Быкаў Васіль. Бліндаж

Быкаў Васіль. Бліндаж
3.49 р.
Вага: 190 г
Памеры: 130x200 мм



Аповесьці. – Менск : Выдавец Віктар Хурсік, 2006. – 192 с. – (Бібліятэчка часопісу "Дзеяслоў" ; вып. 2).

ISBN 985-6576-79-2
ISBN 985-6718-65-1

У новую кнігу класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава ўвайшлі творы, невядомыя беларускаму чытачу. Аповесьць "Бліндаж" была апублікаваная ў часопісе "Дзеяслоў" толькі ў 2006 годзе, а аповесьць "Апошні баец" друкавалася ў газэце "Чырвоная змена" ў 1958 годзе і пасьля не ўключалася аўтарам у ніводзін зборнік. Абодва творы яднае тое, што дзеяньне ў іх адбываецца напачатку Вялікай Айчыннай вайны.

ЗЬМЕСТ

Быкаўскі каўчэг

Бліндаж, аповесьць

Нявыдуманыя вобразы

Апошні баец, аповесьць

Быкаў Васіль – народны пісьменьнік Беларусі. Празаік, публіцыст. Лаўрэат шматлікіх дзяржаўных і міжнародных літаратурных прэміяў. Аўтар кніг: "Жураўліны крык", "Трэцяя ракета", "Альпійская балада", "Воўчая зграя", "Пайсці і не вярнуцца", "Знак бяды", "Кар'ер", "Сьцяна", "Пахаджане", "Доўгая дарога дадому" і інш. Нарадзіўся ў 1924 годзе ў в. Бычкі на Ўшаччыне. Памёр у 2003 годзе.

Быкаўскі каўчэг

Пасьля сапраўдных пісьменьнікаў застаюцца прыжыцьцёвыя публікацыі і лабірынты архіваў. Пасьля вялікіх – прыжыцьцёвыя архівы.

Пра іх – свае архівы – ня дужа дбаў Васіль Быкаў. İ характар у яго быў не "забранзавелы", і час ня надта спрыяў даверлівасьці. А таму пасьля Быкава не засталося разьлінееных вопісаў рукапісаў, пранумараваных і храналагічна раскладзеных папак, а самае патаемнае давяралася спадарожніцы-жонцы İрыне Міхайлаўне, нямногім сябрам ці агню ждановіцкага каміну.

Пасьля Быкава засталіся ягоная праўда, ягоная справа, ягоны боль, ягоныя кнігі і... неапублікаваныя рукапісы. У гісторыі беларускай літаратуры такое здараецца ці не ўпершыню: пасьля адыходу творцы ў іншы сьвет чацьвёрты год друкуюцца ягоныя невядомыя чытачам і дасьледчыкам тэксты: апавяданьні, прыпавесьці, запісы, накіды, успаміны, гутаркі, аповесьці.

Толькі сапраўдныя могуць "забыцца" на цэлы зборнік апавяданьняў, толькі вялікія – адкласьці ў архіў аповесьць і доўгіх шаснаццаць гадоў думаць, як яе палепшыць. Быкаўскі архіў захаваў невядомую і неапублікаваную аповесьць "Бліндаж", амаль завершаную ў 1987 годзе і ня скончаную да апошняга 2003-га. Засталіся 77 старонак машынапісу, некалькі старонак рукапісных уставак, накіды-планы ў асобным блакноце і... аўтарская карта, на якой адбываюцца падзеі аповесьці (вёска, хатка Серафімкі, шаша, кустоўе, траншэі перад узгоркам, разьбітая гармата, бліндаж). Машынапіс аповесьці, мяркуючы па аўтарскіх праўках, Васіль Быкаў перачытваў ня менш за тры разы: пра тое сьведчаць два стрыжні розных колераў і просты аловак.

У адным зь лістоў да свайго сябра таленавітага крытыка İгара Дзядкова 20 сьнежня 1987 г. Быкаў прызнаўся пра нялёгкія перыпетыі, падчас якіх пісаўся "Бліндаж": "Выжыўшы Адамовіча, бяруцца за Каваленку, Алексіевіч, ціха абкладваюць Быкава – каб лепш было ўзяць. Лічыцца, што рэжысёр усяго гэтага Паўлаў (загадчык аддзелу прапаганды і агітацыі ЦК КПБ. – Рэд.), якога накіроўвае Сяўрук (намесьнік загадчыка аддзелу прапаганды ЦК КПСС. – Рэд.). Але ня толькі яны, канешне. У гэтай гісторыі паказалі сваю двайную душу некаторыя нашыя агульныя знаёмыя... <...> А наогул, працуецца кепска, пачаў і кінуў новую аповесьць, – не задавальняе" ("Знамя", 2006, № 1, с. 144).

Так выказваўся Васіль Быкаў пра аповесьць "Бліндаж". А думаў пра яе – да апошняга свайго дня: у нататніку, куды ўпісваліся дадаткі да "Доўгай дарогі дадому" (апублікаваныя ў папярэднім нумары "Дзеяслова"), на асобнай старонцы чорным капілярным стрыжнем рукою Быкава запісана-нагадана – як пазначана на верставым слупе творчых дарог: "Бліндаж (Серафімка)"...

Аповесьць "Бліндаж", якая думалася і пісалася пасьля "Кар'еру" перад "Аблавай", – абвострана-быкаўская, тыпова-быкаўская. Як тыповая для Беларусі вымаляваная ў аповесьці панішчаная сталінізмам і нацызмам вёсачка Любашы роднай Быкаву Полаччыны, як сімвалічны і вобраз Серафімы Тарасевіч, "цёмнай" калгасьніцы, якая ў год магла "выгнаць" пяцьсот дваццаць працадзён і ня мець нараканьняў за зьнішчанага адзінага брата – настаўніка і "ворага народу". Чалавек у "нечуваным, выключным" (В. Быкаў) становішчы – вось асноўны лейтматыў "Бліндажу". İ галоўная гераіня Серафімка, і сьляпы пасьля раненьня капітан Хлебнікаў, і дэзерцір немец Хольц, і "ідэйны" бальшавік Дземідовіч, і звар'яцелы габрэй Нохем, і сын раскулачанага, "блытаны чалавек", антысеміт Качан, і злыдні-паліцаі Піліпёнкі – пастаўленыя ў такія лёсавыя выпрабаваньні, дзе паміж белым і чорным няма мяжы...

Сюррэалістычная калізія для будзённага жыцьця і будзённая для ваеннага зьбірае ў цесным бліндажы ўсіх герояў аповесьці. Усе чакаюць паратунку, а бліндаж ператвараецца ў Серафімчын каўчэг. Сама ж аповесьць стала для Васіля Быкава, думаецца, своеасаблівым "творчым палігонам". Тут выпрабоўваліся новыя ідэйна-тэматычныя ўвасабленьні (сталіншчына прыпадабнялася нацызму, высьвечвалася крыўда рэпрэсаваных і пад.). Тут намацваліся стылёвыя знаходкі будучых прыпавесьцяў (пад адным дахам і за адным чыгунком заціркі – афіцэр-чырвонаармеец, фашыст, бальшавік, паліцай). Тут філігранілася кампазіцыйнае майстэрства (сюжэтнае разгалінаваньне-"нанізваньне" завяршалася прадуманай фінальнай разьвязкай). Філігранілася да апошняга Быкаўскага дня, бо аповесьць так і засталася незавершанай. Незавершанай на паперы.

Пра фабулу разьвязкі аповесьці можна меркаваць па аўтарскіх запісах, накідах і планах, з якіх і ўдалося "зманьціраваць" план заключных разьдзелаў (ён у публікацыі падаецца курсівам).

Такім атрымаўся даўні і невядомы "Бліндаж"-каўчэг Васіля Быкава. Толькі выжывуць у ім ня ўсе і ня ўсё. İ найперш застануцца быкаўская праўда, чалавечы гонар, боль і ашчадна перачытаны машынапіс так і ня здадзенай у друк аповесьці.

Алесь Пашкевіч

Падрабязьней пра кнігу "Бліндаж" тут.


Раім таксама паглядзець:
Быкаў Васіль. Доўгая дарога дадому
1.92 р.

Быкаў Васіль. Доўгая дарога дадому

Гэтая кніга – успаміны народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў ягонага багатага на падзеі жыцьця.

Наш Быкаў. Кніга ўспамінаў
3.99 р.

Наш Быкаў. Кніга ўспамінаў

Кніга ўспамінаў сяброў і блізкіх пра Васіля Быкава. Усяго свае ўспаміны ў кнізе зьмясьцілі каля 40 чалавек. Сярод іх ня толькі беларускія, але і замежныя аўтары.

Шапран Сяргей. Васіль Быкаў: Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах
5.99 р.

Шапран Сяргей. Васіль Быкаў: Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах. Частка 1

Гэтая кніга, па сутнасці, – першая спроба стварэння своеасаблівай энцыклапедыі Васіля Быкава, ці дакументальнага біяграфічнага летапісання народнага пісьменніка Беларусі. Сярод змешчаных тут матэрыялаў асаблівую цікавасць уяўляюць невядомыя архіўныя дакументы, рукапісы і эпісталярная спадчына В. Быкава з фондаў больш як дваццаці дзяржаўных музеяў і архіваў ды прыватных збораў, а таксама артыкулы ў перыядычным друку.