Някляеў Уладзімір. Цэнтр Еўропы

Някляеў Уладзімір. Цэнтр Еўропы
24.99 р.
Вага: 440 г
Памеры: 135x205 мм



Цэнтр Еўропы : апавяданні, аповесці / Уладзімір Някляеў, — Мінск : Медысонт, 2009. — 440 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» ; выпуск 1.)

ISBN 978-985-6887-23-2

Проза Уладзіміра Някляева, як і ягоная паэзія, адметная псіхалагізмам, вастрынёй адчування і глыбінёй асэнсавання часу. У новую кнігу ўвайшлі апавяданні і аповесці, напісаныя ў замежжы і па вяртанні з эміграцыі.

 

Прага Уладзіміра Някляева

Усё, упэўнены, будзе: і рэцэнзенты, і крытыкі, і чыта-чы, якіх прывабіць ужо сама назва ды імя аўтара гэтай выдатнай кнігі, і разбяруць яны як след уключаныя ў яе аповесці і апавяданні, і распаляць у чарговы раз дыскусію пра кандыдата, вартага самых найвысокіх, уключна з нобе-леўскай, прэмій... Усё будзе.

Я ж хачу згадаць наступнае. Некалі прачытаў у «Полымі» аповесць «Прага», і да таго яна мяне ўзрушыла, захапіла, так даўно не было ў нашай прозе нічога падобнага, так захацелася патэлефанаваць аўтару, напісаць яму ліст — маўляў, віншую з несумненнай удачай, дзякую за чытацкую радасць, за ўзбуджэнне, за асалоду ад сапраўднай рэчы і т.п.; дзеля аднаго гэтага твора варта было перажыць усе эмігранцкія мітрэнгі (Уладзімір Някляеў жыў тады за мяжою: ці то ў Польшчы, ці то ў Фінляндыі...)

Але ж мы — беларусы. Дый куды тэлефанаваць, каму пісаць, дзе той аўтар, у якіх палесцінах? Сказаць пазней пры сустрэчы? Перагарыш да таго часу, а потым — ці так яму тэта трэба? — хіба ён сам не лепш за цябе ведае пра тое, што ды як напісаў?

Тым не менш, усё ж нейкія запісы я зрабіў, і яны захаваліся да цяперашняга часу, абвергнуўшы мудрую параду: «Захоўвай любую, нават самую непатрэбную рэч тры гады, і калі за гэты час яна не спатрэбіцца — смела выкідвай». Мае нататкі праляжалі ўдвая даўжэй — і вось прыдаліся.

Паколькі ў згаданых нататках мая ўвага акцэнтавалася на аповесці «Прага», дык з яе і пачну.

Аповесць «Прага» Уладзіміра Някляева — гэта вывераная, напісаная на сучасным матэрыяле вельмі таленавітым пяром кінематаграфічная трагедыя. На адно нараджэнне ў ёй прыпадае больш за дзесяць смерцяў.

У цэнтры твора своеасаблівы перакулены трохкутнік, ці нават ромб, а яшчэ дакладней — актаэдр, бо хто тут толькі з чыімі жонкамі, палюбоўніцамі, дочкамі і ўнучкамі не спіць або не спаў. Асноўныя персанажы — двое мужчын-бізнесоўцаў. У аднаго, Андрэя Брызіна, дачка-студэнтка Маша, другі, Артур Сініцын, сам-адзін. Брызін з Сініцыным увесь час на нажах, асабліва, як піша Някляеў, па разгулёне. Пасля чарговай сваркі Сініцын нібыта з рэўнасці да палюбоўніцы едзе Брызіна забіваць, а хутчэй — проста прыпалохаць; убачыўшы, што з гаража выязджае «Масквіч» Брызіна, Сініцын са злосці і з гарачкі тараніць яго сваёй «Маздаю», а ў выніку забівае Машу, якая была за рулём «Масквіча»; дзяўчына памірае ў шпіталі. У фінале высвятляецца, што Сініцын забіў сваю дачку. Такая вось развязка.

Дзеянне аповесці амаль усё ўкладваецца ў адзін дзень. Андрэю Брызіну па справах камерцыі трэба тэрмінова ехаць у Прагу (якое сімпатычнае абыгрыванне назвы твора). Аднак перад гэтым ён загуляў, згубіў ключы ад машыны. У выніку паездка ў казачную сталіцу Чэхіі падмяняецца празаічнай пахмельнай прагай — півам ды гарэлкаю ў забягалаўцы на Нямізе (таксама сімволіка).

Пры ўсім пры тым гэта «лінейны падтэкст», асаблівай нагрузкі ён не нясе, як і любы іншы сюжэт не нясе яе ў сапраўдных мастацкіх творах. Дык вось, прымаючы пад увагу, што сюжэт у творы — рэч другасная, аповесць насычана мноствам каштоўных знаходак і адкрыццяў. Але перад усім: героі — жывыя людзі, ім верыш (іншая справа, ці верыш матывацыі іх учынкаў, але пра гэта ніжэй), бачыш, як яны ходзяць, у што апранаюцца, што ядуць — да адчування паху і смаку, чуеш, як яны гавораць — да ілюзіі, да прымітыўнага жадання шукаць прататыпаў.

3 самага першага сказу аповесць бярэ ў палон сваім напружаным, уласцівым Някляеву-паэту, рытмам, інтанацыяй. «Андрэй Брызін ляжаў на вузкім тапчане ў прыхожай, дзе ён заўсёды, калі начаваў дома (інфармацыйная насычанасць, — А.Ф.) прачынаўся пасля шырокага разгулёну, і галавой чалавека, які некага забіў, на кавалкі пасек і пад плотам закапаў, падлічваў страты з учарашняй п’янкі. Грошы — само сабою, іх і лічыць няма чаго, хоць і шкада: мог купіць бензапілу...» — звернем увагу на сціслую — нічога лішняга — будову сказаў; рэдка які пісьменнік утрымаўся б, каб не паставіць «бы» пасля «мог».

Варта звярнуць увагу і на новую для беларускай літаратуры тэму, ці, лепш сказаць, новы ракурс тэмы: бізнесоўцы, якія не растапырваюць пальцы з прычыны і без (так, некалі гэта было нова і надзённа), а ў якіх баліць душа, якія плачуць і смяюцца, адчуваючы ўсё тое ж, што ўсе жывыя людзі. Усе — простыя смяротныя, і выяўляюцца іх характары ў самых простых жаданнях і дзяннях: ці то гэта дзіцячая мара Брызіна пра бензапілу, ці то гэта званок Сініцына Брызіну пасля трагедыі з Машаю.

Не менш за галоўных герояў запамінаюцца дакладна выпісаныя і рассыпаныя па ўсім тэксце другасныя персанажы — гэтак званыя другасныя, бо толькі абазнаны, вопытны чытач-гурман ведае, што нічога другаснага ў сапраўдным мастацкім творы не бывае; уражвае ўменне аўтара адным-двума штрыхамі абазначыць, «ажывіць» і падаць характар. Да прыкладу, агульная для Брызіна і Сініцына палюбоўніца Нінэль «была, як заўсёды, у незашпіленым шоўкавым халаціку на голае цела, і голай яна хадзіла, як даволі хутка пасля знаёмства з ёю зразумеў Брызін, не з таго нават, што сапраўды выглядала спакуслівай сексбомбачкай, а таму што голасць і была яе сутнасць». Ці маёр міліцыі Ярохін, які канстатуе: «...і брат мой мент, і бацька, і ўсе мы менты», — як бы насоўваючы на ўвесь свой род нейкую жалезабетонную пліту. Альбо былы хакеіст Слава з палавінай (бо ён удвая меншы ростам за сваю выпадковую спадарожніцу) Капіталіны (імя якое для сяброўкі хакеіста!): «Вам столькі не накідаць, колькі я накідаў...» — і побач паэт Лёня з ягонай квяцістай рыторыкай: «Мы адцаемся найлёгкаму і найпростаму, здабываем сабе дабрабыт, грошы, славу, святкуем свае перамогі, а побач з намі плачуць жанчыны... Я хачу выпіць за тое, каб яны не плакалі ў золаце, а спявалі ў кветках і ў каханні...»

Што да жанчын, а найперш да Машы (дачкі невядома якога з герояў), дык яна адзіны ў аповесці цэльны, чысты, надзвычай мілы сваёй жаноцкасцю, вобраз, якіх калі і бракуе ў сапраўднасці, дык менавіта пасля прачытання такіх твораў, як «Прага», яны й з’яўляюцца. Ці ва ўсялякім разе павінны з’яўляцца са сваёй прагаю шчырасці і праўды, з непакоем і турботаю пра такіх, як яе шалапутны, без пара ў галаве, бацька, якому яна нават пасля смерці падае голас. Мы, чытачы, ведаем, што яе няма, і ён, Брызін, ведае — і раптам голас з таго свету, дзе яна гэтаксама, як і на свеце гэтым, клапоціцца пра яго. Адзін званок: «Ты нікуды не едзь сёння, чуеш?..» Другі: «Цябе няма і няма...» Трэці: «Тата, што адбываецца?..»

Згадваюцца радкі з вершаў Уладзіміра Някляева, з кнігі «Наскрозь»:

Дні рассыпаць, як той мак па стале,
Байкамі бавіцца...
Толькі аднойчы яно паўстае:
Што адбываецца?

Гэтае пытанне: «Што адбываецца?..» — да ўсіх. Як да тых, хто ўнутры аповесці, так і да тых, хто па-за ёй. Да нас. Яно дамінантнае, без яго аповесць была б ці зусім іншая, ці яе ўвогуле не было б.

Цяпер колькі слоў пра тое, чаго (калі па найвышэйшым рахунку) у гэтым амаль бездакорным творы магло б не быць. Магло б не быць сюсюкання Сініцына, бо для таго, каб паказаць, што ў чалавека выбітыя зубы, зусім не абавязкова змушаць яго казаць «садусу» замест «задушу». Можна было б не закручваць сюжэт (выключна дзеля дынамізму) ажно да рызыкі «сарваць разьбу», ахвяруючы праўдападобнасцю, як у сцэне ў шашлычнай, дзе Брызін забівае, ці калечыць двух рабаўнікоў, а потым тыдзень гуляе ў якасці крэўнага брата гаспадара рэстарана. Паэту Лёню з наркаманкай Капіталінай (з якімі галоўны герой толькі што пазнаёміўся ў піўной) зусім неабавязкова было б ехаць у шпіталь на край горада, як неабавязкова было таму ж Лёню яшчэ раз ехаць у той жа шпіталь ужо з кватэры Капіталіны, ведаючы амаль напэўна, што назад ён вернецца з чорнай весткай. Усё гэта задужа кіношнае, больш уласцівае сцэнару, чым аповесці, хоць, магчыма, сам аўтар і не лічыць такую кінематаграфічнасць недахопам, ідзе на гэта свядома, зноў-такі робячы стаўку на сюжэт, які імкліва, з кожнай старонкай набірае і набірае хуткасць. Дый, урэшце, талент мастака-празаіка Уладзіміра Някляева намнога перавышае талент (непапулярны) кінематаграфіста.

Хто ўсё ж віноўнік, ці віноўнікі, трагедыі? Чаму разумнаму Брызіну не прыйшло ў галаву простае: што Лёня з Капіталінай, з маёрам Ярохіным і ўсёй астатняй піўнушнай гоп-кампаніяй хай сабе і ўскосна, але маюць дачыненне да смерці Машы не менш за Сініцына? Тут заканамерная, абсалютная логіка: калі б ён з імі не піў, гэта значыць, калі б іх не было, ён на якія паўгадзіны раней прыехаў бы ў гараж і трагедыі ўдалося б пазбегнуць. I навошта ўсе яны яму пасля смерці Машы?.. Ды Брызін трохметровым дрынам павінен быў бы гнаць ад сябе і Лёню, і Капіталіну, як чорных крумкачоў, як жывы напамін, бо гэта ж з імі ён марнаваў час, калі памірала ягоная дачка; замест гэтага ён іх адных, больш нікога, яшчэ і на пахаванне кліча...

Калі канчаеш чытаць аповесць «Прага», узнікае аналогія з «Палатай №6», і хочацца хутчэй выйсці на вуліцу, ці хоць бы шырэй расчыніць фортку, упусціць свежага паветра, зірнуць на сіняе неба, на людзей, на машыны, адчуць, што ты быў у палоне ўсяго толькі мастацкага гіпнозу, сну, нашаптанага таленавітым псіхатэрапеўтам, што ў цябе не загінула дачка, цябе не праклінала родная маці, табе не трэба забіваць адзінага сябра, а потым самога сябе — усё гэта не з табой, а сапраўднае жыццё, у якім, у адрозненне ад герояў, ты ўсё можаш змяніць, умяшацца ў яго, па-свойму скіраваць — вось яно, побач.

Я таму так падрабязна (занадта падрабязна, як для кароткай прадмовы) спыніўся на аповесці «Прага», бо яна, як мне падалося, ёсць цэнтральны твор для кнігі «Цэнтр Еўропы». Хаця, можа быць, некаму падасца такім творам аповесць (відавочна аўтабіяграфічная і жорсткая ў сваёй праўдзе) «Мірон ды Мірон», ці захапляльная сацыяльная фантасмагорыя «Вежа», альбо зусім і не аповесці пададуцца камусьці цэнтральнымі ў «Цэнтры Еўропы», а невялічкія па памеры апавяданні-шэдэўры «Бомба», «Тэрарыст», трагічныя «Хайбах» і «Адлюдак» (падзей у якіх іншаму аўтару хапіла б на раман, а ў Някляева яны спрасаваныя да мяжы магчымасці), або поўныя нечаканага, шчымлівага гумару «Музей Броўкі» і «Залатая Арда». У кнізе няма ніводнага тэксту, які можна было б прамінуць, пра які не хацелася б сказаць, але рамкі прадмовы не дазваляюць, на жаль, зрабіць гэтага. Таму, каб не драбніцца, спынюся яшчэ на «Вяртанні Веры» — апошняй па часе напісання аповесці Уладзіміра Някляева.

Калі «Прага» — імклівы, дынамічны кінасцэнар, твор амаль для ўсіх, дык «Вяртанне Веры» — рэч складаная, філасофская, са шматлікімі сюжэтнымі адгалінаваннямі, разлічаная, так бы мовіць, не на сярэдненькі інтэлект. У нечым аповесць здалася мне паглыбленай распрацоўкай асноўнай сюжэтнай лініі нашумелага някляеўскага рамана «Лабух» з ягоным эпіграфам: «Быць беларусам — бяда». Менавіта аб тым, што «быць беларусам бяда, але гонар не дазваляе кімсьці іншым стаць», напісаны Някляевым у замежжы раман «Лабух», а пасля ўжо ён пра тое, у чым папракалі аўтара: пра эротыку, палітыку ды астатняе. Як пранізліва ў фінале рамана гучыць над беларускімі пагоркамі срэбная труба, пад спеў якой галоўны герой, звычайны лабух, г. зн. сярэдні музыкант, якому яшчэ зусім нядаўна не да Беларусі было і не да беларускага, прызнаецца, сам граючы, збіваючыся: «... я рэдка, амаль ніколі не задумваўся над тым, што падзеленае, пра што апошнімі днямі думаю: зямля, айчына, людзі... паўсюль жа ў свеце нейкія, падзеленыя, айчыны, землі, народы, да саміх сябе так прывязаныя, што не даюць самім сабе ўзляцець, сцягі розныя, транспаранты цягаючы, кожны сам сваё, а музыка — над усім, непадзельная і не прывязаная... і я толькі адно і паспяваў, што лавіць яе, лятучую, і яшчэ кахаць... без кахання не чуваць музыкі... але пра яго пазней, а пакуль — пра пагорак, пра неба над пагоркам, над тымі дубамі, пад якімі сядзеў я ўчора, калі праехаў сюды, каб дазнацца, ці не вярнуўся твой бацька, дык во і вярнуліся вы разам, адны з апошніх, можа быць, беларусаў — і, як баліць, чуеш?..»

А чаму баліць?..

А таму што бацьку і сына, «апошніх, можа быць, беларусаў» у гэты час, у гэтае самае імгненне хаваюць. Закопваюць. Аднаго на праваслаўных могілках, другога — на каталіцкіх.

Хіба не сімвал? Пра якую гэта эротыку?.. Чытаць трэба ўмець. Як трэба ўмець чытаць і такое (гэта ўжо з аповесці «Вяртанне Веры»), напісанае нібы ў працяг згаданай сюжэтнай лініі рамана «Лабух».

«Дзе яно ўсё падзелася? Я, Вера, народ... Было ж?.. Прайшло, як дождж, і прадчуванні так і засталіся прадчуваннямі. Паэт, які пра іх напісаў, збег за мяжу. Пабеглі іншыя... I ўсе крычалі, што, калі яны не збягуць, іх ці пасадзяць, ці заб’юць. А чаго вы хацелі? Каб улада, з якой вы змагаецеся і стамляецеся ў барацьбе, у санаторыі вас насылала?..

Пад адну музыку: дыктатура! — збягалі ўсе: палітыкі, жулікі, злодзеі, турэмшчыкі... Збягала, як малако з агню, хваляй пералівалася за мяжу моладзь.... Збег спікер парламента... I нават той, пра каго ўсе думалі, што ён у Курапатах ляжа, а кроку з крэўнай зямлі не ступіць — збег.

Непадалёк ад Усходніх могілкаў яшчэ і Курапаты — таксама могілкі. Ямы, у якія ў часы, калі Сталін баляваў, скідвалі расстраляных. Прывозілі, стралялі і скідвалі. Прывозілі, стралялі і скідвалі...

Мы пачыналі новае жыццё на касцях. Людзі кажуць: на касцях жыць нельга».

I што робіць галоўны герой аповесці? Той, які так разважае?.. Гэтак перажывае?.. Ён, беларус, уцякае ў замежжа і забівае там беларуса. Больш анічога не здолеў ён прыдумаць, здзейсніць, звяршыць.

Хіба не жахліва?

Што адбываецца?..

Даўно і не мною заўважана, што адзін (калі не галоўны) з крытэрыяў ацэнкі мастацкага твора — гэта рэакцыя герояў на тую ці іншую, як правіла, паваротную падзею, на якісь ключавы эпізод. Ну, сапраўды, не аднымі ж усклікамі павінен абмяжоўвацца, паказваючы такую рэакцыю, таленавіты аўтар:

— Ды што ты? Не можа быць!

Чытаючы Уладзіміра Някляева, часта проста падкрадваешся да такіх месцаў. «Мы за што тут змагаемся?!» — рытарычна ўсклікнуў неяк, выступаючы на менскай плошчы з індыйскай назвай (Бангалор, — А.Ф.), Хведар Міхайлавіч, і Вера крыкнула ў адказ, пакуль ён паўзу трымаў (чакаецца: «за Беларусь, за Радзіму...» — А.Ф.): «За вызваленне Індыі ад Брытанскай імперыі!»

Альбо: «За што твой муж сядзеў?» — «3 чаго ты ўзяла?» — «Ты ж сказала: з турмы прыпёрся». — «Ды ён юрыст, следчы... Асатанеў, пэўна, з турэмшчыкамі...»

«...Ён мне роўненька пасярэдзіне лобу (дарэчы, нашы слоўнікавыя грамацеі абавязкова напісалі б «ілба», — А.Ф.) над пераноссем стрэліў». I — наступны сказ, рэакцыя-рэзюме аўтара: «Во ё-маё...»

Проза — тут і паўсюль маецца на ўвазе сапраўдная, без двукоссяў, якасная і дыхтоўная проза — небяспечная тым, што яна мае ўласцівасць распранаць аўтара. У свой час яшчэ Чэхаў не стамляўся паўтараць, што схлусіць можна ў палітыцы, у медыцыне, у каханні, можна падмануць людзей і самога Госпада Бога, і такія выпадкі ў жыцці бывалі, але ў літаратуры падмануць немагчыма.

Уладзімір Някляеў і не падманвае нас у сваёй прозе. Як, зрэшты, не падманвае і ў вершах — прачытайце хоць бы паэмы «Паланэз» ці «Ложак для пчалы». Увогуле, літаратар, які на аднолькава высокім узроўні піша і прозу, і паэзію (а ў Някляева яшчэ і песні, якія сталі народнымі) — з’ява фенаменальная. Іншым разам проста немагчыма ўявіць, што і раман «Лабух», і аповесць «Прага», і паэма «Паланэз», і песня «Гуляць дык гуляць» напісаныя адным аўтарам. Але гэта факт, асэнсаванне якога ў будучыні.

Нельга напісаць сапраўдную мастацкую рэч пра, напрыклад, мільярдэра, калі ты грызеш кончык таннай асадкі і бачыў таго багатыра ў лепшым выпадку па тэлевізары; нельга стварыць праўдападобную ілюзію падарожжа ў далёкія заморскія краіны, калі ўсе твае вандроўкі — да бліжэйшага газетнага шапіка. Дык вось у гэтым плане і выйгрыш, і плюс, і элементарная павага, і давер да аўтара «Цэнтра Еўропы». Нават калі не ведаць біяграфіі Уладзіміра Някляева, яму верыш — проста верыш, што і трымаў ён у руках пісталет маркі «Н-S», і быў «на самым поўдні ціхай Швецыі», і на пароме гуляў у рулетку ў казіно, і інш., і інш.; словам, верыш кожнаму эпізоду, а гэта ці не лепшая зарука, што новая кніга, гэтым разам кніга прозы Уладзіміра Някляева — рэч даўно чаканая, неардынарная, арыгінальная і разам з тым у лепшых традыцыях класічная, кніга гэтая несумненна стане — проста павінна стаць — з’яваю.

Ёсць у кнізе «Цэнтр Еўропы» апавяданне «Чмель і вандроўнік», на якое я звярнуў увагу, калі яно друкавалася яшчэ ў «Нашай Ніве». Таксама страшнаватая рэч. Памірае стары пісьменнік, развітваецца з жыццём, з людзьмі, і начамі, поўнымі жаху і болю, нібы перадае эстафету маладзейшаму пісьменніку: жыві заместа мяне, твары замест мяне...

Ужо на маім жыцці і на маёй памяці сыйшла з гэтага свету цэлая парасля, імёны, пад шатамі якіх, у ценю якіх так добра было хадзіць у «маладых», задавацца, гультаяваць — за цябе напішуць!

I вось, нібы пад ветрам бураломным, пачалі валіцца адзін за адным Уладзімір Караткевіч, Міхась Стральцоў, Барыс Сачанка, Іван Навуменка, Іван Чыгрынаў, Вячаслаў Адамчык, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Пімен Панчанка, Іван Шамякін (падаю «абоймай» не па мастацкіх вартасцях твораў і не па часе жыцця і смерці названых творцаў, а проста па імёнах). I з тугою, сіратліваю скрухаю, са страхам пачынаеш азірацца, адчуваючы скразную адзіноту, пустку — і раптам з радасцю, з палёгкаю заўважаеш новыя ўзмужнелыя дрэвы, што падняліся на месцы старых, ураслі глыбокімі каранямі, раскінуліся густымі галінамі, і пад цяністымі шатамі іх зноў можна перавесці дых, супакоіцца і хоць крыху адпачыць пад няспешны, мудры, вечны шолах...

Андрэй Федарэнка, 2002, 2008 гг., Менск

 

ЗМЕСТ

Прага Уладзіміра Някляева

АПАВЯДАННІ

Бомба
Тэрарыст
Юзік
Цмок
За сцяной
Музей Броўкі, альбо За шчасце выпіць з Шульманам!
Залатая Арда
Фанцік
Кот Клаўдзіі Львоўны
Хайбах
Чмель і Вандроўнік
Адлюдак

АПОВЕСЦІ

Вежа
Няхай жыве 1 Мая!
Прага
Мірон ды Мірон
Вяртанне Веры

 

Уладзімір Някляеў нарадзіўся 9 ліпеня 1946 года ў горадзе Смаргоні Гродзенскай вобласці. Вучыўся ў Мінскім элетратэхнікуме сувязі (1962-1966), на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута (1971, Масква), скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1973). Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмеханікам у мінскім тэлевізійным атэлье. Заняўся журналістыкай, супрацоўнічаў у газеце "Знамя юности", рэдагаваў бюлетэнь "Тэатральны Мінск", быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, галоўным рэдактарам часопіса "Крыніца", штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва". З 1998 па 2001 - старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Выступае з вершамі ў перыядычным друку з 1970 года. У 1976 годзе выдаў першы зборнік паэзіі «Адкрыццё». Аўтар паэтычных кніг «Вынаходцы вятроў» (1979), «Знак аховы» (1983), «Местное время» (1983), «Наскрозь» (1985), «Дерево боли» (1986), «Галубіная пошта» (1987), «Веда» (1989), «Прошча» (1996), «Выбранае» (1998), «Так» (2004). Апошнім часам выступае пераважна як празаік (апавяданні «Хайбах», «Чмель і вандроўнік», «Меў Марык бомбу», аповесці «Прага», «Няхай жыве 1 Мая» і інш.). Аўтар раману «Лабух» (2003).

Па аповесці "Вежа" Аляксеем Дударавым была напісана фантасмагарычная камедыя "Вавілон", пастаўленая Мікалаем Мацкевічам.

Аўтар тэкстаў шматлікіх папулярных песень.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола (1979) за кнігу «Вынаходцы вятроў» і паэму «Дарога дарог». Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».

Інтэрв’ю з Уладзімірам Някляевым можна прачытаць тут.


Раім таксама паглядзець:
Някляеў Уладзімір. Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без
24.99 р.

Някляеў Уладзімір. Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Кніга-лаўрэат прэміі Гедройца!

Новы раман Уладзіміра Някляева, па яго ўласным прызнанні, — удзячнасць Менску і ўсім тым, хто разам з ім увайшоў у жыццё аўтара. Поруч з прыдуманымі героямі тут дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы: Кім Хадзееў, Лі Гарві Освальд, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Барыс Луцэнка, Мікіта Хрушчоў ды іншыя. Таксама адна з дзейных асобаў — сам Менск, у чыіх дэкарацыях і развіваецца напаўдэтэктыўны сюжэт.

Някляеў Уладзімір. Лісты да Волі
6.99 р.

Някляеў Уладзімір. Лісты да Волі

Творы, напісаныя падчас зняволення ў СІЗА КДБ − вершы і паэма "Турма". Кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў выдаў новую кнігу «Лісты да Волі», у якую ўвайшлі дзясяткі вершаў, напісаных ім падчас судовага працэсу па "справе 19 снежня". Кніга таксама ўтрымлівае прадмову аўтара і апошняе слова палітыка на судовым працэсе.

Някляеў Уладзімір. Паланэз
19.99 р.

Някляеў Уладзімір. Паланэз

Паэма «Паланэз» Уладзіміра Някляева — узор беларускай лірычнай паэмы XX стагоддзя. Яна сучасная і гістарычная, рэальная і чароўная, незвычайная напружаннем дзеі і энэргіяй радка.

Федарэнка Андрэй. Мяжа
4.49 р.

Федарэнка Андрэй. Мяжа

Кнігу Андрэя Федарэнкі склаў аўтабіяграфічны раман «Мяжа», а таксама выбраныя лепшыя апавяданні, якія ўпершыню выходзяць пад адной вокладкай.

Федарэнка Андрэй. Ланцуг
7.49 р.

Федарэнка Андрэй. Ланцуг

Новую кнігу прозы Андрэя Федарэнкі складаюць шэсць аповесцей, напісаных у розныя гады. Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.