпэўніцца, што адна з самых яркіх зорак на паэтычным небасхіле Беларусі — зорка М. Багдановіча.
У “Аповесці легендарных часоў” апавядаецца пра падзеі, якія адбываліся ў запаветным мінулым нашай часціны населенага свету, у паўміфічных краінах, дзе пралягалі шляхі-дарогі адважных вандроўнікаў. Гэта фэнтазі, з квестам і экшэнам, з паданнямі і экзотыкай.
Дзесьці ў акіяне раскінуліся астравы і атолы архіпелага, празванага Вясёлым. Ёсць там нават востраў Рай. Для багачоў, якія з'язджаюцца сюды з усіх куткоў свету і хочуць пазабавіцца, архіпелаг сапраўды здаецца вясёлым, а жыццё – райскім. Але не для карэнных жыхароў… Падзеі адбываюцца на зямлі і пад зямлёй, на вадзе і пад вадой. Героі – не толькі людзі, але і дэльфіны. Адзінаццацігадовы Янг, яго старэйшы брат Радж і іх сябры часта трапляюць у вельмі небяспечныя сітуацыі.